На Ушаччине на одну торговую точку стало больше — в агрогородке Веркуды открылся частный магазин «Светлана»

Общество

На адну гандлёвую кропку ў раёне стала больш – яркая шыльда з надпісам “Магазін “Святлана” ў аграгарадку Вяркуды так і заманьвала ацаніць краму. Раілі гэта зрабіць і мясцовыя жыхары.

– Зайдзіце ў наш новы магазін, не пашкадуеце, нам вельмі падабаецца! – станоўча характарызавалі яны “Святлану” ў дзень нашага падарожжа па Вяркудскім сельсавеце.

Адкрылася ж новая кропка гандлю ўсяго месяц таму у будынку, дзе размяшчаюцца сельскі Дом культуры і… яшчэ два магазіны: райспажыўтаварыства і прыватны. Скажаце няўдалы выбар месца? А вось уласнікі “Святланы” канкурэнцыі не баяцца і наогул лічаць, што яна падштурхоўвае да развіцця, а ў пакупніка павінны быць выбар.

Сваю прафесійную дзейнасць са сферай абслугоўвання звязалі Дзяніс і Святлана Панфілавы: ён –  індывідуальны прадпрымальнік, гандлюе на полацкім рынку, а Святлана працавала ў адным з дзяржаўных магазінаў горада. Тры гады таму сям’я набыла дом у Павуллі. Для паляпшэння стану здароўя сына патрэбна была чыстая экалогія, таму ўшацкі азёрны край стаў адным з найлепшых варыянтаў. Пасля пераезду Дзяніс практычна кожны дзень ездзіць у Полацк на працу, а Святлана спачатку ўладкавалася прадаўцом у магазін райспажыўтаварыства ў Вяркудах. А праз некаторы час вырашылі адкрыць у сельскай мясцовасці новы гандлёвы аб’ект.

– Гэта муж мне такі падарунак да дня нараджэння зрабіў, – усміхаецца жанчына. – Каб я займалася сваёй справай, якую вельмі люблю – гандаль мне па душы!

Арандавалі месца, закупілі неабходнае абсталяванне, аформілі адпаведныя дакументы. Дарэчы, крэдытаў на адкрыццё магазіна не бралі – для гэтага меўся уласны накоплены капітал, што, згадзіцеся, значна аблягчае ўвесь працэс. Над назвай жа доўга думаць часу не было, а паколькі гэта падарунак, то і назваў прадпрымальнік аб’ект у гонар сваёй жонкі.

Магазіну ёсць што прапанаваць сельскім пакупнікам, яго плошча дазваляе прадаставіць шырокі выбар тавараў – малочных, каўбасных, бакалеі, напіткаў, цукерак, марожанага і многага іншага. Нават хлебныя вырабы тут зараз у асартыменце полацкай вытворчасці, а хутка будуць і ўшацкай. Прымальныя ў гандлёвай кропцы і цэны, прыцягвае наведвальнікаў і вельмі зручны рэжым работы – з 8 гадзін раніцы да 8 гадзін вечара без выхадных дзён. Маючы немалы вопыт работы, С.Панфілава ўмее зрабіць і прыгожую, зручную выкладку. Ну і, канечне, кожнага пакупніка сустракае сваёй абаяльнай усмешкай, падказвае, раіць. Улічваючы ўсе гэтыя фактары і водгукі наведвальнікаў, можна смела сцвярджаць, што гэты сельскі магазін нічым не горш гарадскіх і старт “Святланы” будзе мець такі ж паспяховы працяг.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *