Пойти в лес и… не потеряться. Каждый год в лесах теряются десятки наших граждан

Профилактика и безопасность

Штогод дзясяткі нашых суайчыннікаў губляюцца ў лясах. Хтосьці, паблукаўшы, знаходзіць дарогу да дома самастойна. А вось некаторых даводзіцца шукаць усім светам: лясны масіў прачэсваюць праваахоўнікі, выратавальнікі, леснікі і жыхары навакольных вёсак.

Калі ў лесе перыядычна не выбіраць арыенціры, заблукаць можна вельмі проста. Праўша забірае ўлева, ляўша, адпаведна, управа – чалавек можа хадзіць кругамі бясконца.

На жаль, часта грамадзяне грэбуюць элементарнымі правіламі ўласнай бяспекі, не паведамляюць сваякам, куды адлучыліся з дому. Перад тым як адправіцца за ляснымі дарамі, цвяроза ацаніце стан свайго здароўя. Асабліва гэта датычыцца людзей пажылога ўзросту, бо павышаныя фізічныя нагрузкі могуць справакаваць абвастрэнне захворванняў. Не адлучайцеся далёка ад знаёмых, з якімі прыйшлі, вазміце з сабой свісток – яго гук чутны за 2-3 кіламетры.

Нярэдка аматары “ціхага палявання” апранаюцца так, нібы збіраюцца партызаніць. Камуфляж надзейна хавае чалавека і значна ўскладняе яго пошукі. Вядома, адзенне павінна быць цёплым, шчыльным, але лепш – яшчэ  і яркім. Не перашкодзіць чырвоная кепка або хустка, любы прыкметны прадмет.

Выратаваць жыццё, зберагчы нервы блізкім дапаможа мабільны тэлефон з надзейным зарадам батарэі. Заблукаўшы, не панікуйце. Патэлефануйце родным або ў міліцыю, раскажыце, дзе прыкладна знаходзіцеся. Прыслухайцеся да розных гукаў: брэх сабак ці гул машын трэба выбраць у якасці арыенціру. Не варта выбірацца з лесу ноччу. Пачало цямнець – рыхтуйце месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт шалаша і подсцілку з падручных матэрыялаў. Дарэчы, ліст газеты, засунуты пад вопратку, зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма: павесьце на кусты кепку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

Часта толькі ад аператыўнасці праведзеных вышуковых работ залежыць, будзе чалавек выратаваны ці не. Калі знік хтосьці са знаёмых ці сваякоў, не займайцеся “самадзейнасцю”, а як мага хутчэй звярніцеся ў міліцыю і МНС.

* * *

Здараецца, што “ціхае паляванне” заканчваецца для чалавека трагічна. Звяртаюся да ўсіх, хто наведвае лес: калі вы знойдзеце там адзенне, абутак, вёдры, нейкія іншыя рэчы, абавязкова паведаміце праваахоўнікам.

Карыстаючыся выпадкам, нагадаю, што райаддзел міліцыі працягвае пошук жыхара г.п.Ушачы 1952 года нараджэння Аляксандра Фёдаравіча Лемешава. 10 мая мужчына паехаў на мапедзе сіняга колеру на рыбалку – і з таго часу пра яго нічога невядома. Просьба да ўсіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй па ўзгаданым факце, патэлефанаваць па нумарах 2-74-74 або 102. Ананімнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.

А.АНДРОСАЎ, часова выконваючы абавязкі начальніка Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *