Фельдшер Косарского ФАПа Наталья Лапицкая — медработник в третьем поколении

Экономика и малый бизнес

Любоў да будучай прафесіі Наталля Лапіцкая ўвабрала, як кажуць, з малаком маці. У часы, калі дэкрэтны водпуск доўжыўся ўсяго адзін год, пакінуць малышку не было з кім – і Жанна Міхайлаўна Шыць, санітарка ў хірургічным аддзяленні райбальніцы, часта брала Наташу з сабой на работу. Зрэшты, там працавала і бабуля дзяўчынкі Яўгенія Канстанцінаўна Шыць. Ад самых блізкіх людзей і даведалася маленькая Наташа пра няпростую і надзвычай адказную справу медработніка. Пазней жа, падчас вучобы ў Касарской школе, яна сур’ёзна захапілася біялогіяй, якую выкладала вопытны педагог Ларыса Аляксееўна Рабыка. Усё гэта і паўплывала на выбар шляху ў дарослым жыцці.

Памкненне паступіць у медыцынскае вучылішча падтрымала яе бабуля. І пакуль мама сядзела з малодшымі дзецьмі, ездзіла з Наталляй падаваць дакументы, здаваць экзамены, а потым клапатліва збірала новаспечанай навучэнцы неабходныя харчовыя “перадачы”. Зрэшты, адвозіў іх у Оршу каханы дзяўчыны Валерый, які хутка стаў яе мужам. Напэўна, таму размеркаванне на Ушаччыну малады медык успрыняла як лепшы падарунак лёсу. Каля 5 гадоў працавала Наталля Васільеўна загадчыцай Маладолецкага фельчарска-акушэрскага пункта, некаторы час займала пасаду спецыяліста па сацыяльнай рабоце ў ТЦСАН, ажыццяўляла догляд за родным дзядулем, з якім, дарэчы, пражывала ў Весніцку маладая сям’я. Папрацавала Н.В.Лапіцкая і ў сістэме адукацыі: была сацыяльным педагогам, псіхолагам у Касарской школе, а пазней медыцынскай сястрой у мясцовым дзіцячым садзе. Паспела яна і завочна скончыць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці сацыяльна-педагагічная работа. І гэта пры тым, што ў сям’і падрастала дачушка Дамініка, якой зараз 9 гадоў.

Калі ў 2012 годзе на ФАПе ў Касарах вызвалілася пасада загадчыка, яе прапанавалі менавіта Наталлі Васільеўне. Яно і не дзіўна: мясцовыя жыхары і дагэтуль часта звярталіся да яе за медыцынскай дапамогай, атрымліваючы патрэбныя парады.

– На маёй падведамаснай тэрыторыі зараз 17 населеных пунктаў, у якіх пражывае каля 350 чалавек, – расказвае Н.В.Лапіцкая. – У асноўным гэта пенсіянеры і грамадзяне сярэдняга ўзросту, а дзяцей да года ўсяго двое.

Нягледзячы на паступовае змяншэнне колькасці насельніцтва работы ў фельчара менш не становіцца. За дзень Наталля Васільеўна паспявае прыняць каля двух дзясяткаў пацыентаў на ФАПе і на доме наведаць практычна столькі ж. І калі прайсціся па саміх Касарах ці родным Весніцку – задача звычайная, то візіты ў аддаленыя Зааазер’е, Лясіны, Стараселле – ужо праблема. Адлегласць у 10-15 кіламетраў (і гэта толькі ў адзін бок!) часта даводзіцца пераадольваць або на веласіпедзе, або пешшу. Зрэшты, абслугоўванне пацыентаў ніколі не абмяжоўвалася для Н.В.Лапіцкай рабочым часам. На базе ФАПа ёсць і аптэчны пункт, таму ў абавязкі фельчара ўваходзіць таксама продаж лекавых прэпаратаў.

– Любы прадстаўнік медыцынскай галіны – перш-наперш спецыяліст, які павінен пакінуць дома асабістыя праблемы і прыйсці да чалавека ў добрым настроі, – разважае Н.В.Лапіцкая. – Шчырая ўсмешка і паважлівыя адносіны валодаюць унікальнымі лячэбнымі ўласцівасцямі, па крайняй меры для душы.

Вольнага часу ў гераіні нашага аповеду нямнога. Тым не менш, паспявае і блізкіх увагай не абдзяліць, і падсобную гаспадарку весці, і капітальны рамонт дома. Зрэшты, шукаць лепшай долі ў гарадах жанчына не збіраецца – у Весніцку яе сям’і спакойна і камфортна. І гэта не можа не радаваць мясцовых жыхароў, пацыентаў Касарскога ФАПа! Многія з іх нават у водпуск адпускаць Н.В.Лапіцкую не хацелі, прасілі хутчэй вярнуцца. І справа нават не ў патрэбнай ім медыцынскай дапамозе – а ў самім чалавеку, які стаў для іх практычна родным, у яго шчырых адносінах і неабыякавай натуры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *