«Беларуская лыжня-2017» в Ушачах

Cпорт

Сёлетняя зіма нарэшце дала магчымасць аматарам лыжаў не праглядваць доўгатэрміновыя прагнозы надвор’я ў чаканні снегу, а займацца любімым відам спорту рэгулярна. І хоць ападкаў ужо даволі даўно не было, снегу ў раёне вуліцы Дружбы для правядзення раённых спаборніцтваў “Беларуская лыжня-2017” хапіла з лішкам.

Прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў да вагончыка, дзе ажыццяўляўся пракат лыжаў, сталі прыбываць яшчэ за гадзіну да пачатку спаборніцтваў, бо не ўсе маюць уласны інвентар: “А раптам не хопіць?!” Трэба сказаць, што турбаваліся яны дарэмна, бо жадаючых паспрачацца за званне мацнейшых лыжнікаў сабралася не вельмі многа – 8 каманд. Затое яны былі на самой справе падрыхтаваныя, у мінулыя гады паказвалі нядрэнны вынік. Па ўмовах спаборніцтваў кожную каманду прадстаўлялі двое мужчын і дзве жанчыны. Арганізатары, фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай” і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, сёлета вырашылі не дзяліць спартсменаў на шматлікія ўзроставыя катэгорыі, таму і ў жанчын, і ў мужчын было толькі два заезды – удзельнікаў размежавалі на групы да і пасля 40 гадоў.

Самую вялікую адлегласць трэба было пераадолець мала­дзейшым мужчынам – 3 кіламетры. Гэты заезд аказаўся і самым відовішчным, дзякуючы ўдзелу ў спаборніцтвах вучняў Вялікадолецкай школы. Яны выступалі па-за камандным залікам, затое ў індывідуальным занялі ўвесь п’едэстал гонару. “Едзем, стараемся, я яны нас абганяюць, нібы стаячых!” – па-добраму зайздросцілі падрыхтоўцы выхаванцаў настаўніка фізічнай культуры Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага прадстаўнікі працоўных калектываў. Асабліва ўдалася гонка самаму юнаму ўдзельніку Мікіце Хамічонку: лёгкі хлопец выдатна ішоў каньковым ходам, у той час як больш вялікія лыжнікі правальваліся і страчвалі хуткасць. У выніку хлопчык стаў другім, апярэ­дзіўшы Максіма Смаляка і саступіўшы толькі яшчэ аднаму свайму земляку – удзельніку абласных спаборніцтваў “Абаронца Айчыны” Арцёму Полазаву.

У заездзе старэйшых прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва тройка лідараў была прадказальнай – вядомы аматар лыжаў і самы ўзроставы ўдзельнік Мікалай Фядосенка з ПМС стаў трэцім, толькі 5 секунд на двух кіламетрах саступіўшы Валерыю Гугіну з каманды Ушацкай школы. А перамогу са значным адрывам атрымаў прадстаўнік УП ЖКГ Канстанцін Красноў.

Дыстанцыі ў жанчын былі непрацяглыя, але гэта не пазбавіла ўдзельніц азарту і імкнення да перамогі. У маладых спартсменак не было роўных вучаніцы Вялікадолецкай школы Анастасіі Хадан, другой стала Эльвіра Цвірбут з каманды Ушацкай школы, трэцяй – юная вялікадальчанка Дзіяна Паршонак. У больш узроставых удзельніц лепшы вынік у Марыі Міхайлавай з Ушацкай школы, другое і трэцяе месцы адпаведна занялі Ніна Шарыпа з ПМС і Ніна Гатаўская з аб’яднанай каманды райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ТЦСАН Ушацкага раёна.

У камандным заліку ўпэўненую перамогу заваявала каманда “Белай Русі” Ушацкай школы, “срэбра” – у лыжнікаў з РАНС і ТЦСАН, трэцяй стала чацвёрка з ПМС. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *