Вечеринка в стиле ретро прошла в отделении дневного пребывания для пожилых граждан ТЦСОН Ушачского района

Общество

Канец сакавіка наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Ушацкага раёна запомняць, бясспрэчна, надоўга. На яркі, у пэўным сэнсе знакавы вечар успамінаў, які праходзіў у стылі рэтра, сабралася нямала тых, хто не лічыць свае гады, захоўвае аптымізм, бадзёрасць і пачуццё гумару.

Адразу на ўваходзе ў залу, дзе праходзіла мерапрыемства, госці акунуліся ва ўтульную і ў той жа час зачаравальную атмасферу мінулага стагоддзя. Ну а каб “пагружэнне” ў гэтую эпоху было максімальна поўным, работнікі аддзялення і яго наведвальнікі загадзя аформілі тэматычныя выставы рэтра-рэчаў. Былі тут і старыя кнігі, плакаты, і разнастайная аўдыётэхніка, цэлая калекцыя паштовак, старэйшая з якіх датуецца 70-м годам мінулага стагоддзя, і нават спраўны патэфон з пласцінкамі. Шмат цікавых фотапрылад прадставіў на суд гледачоў заўзяты аматар фатаграфіі Васіль Антонавіч Стрыжонак. А гадзіннік з зязюляй, які прынеслі Уладзімір Мікалаевіч і Лідзія Міхайлаўна Малаткаўцы, не толькі нагадаў прысутным аб шчаслівых днях іх маладосці, але і папоўніў атрыбутыку пастаяннага стылізаванага рэтра-кутка, створанага ва ўстанове.

Ушачане ва ўзросце сабраліся за кубачкам гарбаты, каб забыцца пра ўсе бытавыя клопаты, разгладзіць маршчынкі, прыгадваючы сваю маладосць. У зале гучалі знаёмыя і даўно любімыя ўсімі песні: “Ландышы” (менавіта гэтыя кветкі сталі сімвалам сустрэчы, бутаньеркі з іх выявай атрымалі ўдзельнікі мерапрыемства), “Чорны кот”, “А ў нас у двары” і іншыя. З па-сапраўднаму маладым задорам танцавалі прысутныя знакамітую некалі Летку-енку. Не забыліся і пра старое кіно, пра добрыя, наіўныя і высакародныя фільмы. Не было камп’ютарнай графікі і спецэфектаў, але гэта не перашкаджала ствараць шэдэўры – такія як “Брыльянтавая рука”, “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “Масква слязам не верыць”.

На рэтра-вечары было святочна і ажыўлена. Удзельнікі дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі, дэманстравалі ўжо пацёртыя ад часу, але знакавыя для іх фотаздымкі з сямейных фотаархіваў. А ўшачанка Святлана Альфрэдаўна Чанцова, якая пачынала працоўную дзейнасць у якасці піянерважатай, падзадорвала ўсіх гукамі “да болю” знаёмага ёй музычнага інструмента – горна.

Госці разыходзіліся па дамах з пачуццём настальгіі і вялікай удзячнасці: “гаспадыні” аддзялення Таццяне Анатольеўне Шышко – за арганізацыю яркай і эмацыянальнай сустрэчы, а псіхолагу аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Алесі Сяргееўне Дукмасавай – за, здавалася б, нябачную, але высокапрафесійную работу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *