Для Дмитрия Маркевича подсобное хозяйство — это целый мир и часть жизни

Личное подсобное хозяйство

У аўталаўцы Дзмітрый Герасімавіч Маркевіч купіў… свежыя агуркі. Ранняй вясной ды па такім “навагоднім” кошце дазваляюць іх сабе хіба што па святах ды і то пераважна гараджане, што не маюць агародаў. Ён жа жыве ў малюсенькай вёсачцы, і на двары ў Гамылёве не чакаў мужчыну ніхто, акрамя вялікага вывадку гусей і курэй, якія гучна віталі гаспадара. І хоць гасцінец прызначаўся, канечне ж, не ім, дачыненне пярнатыя да агурочкаў маюць самае непасрэднае. Менавіта дзякуючы ім і можа сабе дазволіць вясковец паласавацца ўсім, чым захоча.

– Мяса я не купляю наогул. А так усё, за што вока зачэпіцца. Вось кваску захацелася. Ды і беленькай да Вялікадня прыхапіў. Адзін ніколі не п’ю, а калі госці завітаюць, каб было.

Для родных, што раз’ехаліся з гэтай некалі мнагалюднай хаты па свеце, ён абавязкова робіць святочную вячэру з бараніны ці гуся. Тушонак не закатвае, яго “халадзільнік” – у хляўках. Калі патрэбна – рэжа аднаго гадаванца і сваё экалагічна чыстае мяса на стале. Купляе толькі зерне. Дачнікі, якія бяруць у яго малако, аддаюць дробную паранку.

У Гамылёве засталося ўсяго дзве хаты і два чалавекі, а агародаў, што ператварыліся ў пашы і лугі – колькі захочаш. Тут не трэба думаць, куды навязаць авечку ці карову, клопат іншы – каб далёка не сышлі аматары падарожжаў гусі. Таму і любіць Дзмітрый Герасімавіч гусіныя яйкі падкладваць пад курэй. Кажа, маці яны лепшыя, далёка малых не зводзяць, як гусыні.

З-за жывёлы не садзіць гаспадар і агародніну. “Ну ці ж дадуць ёй вырасці мае гусі і авечкі, якія любяць паспытаць літаральна ўсё. Ніякіх агароджаў не хопіць”, – смяецца Дзмітрый Герасімавіч, які ніколькі не сумуе, што звёў бацькоўскі агарод. А вось гаспадарку трымае практычна ўсю тую ж, што і вялікая сям’я бацькоў Маркевічаў, якая вырасціла васьмярых дзяцей. Хіба што парсюкоў няма. Ды і нікуды не выкарыстоўвае воўну, дзякуючы якой, а таксама майстру Марку з суседняй Лажаншчыны, усе былі абуты ў валёнкі з уласнай воўны. Нават кароўка засталася сваёй пароды – унучка той, што трымалі бацькі. Не рэкардсменка: літраў васемнаццаць улетку дае, але гаспадар кажа, што яму больш і не трэба. Сам літры тры лёгка вып’е – з дзяцінства прывык да сырадою. Невыпадкова нашы продкі казалі – “паесці” малака, а не папіць – сытнае яно і карыснае. Астатняе на тварог і продаж дачнікам і жыхарам суседніх вёсак. Для іх Дзмітрый Герасімавіч з’яўляецца і асноўным пастаўшчыком яек для разводу гусей.

– Мае гусі палявыя: аднясуцца вясной, каб выседзець патомства і больш яек не даюць. Хатнія, што былі ў маці, несліся цэлы год. Аднак прывык да іх і мяняць не буду, яек жа дастаткова ад трыццаці курэй.

Каб сабраць увесь гэты статак у аб’ектыў, давялося ўстроіць птушцы пазачарговы абед. Дзмітрыю Герасімавічу дастаткова было ўзяць бітончык, крыху паклікаць, і пярнатыя, што ўжо збіраліся пакінуць двор, рэзка памянялі напрамак. І толькі адзін гусак не стаў збіраць зерне, а завярнуў да хлявоў. “Пайшоў клікаць сваю каханую, – патлумачыў гаспадар, – яны ў мяне як лебедзі, ходзяць заўсёды парай, ён клапоціцца пра гусыню і нікога да яе не дапускае.

Гамылёўскі “фермер” можа расказваць цікавую гісторыю пра кожнага са свайго “шматнацыянальнага двара”. Ён добра ведае павадкі пітомцаў, бо гэта не проста асабістая падсобная гаспадарка, але і частка яго жыцця, яго свет.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Для Дмитрия Маркевича подсобное хозяйство — это целый мир и часть жизни

  1. Добрый день!!!! Огромное спасибо за статью редактору!!!! Это мой дядя родной. Живу в Москве, зашла случайно и несказанно рада, что прочла про него!!!! Нет слов!!!! Это
    здорово!!!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *