В личном подсобном хозяйстве семьи Любельских не хватает только павлинов

Личное подсобное хозяйство

На шкляным, сучасным стале, стаяў вялізны свежы букет касачоў. Васіль Любельскі зрэзаў усе пярэстыя кветкі, што распусціліся. Яго жонка, каталічка Аксана, радавалася не толькі праваслаўнай Тройцы, бо ў сям’і паважаюць рэлігійныя святы двух канфесій, а самой магчымасці мець на стале букет.

– Падарунак ад мужа. Ён ведае, як я люблю кветкі, прычым не толькі ў палісадніку, а і каб букет стаяў на стале, аднак вясной вельмі рэдка дарыў.

“Сквапны” муж, між тым, на рэпліку ў свой адрас адрэагаваў з усмешкай. “Пакуль выводзяцца кураняты – кветак на стале не павінна быць. Так маці казала”.

Такім чынам я даведалася, што ў Любельскіх прыбавілася клопату. Ну а пра тое, што любы гаспадар, каб не сурочыць скаціну ці пасевы, імкнецца прытрымлівацца прыкмет і забабонаў, ведала і раней. Як і адказ гаспадыні на адносіны да гаспадаркі.

Чамусьці лічыла, што трымаць вялікую падсобную захацела менавіта яна. Так думала, гледзячы, як шпарка доіць карову, правярае труснасць, разроблівае пеўняў або робіць укол кату ці сабаку. Так-так, у многім гэтае ўяўленне справакавала менавіта прафесія Аксаны. Яна ветэрынарны ўрач і таму, як гаворыцца – сам Бог наказваў. Аднак на маё: “Падсобная гаспадарка гэта добра: усё сваё, экалагічна чыстае”, яна кожны раз дабаўляе: “Гэта хранічнае недасыпанне, адсутнасць адпачынку і наогул планаў. Сёння, у нядзелю, напрыклад, меркавала справіцца і зноў легчы спаць, Васіль збіраўся да маці ў Мосар. У выніку мы апынуліся ў “Дземенцы”. Пехатой туды і назад – карову да быка вадзілі”.

І хоць з дзяцінства прывучана да любой работы па доме, тым не менш пастаянна “ваюе” з мужам, абмяжоўваючы колькасць пагалоўя.

Куры, качкі, кураняты, парсюкі і свінаматка. Дзве каровы, нядаўна з’явілася цялушка… Пералічаючы гаспадарку Аксана кінула позірк на Васіля і дадала: “І не думай”. І тлумачыць: яго калі не спыніць, тут і страусы б ужо бегалі, і яшчэ якая экзотыка. А ён сапраўды падумвае выгадаваць і трэцюю сваю кароўку, як гады тры таму ўпершыню набылі пародзістую джэйсерскую цялушку. Жывёла такой пароды з тлустасцю малака 7 супраць звычайных 3,6 вельмі дарагая, вось і куплялі цяля. Лялька аднак не праявіла на поўны моц сваіх генетычных уласцівасцяў, да таго ж і не пакрылася. Меркавалі нават збываць, ды прывязаліся, шкада, і сена накошана. І прынялі нечаканае нават для сябе рашэнне – набылі другую карову. Калі прыехалі за ёй у Садкі на легкавушцы з прычэпам, жанчына доўга не магла паверыць, што ў маладых людзей нешта атрымаецца.

Аднак перавезлі без прыгод і сёння ў іх падвоеная порцыя малака. У кароўцы не расчараваліся. Ды такога проста не магло быць, бо да Аксаны з усяго раёна звяртаюцца з пытаннем, дзе набыць добрую карову, паколькі яна робіць абследаванні статкаў прыватнікаў і ведае кожную “у твар”. Вось толькі пытанні такія паступаюць рэдка. Мала паслядоўнікаў у Любельскіх, ва Ушачы на “зарэччы” засталося толькі тры падворкі з каровамі. Аднак што характэрна – не ў пажылых, а выключна ў гаспадароў працаздольнага ўзросту, а Любельскім толькі каля сарака.

“Вось да 50 патрымаем, а потым адпачываць будзем…” Муж і жонка зноў паглядаюць адзін на аднаго і ўсміхаюцца. Разумеюць з паўпозірка і прыгадваюць сямейную размову. Канечне ж, усе рашэнні прымаюць сумесна, як і працуюць. “Васіль усё падлічыў. Калі нам будзе 50 наш Колька школу скончыць, вучыць трэба будзе, а потым і ўнукаў гадаваць… Так што хранічнае недасыпанне – гэта надоўга. А сынок ужо пакрыху дапамагае, у яго абавязкі ўвайшла падкормка батонам лебедзя, які кожны вечар гуляе па ўчастку.

Свой куплены дом яны пачалі ўладкоўваць у 2006-м – на другі год пасля вяселля. А ў 2007 “з чыстым сумленнем” набылі камп’ютар за тысячу долараў, прадаўшы першага выгадаванага быка. Потым была душавая кабіна, пральная машына, кухня, халадзільная камера, яшчэ адна, агароджа з жалезабетону, дах з гібкай чарапіцы, хлеў, аўтамабіль без продажу былога…

Акрамя гэтага ўцяплілі і пераабсталявалі на свой густ куплены дом і лазню, падвялі водаправод і газ, абгарадзілі ўнутраны двор, устанавілі там альтанку-арэлі, распрацавалі ўчастак, “адваявалі” ў балота ўнізе саджалку, паставілі васьміметровую цяпліцу, паклалі ў двары плітку. Зусім нядаўна набылі трактарок з плугамі, касілкай, баронамі, толькі бульбасаджалкі не хапае. Аднак гэта ўжо дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы тых, хто мае ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Любельскім у гэтым плане пашчасціла, бо якраз так і была аформлена зямля ў папярэдніх гаспадароў дома, і мара пра тэхніку стала явай. Трактарам Васіль цалкам задаволены, і падгадаўшы надвор’е, за тры дні ўдарнай працы нарыхтоўваюць на зіму сена. Садзіць бульбу, зерневыя, а апрацоўваюць каля гектара зямлі: вядома, трымаць жывёлу выгадна толькі на ўласных кармах. І пакрыху выплачваюць ільготны пяціпрацэнтны крэдыт.

Гаспадарка – гэта выдатная падтрымка для рупліўцаў. Бо ўсё пералічанае – гэта немалыя сродкі, а іншых крыніц прыбытку, акрамя зарплаты і падсобнай гаспадаркі ў ветурача-вірусолага Аксаны Браніславаўны і інспектара “Энерганагляду” Васіля Васільевіча Любельскіх няма. Што з лішкаў прададуць, а чаго проста не набываюць, напрыклад, мяса. З магазіннай “малочкі” ў доме – толькі смятана, паколькі сваю не любіць сын.

Колькі ў падвале слоікаў з кансервамі са свініны, трусяціны… не пералічыць. Хаця аднойчы ўсё ж гэта зрабілі – 53 паўлітровых з двух кумпякоў і лапаткі, паколькі везлі іх з Шаркоўшчынскага раёна – каб былі смачнейшымі, Аксана тушыць іх у маці ў рускай печы. А колькі каўбас вісіць узімку на прасушцы.

Зараз гаспадыня марыць пра летнюю кухню, якая хутка будзе дабудавана. А Васіль Васільевіч… пра паўлінаў, якія ўпрыгожаць двор, угаварыць жонку вярнуць на падворак “нявыгадных” хваравітых трусоў. А яшчэ завесці саракакілаграмовых бараноў, якіх не трэба стрыгчы, вось толькі ягнё каштуе тысячу еўра.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *