На региональный конкурс «Школьный марафон» в Ушачи приехали представители нескольких районов области

Наши дети Образование и молодежь

Маладыя, актыўныя, крэатыўныя – гэта ўсё пра іх, юнакоў і дзяўчат, якія на бягучым тыдні ўдзельнічалі ў рэгіянальным конкурсе “Школьны марафон”, прымеркаваным да Года навукі, і змагаліся за званне лепшай пярвічнай арганізацыі вучнёўскай моладзі грамадскага аб’яднання БРСМ.

Свае гасцінныя дзверы для ўдзельнікаў і гледачоў адкрыў Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. На сцэну вышлі вучні 8-11 класаў Ушацкай, Бягомльскай школ, гімназіі імя І.Ерашова г.Лепеля, а таксама сярэдніх школ №1 гэтага ж горада і №2 Докшыц. Мэтай жа конкурсу, па словах старшыні журы – галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяны Мікалаеўны Клімашэўскай, стала выяўленне ініцыятыўнай, творчай моладзі, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі і прапаганда перадавога вопыту дзейнасці пярвічак БРСМ.

Пачалося спаборніцтва з конкурсу-прывітання “Знаёмцеся – гэта мы!”. Маладыя людзі прадставілі творчыя выступленні ў розных сцэнічных формах, якія адлюстроўвалі дзейнасць пярвічных арганізацый, іх гісторыю і традыцыі. У зале панаваў дух саперніцтва, кожная каманда імкнулася выкласціся па максімуме, раскрыць усе свае таленты, прадэманстраваць пачуццё гумару. І тут лідарства адразу захапілі прадстаўнікі лепельскай гімназіі.

Наступным этапам мерапрыемства стаў конкурс “Лідар-сюрпрыз”. Перад глядацкай залай выступаў дуэт, у склад якога ўваходзіў лідар-навучэнец (капітан каманды) і лідар-дарослы. Падчас гэтага этапу звярталася ўвага на ўзаема­дзеянне і ўзаемасувязь у сістэме “педагог-школьнік”. Зрэшты, з гэтай задачай прадстаўнікі Ушач – Анастасія Станько і Арцём Бірукоў – справіліся на выдатна, атрымаўшы ад членаў журы максімальную колькасць балаў. Яно і не дзіўна: кожны з іх не раз выходзіў на вялікую сцэну з вакальнымі нумарамі і даўно адчувае сябе тут як рыба ў вадзе.

Заключным і, напэўна, самым складаным для ўдзельнікаў стаў конкурс прэзентацый кніг “Крыніцы мудрасці”. Свайго роду рэкламныя кампаніі змаглі здзівіць і прыцягнуць увагу аўдыторыі да фактаў, сюжэтных ліній, персанажаў такіх твораў, як “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Ладдзя роспачы” Уладзіміра Караткевіча, “Шчарбаты талер” Андрэя Федарэнкі, “Голас сэрца” Петруся Броўкі, а таксама “Не пакідай мяне” Аляксея Дударава ў выкананні ўшачан.

Па выніках усіх этапаў конкурсу на першае месца выйшла каманда лепельскай гімназіі, другое – у СШ №2 г.Докшыцы, трэцяе – ва Ушацкай школы. Не засталіся без узнагарод, падарункаў і іншыя каманды-ўдзельніцы. Ну а пераможцы атрымалі права абараняць гонар рэгіёна на абласным этапе “Школьнага марафону” ў Віцебску.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *