Празднование Дня Победы в Ушачах

Общество

Гэта дата ў нашым гарпасёлку нязменна адзначаецца масава і шчымліва. І хоць падводзіць здароўе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх у раёне засталося ўсяго 27 чалавек, не многія ужо могуць прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных іх галоўнаму святу, але як і па ўсёй краіне, 9 Мая сотні іх нашчадкаў незважаючы на зусім не майскае надвор’е, выйшлі на цэнтральную плошчу на мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.

“Чым жа сёлета здзівяць арганізатары?” – чулася задоўга да таго, як добра вядомыя ўсім мелодыі ваенных часоў на цэнтральнай плошчы абвясцілі аб пачатку свята, а ветэраны занялі пачэснае месца ў прэзідыуме побач з кіраўніцтвам раёна, членамі выканаўчага камітэта, кіраўнікамі раённых структур сілавых ведамстваў. Атмасферу ўрачыстасці традыцыйна перадавалі ўпрыгожаныя калоны школьнікаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і “Белая Русь”. Але трэба сказаць, што новыя элементы, каб зрабіць свята адметным і запамінальным, у арганізатараў знайшліся.

Урачыстае шэсце пачалося з вынасу на плошчу вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. А потым прысутным нагадалі аб падзеях ваеннага ліхалецця на тэрыторыі нашага раёна, прычым аповед вядучых суправаджаўся выездам на плошчу аўтамабіля з макетам скульптуры партызана з візітнай карткі нашага раёна – мемарыяльнага комплексу “Прарыў” і інсцэніроўкай партызанскага прывалу.

“Дзякуй за мірнае неба” – вялікая расцяжка з такімі словамі выдзялялася на фоне калоны з выявамі вызваліцеляў, продкаў сучасных пакаленняў ушачан.

Шэсці з партрэтамі ваяваўшых дзядоў і прадзедаў падчас святкавання Дня Перамогі былі на Ушаччыне і раней. Але сёлета на плошчу гарпасёлка выйшла тры ўзводы вучняў Ушацкай школы з партрэтамі ветэранаў. А дакладней – чатыры, паколькі спачатку страявым “прайшлі” камісары ўсіх 16 брыгад. “У аснову акцыі “Ніхто не забыты і нішто не забыта” лягла ўнікальная база даных, якая захоўваецца ва Ушацкай школе, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Дзмітрыеўна Галай. – Гэта фотаздымкі, звесткі аб узнагародах, подзвігі, а таксама непасрэдна ўспаміны ветэранаў. Паралельна аб акцыі было аб’яўлена па класах і дзеці пачалі прыносіць выразкі з газет пра сваіх ваяваўшых родных, маленькія чорна-белыя фотаздымкі, над якімі потым працавалі, каб зрабіць годны павялічаны партрэт. Перадалі фота франтавікоў калегі з Вяркудскай і Вялікадолецкай школ, прынеслі партрэты сваіх бацькоў і сваякоў настаўнікі Наталля Мікалаеўна Герцык, Людміла Аляксандраўна Худалеева, Клаўдзія Іванаўна Шарыпа, а Людміла Аляксандраўна Бабаедава ажно сем – і літаральна ўсе – родных для яе людзей, сярод якіх чатыры – загінуўшыя браты Ціханенкі з вёскі Замошша І Ушацкага сельсавета”.

Сам выклікаўся стаць удзельнікам акцыі Ілья Лідзінскі. “Мяне назвалі ў гонар прадзеда. Ён быў мінамётчыкам. Вызваляў Прагу, дайшоў да Берліна, – з гонарам расказваў юнак з Арэхаўна і было бачна, што звесткі пра роднага яму чалавека вывучыў не напярэдадні свята.

Самым юным удзельнікам шэсця быў Вадзік Кухта. Другакласнік трымаў партрэт прадзеда Альфрэда Казіміравіча Спірыдовіча, былога партызана брыгады імя Дубава, які пасля прарыву блакады трапіў у склад І Прыбалтыйскага фронту, у самым канцы вайны атрымаў цяжкое раненне, па снежань 1945 лячыўся ў Новасібірску ў шпіталі, дзе і сустрэў сваё каханне.

А вось Галіне Дольнікавай не было патрэбы рыхтавацца да шэсця. Партрэт маці, а дакладней калаж яна зрабіла даўно. Тут і фота медсястры Ганны Дольнікавай, сустрэўшай вайну на дзяжурстве ў Гродзенскім шпіталі 22 чэрвеня. І ордэнская кніжка, і медаль “За адвагу”, а таксама віншавальная паштоўка ад Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі, атрыманая на 65-годдзе вызвалення Беларусі. Яе апошняя. Сем год, як не сустракае яна сваё самае любімае свята, стаўшае такім і для дачкі. Шчымлівае, балючае, са слязьмі на вачах, але такое дарагое.

Такім чынам з пакаленнем маладых ушачан у страі былі настаўнікі-франтавікі Ушацкай школы Яўген Пятровіч Васілеўскі і Андрэй Маісеевіч Спірыдзёнак, дырэктары Іван Кірылавіч Падворны і Пётр Міхайлавіч Усцінаў, які ўзначальваў ушацкае падполле, закатаваная карнікамі піянерважатая Валянціна Валяўка і даваенны выпускнік – лётчык Аляксандр Сямёнаў, што загінуў на Курскай дузе, не дажыўшы да Перамогі шаснаццацігадовы партызан Мікалай Шчэрбік і поўны кавалер ордэна Славы Аніс Андрэевіч Клопаў… Дзевяноста ажыўшых лёсаў… Не, намнога больш, паколькі літаральна кожны ўшачанін можа прынесці фота­здымак свайго ваяваўшага продка.

Аб бязмежнай удзячнасці тым, хто прынёс мір на нашу зямлю, казала падчас выступлення старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Мы не павінны забываць жахі вайны: помніць аб ёй, аб гераізме і мужнасці землякоў, змагацца за мір – абавязак усіх, хто жыве зараз. Ад імя раённай улады Вольга Мікалаеўна павіншавала са святам ветэранаў, ушачан і гасцей раёна. Яна зазначыла, што мы будзем дастойныя пакаленняў пераможцаў, як і яны будзем клапатліва даглядаць нашу Ушаччыну, зберагаць і памнажаць яе багацці, уносячы такім чынам свой уклад у мацаванне ўсёй нашай краіны – у імя яе ішлі ў бой салдаты Вялікай Айчыннай, аднаўлялі разбураную гаспадарку. Словы ўдзячнасці за Перамогу выказаў яе салдатам і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Уладзіміравіч Шкіндзер.

Гледачоў свята парадавалі танцавальнымі нумарамі як школьнікі, так і дарослыя. Сюрпрызам стала з’яўленне на плошчы ў гімнасцёрках работнікаў газавай службы. Аказваецца, газавікі не толькі спяваюць, але і маюць зусім неблагія харэаграфічныя навыкі – работнікі арганізацыі разам з дзяўчатамі з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва танцавалі пад папуры на тэму ваенных песень. Таксама прадэманстравалі сваё майстэрства музыканты аркестра з ваеннай часці з Заслонава, прыгожыя юныя барабаншчыцы з дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А героем аднаго з нумароў быў вялізны ручнік, нібы сімвал мірнага жыцця і стваральнай працы, падораных нам Вялікай Перамогай. Галоўным жа атрыбутам харэаграфічнай кампазіцыі ў выкананні навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў і яе выкладчыка Алега Барысавіча Іванова, ды і мабыць усёй урачыстасці на цэнтральнай плошчы стаў Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь.

Пад ім, а таксама сцягамі Віцебскай вобласці і Ушацкага раёна, калона накіравалася да помніка на брацкай магіле воінаў і партызан, дзе памяць загінуўшых змагароў ушанавалі хвілінай маўчання. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і Вольга Мікалаеўна Захарэнка ўсклалі да падножжа  скульптуры салдата вянок, потым чорны граніт з імёнамі вызваліцеляў расквецілі чырвоныя гваздзікі ад прадстаўнікоў працоўных калектываў і іншых ушачан, а эпіцэнтр урачыстых мерапрыемстваў перамясціўся на мемарыяльны комплекс “Прарыў”.

На ім таксама было мнагалюдна. У апошнія два гады, дзякуючы маштабнай рэканструкцыі і правядзенню тут мерапрыемстваў самага высокага ўзроўню назва нашага мемарыяла загучала з новай сілай. Пасля ўрачыстага мітынгу, выступленняў В.В.Родзіча, выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыты Півульскай і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Сцяпанавіча Іванова, цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў многія не спяшаліся ў райцэнтр і з задавальненнем гулялі па тэрыторыі абноўленага мемарыяла, затрымліваліся ля пліт. Нетаропка, углядаючыся ў прозвішчы на іх, крочыў і пажылы чалавек. “Дзядуля, а можа тут!” – бегла спераду, раз-пораз хапаючы яго за руку, маленькая дзяўчынка. Віцяблянка Аліса аказалася праўнучкай Пятра Емельянавіча Баркоўца, ураджэнца Сенненшчыны і ўдзельніка нашага прарыву ў складзе брыгады імя Данукалава. Праз многа гадоў унук прывёз партызана на месца, дзе ён атрымаў кантузію, але выжыў, у адрозненні ад сваіх баявых таварышаў, чые прозвішчы ён і шукаў на плітах мемарыяла…

Знайшоў час наведацца на “Прарыў” і У.Я.Высоцкі. Наш раён для Уладзіслава Яўгенавіча не чужы – тут ён адпрацаваў значны час першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча. Зараз узначальвае Вароніцкі сельвыканкам Полацкага раёна і з раніцы правёўшы мітынг у сябе, накіраваўся да нас “паказаць сябру адноўлены мемарыял”.

Напярэдадні 9 Мая праходзілі ўрачыстасці і на тэрыторыях нашых сельсаветаў – непасрэдна ў Свята Перамогі іх старшыні былі задзейнічаны на мерапрыемствах у гарпасёлку, ладзілі падворкі, якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю. Увечары ўшачан чакаў шырокі выбар культурнай праграмы, шматлікія канцэрты. Нягледзячы на халаднаватае надвор’е на тэматычных пляцоўках чыталі ваенныя вершы, гулялі ў шахматы і шашкі, спрабавалі спрыт у дыгатлоне і малявалі. Арсен Казьянін сядзеў за мальбертамі, макаў пэндзаль у фарбы і не звяртаючы ўвагі на прысутных, выводзіў над танкам чырвоную зорку. Не надта роўнымі атрымліваліся яе промні, на што юны мастак тлумачыў: “На робатаў у мяне звычайна большае натхненне, з вайной складаней…”

Нават не ўяўляў гэты першакласнік, наколькі праўдзівыя яго словы. І добра, каб ва ўсіх хлапчукоў наступных пакаленняў лепш атрымліваліся добра вядомыя для іх мірныя героі, а не танкі, аўтаматы, у якія гуляла ўсё пасляваеннае пакаленне.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ, Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *