Бывший военный Виктор Бондал в маленькой деревне Зановинье держит большое подсобное хозяйство

Личное подсобное хозяйство

“Гэта сапраўдны Гаспадар! І не толькі сваёй сядзібы, а ўсёй вёскі: ён нібы генерыруе жыццё ў нашым маленькім Занавінні, дзе засталося толькі чатыры жыхары. Сціплы і надзвычай дастойны чалавек, а які нястомны працаўнік – такія людзі зараз рэдкасць!” – не шкадавалі добрых слоў у адрас Віктара Іванавіча Бондала муж і жонка Казьяніны, якія прыязджаюць з горада на суседнюю сялібу.

З выгляду Віктар Іванавіч маладжавы і падцягнуты, хоць 1 студзеня адсвяткаваў 61-й дзень нараджэння: вось такі “навагодні падарунак” зрабіла калісьці сабе і мужу яго мама. Прынамсі, і насамрэч стаў ён для бацькоў падарункам: з ранняга дзяцінства ва ўсім дапамагаў па гаспадарцы, а паколькі быў адным са старэйшых сярод шасці дзяцей у сям’і, даглядаў брацікаў і сястрычак. Усяго паўтара годзіка было малодшаму з дзяцей, калі заўчасна пайшоў з жыцця бацька, і 13-гадоваму Віцю давялося ўзваліць на свае плечы многія мужчынскія абавязкі. Калі ж пасля заканчэння школы прыйшоў час ісці ў армію, хлопец вырашыў застацца на звыштэрміновую службу, бо разумеў, што далейшую вучобу сабе дазволіць не зможа. Войскі, дзе ён служыў, мелі стратэгічнае значэнне, а геаграфія гарнізонаў, дзе дыслацыравалася часць, была вельмі шырокай – ад Венгрыі да Далёкага Усходу. Мужчына не любіць ды і, напэўна, не мае права пра гэта падрабязна расказваць, адзначае толькі, што многіх з яго сяброў, якія таксама як і ён, сталі ваеннымі пенсіянерамі пасля 20 год армейскага стажу, з-за ўздзеяння радыяцыі ўжо няма ў жывых…

Да грамадзянскага жыцця Віктару Іванавічу адаптавацца было няпроста. Жонка і дзеці марылі жыць у вялікім горадзе, таму сям’я набыла кватэру ў Маскве. А вось сам гаспадар да стрэсавага рытму мегаполіса прызвычаіцца ніяк не мог – прывык да цішыні далёкіх гарнізонаў і вясковага ўкладу жыцця. Да таго ж у родным Занавінні пачала хварэць састарэлая маці. Віктар Іванавіч узяў яе пад сваю апеку: пастаянна прыязджаў, а дзесяць год таму і ўвогуле вырашыў перабрацца жыць у родную вёску, тым больш што мама, нягледзячы на знямогласць, нізавошта не жадала пазбаўляцца хатняй жывёлы, працягвала трымаць карову.

Падсобная гаспадарка ў іх заўсёды была вялікая – па-сутнасці, з яе сям’я і кармілася: усе малочныя і мясныя прадукты, агародніна былі свае. А таму Віктар Іванавіч, пасяліўшыся ў бацькоўскай хаце, не толькі захаваў усю жывёлу, але і памножыў яе колькасць. Не паспелі зайсці ў двор, як каля хаты нас сустрэла цэлая птушыная армія на чале з пеўнем. І калі для многіх цяперашніх гаспадароў утрыманне птушкі – гэта вышэйшая планка ў падсобнай гаспадарцы, Віктар Іванавіч пайшоў намнога далей. Здаецца, што догляд за кароўкай-карміцелькай больш падыходзіць жанчынам, але В.Бондал справіцца з гэтай задачай не горш за любую гаспадыню: падоіць, збярэ смятану, зробіць смачныя тварог, масла. Усе гэтыя клопаты адбіраюць нямала сіл і часу, бо трымае гаспадар адразу дзве каровы. У момант нашай размовы на твары яго была стомленасць, бо напярэдадні ноччу паспаў не болей двух-трох гадзін: раз за разам хадзіў у хлеў паглядзець сваю гатовую ацяліцца кароўку.

– Зусім не магу сядзець без справы. Яшчэ ў арміі заклалася тое, што кожная гадзіна павінна быць чымсьці занятая. Не разумею, як могуць днямі ляжаць на канапе! Складана, канечне, затое ў доме заўсёды ёсць свежыя прадукты, у аўталаўку хіба што за хлебам ды цукеркамі хадзіць трэба! Для некаторых карова ў падсобнай гаспадарцы – гэта яшчэ і дадатковы заробак, я ж малако не здаю, бо на жыццё хапае і пенсіі, а малаказборшчыкам з-за аднаго мяне нямэтазгодна прыязджаць у Занавінне. Малако любяць браць у мяне родныя і знаёмыя, а таксама дзеці, калі прыязджаюць на лета, – расказвае Віктар Іванавіч.

Яны ж дапамагаюць мужчыну і падчас сенакосу. Ну а корму нарыхтоўваць прыходзіцца нямала, бо дзве каровы – гэта далёка не ўся жыўнасць вяскоўца. У хлявах ёсць і некалькі авечак, свінні, а таксама, як вы ўжо здагадаліся, гледзячы на здымак, вось гэты прыгожы конік з не зусім падыходзячай мянушкай Малыш. “Так назваў яго папярэдні гаспадар, у якога набыў жывёлу”, – усміхаецца Віктар Іванавіч, гладзячы і частуючы хлебам статнага каня. З яго дапамогай мужчына апрацоўвае немалы прысядзібны ўчастак, адгукаецца і на просьбы аднавяскоўцаў дапамагчы. Па ўсім бачна, што з жывёлай у яго добры кантакт: побач з гаспадаром Малыш адчуваў сябе ўпэўнена, без праблем згадзіўся выйсці са сваіх апартаментаў і папазіраваць на нашу фотакамеру.

Зараз Віктар Іванавіч жыве адзін: год назад не стала маці. Але вяртацца ў горад не збіраецца, кажа, што найбольш камфортна адчувае сябе тут, у Занавінні. І хоць вялікую частку жыцця прысвяціў ваеннай службе, усё ж лічыць сябе найперш простым вясковым чалавекам, а зямля продкаў дае яму жыццёвыя сілы і стымул для працы.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *