Моцная сям’я – гэта наш тыл, надзейная прыстань. Як добра ведаць, што цябе чакаюць дома, бачыць усмешку дзяцей. З гэтым поўнасцю згодны і ўдзельнікі раённага конкурсу мнагадзетных сямей “Формула шчасця”, які на гэтым тыдні прайшоў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. За перамогу ў ім спрачаліся дзве ўшацкія сям’і – Літвін і Заруба.
Галава сямейства Уладзімір Літвін – працуе вадзіцелем, а мама Валянціна – у сферы культуры, з’яўляецца пастаяннай удзельніцай усіх мерапрыемстваў, якія праводзіць раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, спявае, танцуе, піша вершы. Актыўнасці не займаць і сынам: пяцікласніку Раману і другакласніку Ягору, у якіх ужо быў вопыт выхаду на сцэну. Да таго ж хлопчыкі праяўляюць сябе ў музыцы, мастацкай дзейнасці. А вось малодшаму Яфіму выступаць на мерапрыемстве раённага ўзроўню давялося ўпершыню.
Крыху хваляваліся падчас выступлення і прадстаўнікі сям’і Заруба – тата Максім працуе ў раёне электрычных сетак, а мама Таццяна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. У сям’і выхоўваецца чацвёра дзетак – шасцікласнік Мацвей, другакласнік Ягор, шасцігадовая Мар’яна і маленькі Клім, якому яшчэ няма і годзіка і падчас “візітоўкі” ён салодка спаў на руках у таты. Падчас творчага конкурсу ўсе прысутныя зразумелі, якая гэта дружная сям’я – на сцэне яны пабудавалі імправізаваны дом, а на мультымедыйнай прэзентацыі паказалі, як будуецца сапраўдны і шчыра запрашалі на хуткае наваселле.
Кранальным было выступленне сям’і Літвін – мама і сыночкі разам праспявалі шчымлівую песню, а пасля ўласнага верша Валянціны пра дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, проста наварочваліся слёзы. Клапатлівая матуля заклікала ўсіх берагчы свае сем’і і цаніць родных.
Творчыя здольнасці канкурсантаў можна было ацаніць яшчэ перад пачаткам мерапрыемства, пазнаёміўшыся са спецыяльна падрыхтаванымі выставамі. На “пляцоўцы” Зарубаў – зробленыя ўласнымі рукамі вырабы з дрэва, прыгожыя вязаныя рэчы, заколкі. На стэндзе сям’і Літвін адразу прыцягвалі ўвагу вышытыя карціны. У адных і другіх было тое, што беражліва захоўваецца, пэўна, у кожнай сям’і – малюнкі дзяцей, граматы за іх удзел у спартыўных і творчых спаборніцтвах.
Падтрымаць удзельнікаў прыйшлі родныя і знаёмыя, калегі па рабоце, за іх “хварэлі” прадстаўнікі ясляў-сада №1 г.п.Ушачы – гэтую ўстанову наведваюць малодшыя дзеці абедзвюх сямей.
Падводзячы ж вынікі конкурсу начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская адзначыла, што сям’я – гэта падмурак грамадства, аснова яго стабільнасці і росквіту. Сёння дзяржаўная палітыка накіравана на падтрымку і ахову мацярынства і дзяцінства, фарміраванне прэстыжу паўнацэннай – шматдзетнай сям’і. Святлана Пятроўна (дарэчы, сама мнагадзетная маці) выказала ўдзячнасць сем’ям за тое, што нягледзячы на занятасць яны знайшлі час падрыхтавацца і прыняць удзел у конкурсе. Ну а пераможцам з мінімальным адрывам стала сям’я Літвін. І які б не вынесла вердыкт журы, усе дзяўчынкі і хлопчыкі, а таксама іх бацькі атрымалі мора пазітыву і масу эмоцый, якія запомняцца на ўсё жыццё. Аб удзеле ў конкурсе ім будуць нагадваць і каштоўныя падарункі.
Вольга КАМАРКОВА.