Некоторые неперспективные деревни Ушачского района «оживают» после продажи земельных участков с аукционов

Общество

Арганізацыя і правядзенне аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў ва ўласную маёмасць грамадзян з’яўляецца адной са стратэгічных крыніц папаўнення мясцовых бюджэтаў. Між тым, актуальнасць гэтага пытання можна прасачыць і ў іншай плоскасці. Некаторыя вёскі, такія, напрыклад, як Пад’язна, Малінаўка, Івахнава, размешчаны на адносна значнай адлегласці ад райцэнтра і да нядаўніх часоў разам з нешматлікімі карэннымі жыхарамі, можна сказаць, “дажывалі” свой век. Але зараз іх ні ў якім разе не назавеш неперспектыўнымі, бо гэтыя вёскі аблюбавалі дачнікі – некаторыя нават праводзяць у тутэйшых маляўнічых мясцінах большую частку каляндарнага года. З 2008 года на Ушаччыне такім чынам умоўна захавана некалькі невялікіх вёсак – з аўкцыёнаў рэалізавана 128 зямельных участкаў на суму амаль 190,5 тысячы рублёў.

У безумоўных лідарах сярод сельвыканкамаў – Вяркудскі і Сарочынскі, дзе прадалі адпаведна 41 і 37 участкаў на суму каля 83 і 53 тысяч рублёў, 16 участкаў рэалізаваў Вялікадолецкі, 18 – Ушацкі. Як адзначыла падчас правядзення нядаўняга прэзідыума раённага Савета дэпутатаў яго старшыня Вольга Мікалаеўна Захарэнка, па гэтым паказчыку наш раён знаходзіцца на трэцім месцы ў вобласці.

І хоць за мінулы год сума даходу за прададзеныя ўчасткі нават перавысіла запланаваную, цікавасць патэнцыяльных пакупнікоў знізілася, адбыліся толькі 5 з 8 аўкцыёнаў. Адна з прычын падзення попыту – продаж найбольш прыцягальных месцаў, дзе, як кажуць, можна вудзіць рыбу ледзь не з парога. Другой прычынай з’яўляецца значны рост кошту расходаў на фарміраванне ўчастка, якія пераможца аўкцыёну павінен вярнуць сельвыканкаму – часам гэта сума амаль раўняецца канчатковай цане самога ўчастка. Напрыклад, у Лутаве Сарочынскага сельсавета месца было прададзена за 2100 рублёў, а затраты на падрыхтоўку усіх неабходных дакументаў склалі каля 1900.

Аднак і сёння ў кожным сельсавеце ёсць нямала прыгожых месцаў з азёрамі, лясамі, пад’язнымі шляхамі і іншай інфраструктурай, дзе можна фарміраваць і прадаваць зямельныя ўчасткі. У пералік населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх участкі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў прадстаўляюцца па выніках аўкцыёнаў уваходзіць 77 вёсак раёна. Ушацкі райвыканкам накіраваў у землеўпарадкавальную службу Віцебскага аблвыканкама прапановы аб дапаўненні пераліку яшчэ 9 населенымі пунктамі: Лагі, Казімірова, Малыя Дольцы, Храмёнкі, Царкавішча, Новае Жыццё Вялікадолецкага сельсавета, Кугоні і Крывушчына Вяркудскага і аграгарадок Ільюшына Жарскага сельсавета.

Работу неабходна працягваць, актывізаваць яе на тэрыторыях Глыбачанскага, Жарскага і Кубліцкага сельсаветаў, бо сродкі ад продажу зямельных участкаў накіроўваюцца на добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў. Таму ў бягучым годзе пастаўлена амбіцыйная задача па рэалізацыі з аўкцыёнаў 20 участкаў на суму 30 тысяч рублёў, даведзены заданні ўсім сельвыканкамам.

Дапамогу ім аказвае землеўпарадкавальная служба Ушацкага райвыканкама. Праведзена абследаванне населеных пунктаў раёна, падабрана яшчэ 20 участкаў, размешчаных у патэнцыяльна прыцягальных месцах, якія ўключаны ў пералік незанятых. Інфармацыя, якая ўтрымлівае іх апісанне, наяўнасць інфраструктуры “падмацавана” фотаматэрыяламі і размешчана на афіцыйным сайце райвыканкама.

Звычайна на фарміраванне ўчастка траціцца каля 5-6 месяцаў. Задача выканкамаў – максімальна скараціць тэрміны. Можна прыцягнуць да гэтай справы цэнтр маркетынгу Віцебска. Гэта структура бярэ на сябе ўсю работу і затраты на афармленне неабходных дакументаў. Каб паказаць прыцягальнасць участка для будучага уладальніка – граматна арганізуе рэкламную кампанію: дае аб’явы аб правядзенні аўкцыёнаў у рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі, працуе з абласнымі і рэгіянальнымі выданнямі, спецыялізаванымі інтэрнэт-рэсурсамі. Як адзначалася падчас семінару, які ў Полацку для спецыялістаў зацікаўленых раённых службаў праводзіў цэнтр маркетынгу, з практыкі работы бачна, што самая эфектыўная рэклама – у сацыяльных сетках і на тэлебачанні.

Зразумела, што ў справе продажу участкаў сваю ролю адыгрывае становішча рэгіёна. Па словах начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.А.Красько, сярод мінчан ходзіць жарт, што які б ты не меў бізнес у сталіцы, паспяховым чалавекам бу­дзеш лічыцца толькі тады, калі займееш ва ўласнасць зямельны ўчастак у Лепельскім раёне. “Нам неабходна арганізаваць справу, каб так казалі і пра наш рэгіён, бо месцы ў нас не горш, а лепш – толькі не такія “раскручаныя”!” – казаў падчас пасяджэння прэзідыума Анатоль Аляксандравіч.

У цяперашні час маюцца матэрыялы для правядзення аўкцыёнаў па продажы 8 зямельных участкаў: у Гарадку (2) і Павуллі Вяркудскага, Замошшы Вялікадолецкага, Рыбаках Кубліцкага, Славенях, Белым, Івахнаве Сарочынскага сельсаветаў. У двух апошніх населеных пунктах правядзенне аўкцыёнаў запланавана на 17 красавіка. Таксама Сарочынскі, Жарскі і Вялікадолецкі сельвыканкамы падалі заявы ў праектнае бюро на афармленне градабудаўнічых пашпартоў на ўчасткі ў Белым, Звоні і Мірным. Акрамя таго Сарочынскім сельвыканкамам ужо падрыхтаваны пашпарты і накіраваны даручэнні ў праектны інстытут на фарміраванне двух участкаў у Ляснеўшчыне. Хочацца спадзявацца, што яны “пойдуць з малатка”. Вядомы выпадкі, калі ў вёсцы абзаводзяцца дачай сур’ёзныя людзі, якія самі пачынаюць рабіць рэкламу населенаму пункту і ў хуткім часе суседнія ўчасткі таксама знаходзяць гаспадароў – такім чынам практычна занава адбудоўваецца Малінаўка. Спадзяёмся, што яе “галасок” будзе пачуты і ў іншых населеных пунктах.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *