Тяжёлый «Рубин», да лёгкая мелодия. Со своими обязанностями на первом рабочем месте успешно справляется Екатерина Зеленик

Образование и молодежь

“Як добра дзяўчына іграе! Так лёгка ліецца мелодыя – здаецца б слухаў і слухаў”. Ужо не раз даводзілася чуць такія водгукі пра Кацярыну Зелянік. Мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, апошнім часам не праходзяць без канцэртных нумароў з яе ўдзелам, многім ушачанам даспадобы яе ігра на баяне. Таму варта пазнаёміць нашых чытачоў бліжэй з маладым спецыялістам.

Гэты інструмент прыцягваў Кацярыну з дзяцінства. У музычнай школе па класе баяна вучылася яе старэйшая сястра Крысціна і дзяўчынцы вельмі падабалася як яна іграе, прасіла нават бацькоў купіць маленькі гармонік, каб быць падобнай на сястру. А калі падрасла, цвёрда вырашыла таксама ісці вучыцца іграць на баяне. Трэба сказаць, у абраным шляху не расчаравалася і нават настойліва прымушала “пасябра­ваць” з баянам і малодшую сястру Таццяну.

Пасля заканчэння школы Каця паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. На ўступных іспытах увайшла ў тройку лепшых і шэфства над ёй узяў адзін з самых вопытных выкладчыкаў установы – Міхаіл Івашкін. Дарэчы, менавіта ён быў настаўнікам і нашых ушацкіх зорак Наталлі Шах і Людмілы Дабравольскай.

Паколькі вучылася Кацярына па мэтавым накіраванні, то на першае працоўнае месца прыбыла на родную Ушаччыну, дзе ў жніўні мінулага года маладога метадыста цёпла сустрэў калектыў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – тут якраз не хапала спецыяліста.

– Памятаю свой першы выхад на сцэну РДК – гэта быў канцэрт да Дня будаўнікоў. Я так хвалявалася, ад страху не магла глядзець на залу, а літаральна праз дзень давялося не толькі іграць, а і быць вядучай яшчэ на адным мерапрыемстве. Падчас вучобы выступаць перад вялікай колькасцю людзей неяк не даводзілася, калі і былі канцэрты, то сярод сваіх. І я заўсёды ўяўляла сябе больш у ролі выкладчыка па класе баяна. Але зараз ужо прывыкла да сваёй справы, да таго, што спецыфіка культработніка – працаваць, калі людзі адпачываюць. Зусім і не страшна ўжо выходзіць на сцэну,  – дзеліцца ўражаннямі малады спецыяліст.

Таксама Кацярына з’яўляецца і хормайстрам народнага клуба “Ветэран”, займаецца з удзель­нікамі хору два разы на тыдзень. Дзяўчына не проста іграе на баяне адны і тыя ж мелодыі, а знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй. Так, напрыклад, вырашыла, што адзін баян – гэта крыху сумнавата, а ігра пад музыку – ужо зусім іншае. Падабрала некалькі “мінусовак” і хоць было і складана, аднак навучылася. Як вынік – добрыя водгукі і цёплыя апладысменты гледачоў.

Яшчэ адзін крок маладога спецыяліста – арганізаваны калектыў пад назвай “Мікс”, у якім на розных інструментах іграюць удзельнікі гуртка, які вядзе К.Зелянік.  Рыхтуе Кацярына зараз і сумеснае выступленне з сястрой Таццянай. Як дзяўчатам удасца спалучыць ігру на двух баянах у хуткім часе пабачым на адным з мерапрыемстваў.

Бярэ інструмент у рукі і дома: “Суседзі не скардзяцца, напэўна, прывыклі, дык можна іграць!” – жартуе Каця.

Акрамя баяна асвоіла і ігру на фартэпіяна, на працягу года ў каледжы вывучала цымбалы, захацела і самастойна навучыцца іграць на гітары. Але вывучыўшы некалькі акордаў, зразумела – не маё, душа ляжыць менавіта да баяна. А таму дзяўчына практычна не развітваецца з цяжкім “Рубінам”, адточвае майстэрства, каб узняць настрой і здзівіць свайго гледача.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *