Старейшина Новоселья Алеся Подгола основательно относится к своим обязанностям и проблемам односельчан

Саветы і жыццё

Праз вёску Наваселле Жарскага сельсавета па ажыўленай трасе штодзень праязджаюць сотні аўтамабіляў, а таму мясцовыя жыхары наводзяць парадак на падворках не толькі для сябе, а і для своеасаблівай “прэзентацыі” нашага раёна. І трэба сказаць, што гэты населены пункт дастойна трымае марку аднаго з самых чыстых і прыгожых, а некалькі год таму вёска нават была прызнана лепшай у раённым спаборніцтве па добраўпарадкаванні.

У многім гэта быў плён работы былой старэйшыны населенага пункта Валянціны Васільеўны Міхейкі. Паўтара года таму паўнамоцтвы галавы мясцовага самакіравання перайшлі да маладой жыхаркі вёскі Алесі Падгола, і ўжо зараз можна сказаць, што жанчына дастойна працягвае добрыя традыцыі. Прычым, як падалося, грамадскія абавязкі яе не абцяжарваюць: бо ёсць у Алесі Валер’еўны і жаданне працаваць, і адпаведныя здольнасці.

Адметна, што да любой узнятай вяскоўцамі праблемы старэйшына падыходзіць удумліва і грунтоўна, пры неабходнасці тлумачыць людзям сітуацыю. Так было, напрыклад, з пытаннем адной пажылой жанчыны, якая хацела спілаваць старое небяспечнае дрэва ля хаты. Алеся патлумачыла аднавяскоўцы, што на дапамогу сельвыканкама ёй у гэтым пытанні разлічваць нельга, бо дрэва расце не на грамадскай тэрыторыі, а на прыватным падворку, а таму яго выдаленне – справа самой гаспадыні. Пры гэтым варта паклапаціцца, каб пры падзенні яно не абарвала правады электралініі, бо аднаўляць іх давядзецца за ўласны кошт. Жанчына прыслухалася да парад, дрэва спілаваў яе сын – акуратна, па частках. Такім чынам старэйшына фактычна папярэдзіла зварот грамадзянкі да мясцовай улады.

У некаторых пытаннях дапамагае Алесі і яе муж Аляксей Расціслававіч. Мужчына працуе ў раёне электрычных сетак, а таму калі ў вёсцы здараюцца перабоі з электраэнергіяй, мясцовыя жыхары тэлефануюць Падголам, каб даведацца, што здарылася і як хутка з’явіцца “святло”.

– У асноўным з жыхарамі вёскі мы знаходзім узаемаразуменне, – адзначае маладая старэйшына. – Калі бачу, што чыйсьці падворак варта абкасіць або што гаспадары ўстроілі на ўчастку стыхійны сметнік – тэлефаную і цвёрда кажу: тэрмінова навядзіце парадак! Мабыць, нешта такое ёсць у маім голасе, што прымушае людзей выконваць падобныя просьбы з першага да іх звароту, – усміхаецца жанчына. – А магчыма, дзейнічае яшчэ адзін моцны “выхаваўчы аргумент”. Не так даўно быў выпадак, калі асобныя ўласнікі тутэйшых сядзіб праігнаравалі адрасаваныя ім прадпісанні па навядзенні парадку на ўчастках. Давялося ўжыць крайнія меры – сельвыканкам наклаў на нядбайных гаспадароў штраф. Аднак пераважная большасць нашых аднавяскоўцаў – людзі руплівыя і акуратныя, іх сядзібы заўсёды радуюць вока і ствараюць прывабны імідж Наваселля.

Нельга не адзначыць, што і сама Алеся Падгола паказвае суседзям прыклад у працавітасці, імкненні да парадку і прыгажосці. Гаспадыня ва ўзорным стане трымае ўласную вялікую сядзібу, разам з мужам выхоўвае чатырох дзяцей. “Прывыкла да працы, таму з усім спраўляюся”, – усміхаецца жанчына ў адказ на меркаванне, што не так і лёгка любому іншаму чалавеку даваўся б гэткі насычаны клопатамі тэмп жыцця. Яна належыць да тых асаблівых беларускіх жанчын, у руках якіх кіпіць любая работа. Здольная, напрыклад, за адзін дзень прапалоць цалкам восем сотак агароду! Спрытна спраўляецца і з немалой падсобнай гаспадаркай – сям’я трымае шмат птушкі розных экзатычных відаў, а гэта вельмі пераборлівая жывёла. Сёлета, праўда, іх колькасць на падворку значна зменшылася, бо совы “прарэдзілі” птушынае пагалоўе, аднак гаспадыня збіраецца ў хуткім часе яго аднавіць. Таксама жанчына вырошчвае багата кветак, дзеліцца вопытам з такімі ж аматарамі прыгожага па ўсёй краіне. Асаблівай разынкай іх падворка з’яўляецца кампазіцыя, у цэнтры якой у ванне “жывуць” сапраўдныя лілеі.

Па прыкладзе бацькоў спрытнымі і ўмелымі растуць у сям’і Падгола і дзеці. Старэйшыя дочкі дапамагаюць па гаспадарцы і ў доглядзе за малодшымі брацікамі, у якіх, дарэчы, таксама ёсць ужо свае пэўныя абавязкі. Нават чатырохгадовы Лёня ўжо мае пэўныя дарослыя навыкі. “Ён у нас ужо і яешню сам пасмажыць можа, толькі саліць пакуль не навучыўся. Але ж, канечне, гатуе пад наглядам старэйшых”, – расказвае мама.

Так, самастойнасць, дысцыплінаванасць, узаемадапамога ўласцівыя ўсім членам гэтай вялікай дружнай сям’і. Такія ж якасці Алеся Валер’еўна выхоўвае і ў аднавяскоўцаў, праблемы якіх успрымае як уласныя.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *