Электронный банк данных podvignaroda.mil.ru поможет отыскать информацию о ваших родных, которые участвовали в Великой Отечественной войне

Калейдоскоп

Маладое пакаленне павінна ведаць аб тым, як нашы дзяды і прадзеды перамаглі фашызм. Гэтай тэме прысвечана мноства мастацкіх і дакументальных твораў, фільмаў. Але, безумоўна, больш яркія вобразы паўстаюць, калі справа тычыцца родных людзей. Больш даведацца пра сваіх блізкіх дапаможа электронны банк даных «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (http://podvignaroda.mil.ru).

З дапамогай гэтага інтэрнэт-рэсурсу можна паспрабаваць адшукаць узнагародныя дакументы дзядоў і прадзедаў, даведацца пра нешта новае ў іх баявым шляху, пра тое, за што яны былі ўзнагароджаны, бо многія вельмі неахвотна ўспаміналі і ўспамінаюць пра свае гераічны ўчынкі, а часта і не могуць прыгадаць, дзе і за што атрымалі ордэн або медаль.

Напрыклад, мой дзядуля, Пётр Маісеевіч Шчарбакоў, быў партызанам, а пасля вызвалення Беларусі, як і тысячы яго паплечнікаў, пайшоў на фронт, змагаўся з гітлераўцамі ва Усходняй Прусіі, Германіі. Сярод яго ўзнагарод – медаль “За баявыя заслугі”, адна з самых пачэсных у франтавікоў. З дапамогай прыгаданага сайта адшукаў і дакладную дату, месца, дзе мой продак здзейсніў учынак, ацэнены ўзнагародай – незадоўга да канца вайны, 23 красавіка 1945 года ў баі за мястэчка Тантаў, што ў зямлі Брандэнбург.

Узнагародныя дакументы на рэсурсе прыведзены ў PDF-фармаце, дзе можна прачытаць і апісанне подзвігу. Даступна гэта любому наведвальніку, а карыстацца сайтам, весці пошук узнагарод па прозвішчы чалавека проста.

Унікальны праект ставіць сваімі мэтамі ўвекавечанне памяці ўсіх герояў Перамогі, незалежна ад звання, маштабаў подзвігу і статусу ўзнагароды. Кожны салдат Вялікай Айчыннай вайны заслугоўвае добрых слоў, ушанавання. Хочацца, каб і нашы дзеці памяталі сваіх прадзедаў, якія вялікай цаной заваявалі мір на роднай зямлі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *