Уборочная кампания-2017 в ОАО «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

Хуткімі тэмпамі ўбіраюць ураджай з палеткаў аграрыі краіны. Працаўнікі сельгасарганізацый Беларусі ўжо намалацілі больш за пяць мільёнаў тон збожжа. Імкнуцца не ўпусціць кожную спрыяльную хвілінку і на Ушаччыне.

– Паглядзіш, якія прыгожыя і роўныя палі ў іншых абласцях, як лёгка рухаюцца па іх камбайны – прама пазайздросціш! Хоць і далёка нам да Міншчыны ці Брэстчыны, але і мы ўносім свой уклад у збожжавы каравай,  – адзначаюць хлебаробы ААТ “Агра-Селішча”.

Угоддзі гэтай гаспадаркі не параўнаць не тое што з іншымі рэгіёнамі, а і нават з некаторымі сельгаспрадпрыемствамі раёна. На тэрыторыі “Агра-Селішча” многія землі дробнаконтурныя, з узгорыстым рэльефам. Безумоўна, гэта ўскладняе апрацоўку палеткаў, патрабуе ад механізатараў пастаяннай увагі і майстэрства.

Сёлета ў гаспадарцы на жніве задзейнічаны ўсяго тры камбайны. Экіпажамі іх не назавеш, паколькі на ўсіх працуюць па адным механізатары без памочнікаў. Усе яны – не навічкі на жніве і справу ведаюць выдатна. Юрый Юркевіч і Генадзь Хадасевіч на сваіх КЗС-1218 працуюць ужо не адну ўборачную кампанію, без праблем падрыхтавалі іх да выхаду ў поле. А вось Алегу Крывёнку сёлета крыху складаней: старэнькая “Ліда”, на якой механізатар адпрацаваў шмат гадоў, ужо не выйшла ў поле. Убірае хлеб працаўнік на КЗС-1218, які быў перададзены гаспадарцы з ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Каб падрыхтаваць тэхніку, прыйшлося папрацаваць не адзін дзень. Хваляваўся механізатар, як пакажа сябе камбайн, які знаходзіўся не ў ідэальным стане.

І пакуль ён не падвёў, у канцы мінулага тыдня А.Крывёнак на полі непадалёк ад Лажаняў убіраў трыцікале, а адвезці намалочанае на трактары спяшаўся Яўген Кулянок. “Гэта наша маладая змена, нягледзячы на ўзрост, яму давяраюць адказныя ўчасткі работы як на корманарыхтоўцы, так і на жніве. Нездарма ж ён трапіў сёлета ў лік лепшай працоўнай моладзі раёна!” – гавораць пра хлопца калегі.

На суседнім полі тым часам гектар за гектарам зжыналі яшчэ два камбайны. Ю.Юркевіч і Г.Хадасевіч не спяшаліся пад’язджаць да прывезеных на поле абедаў, пакуль не намалацілі поўныя бункеры. Дарэчы, харчаваннем удзельнікі жніва задаволены. Як мы ўжо паведамлялі, сёлета для селішчанскіх і кубліцкіх хлебаробаў гарачыя абеды гатуе райспажыўтаварыства. Пытанне гэтае вырашылася з дапамогай раённага аб’яднання прафсаюзаў. Астатнія гаспадаркі раёна маюць свае сталовыя і кормяць працаўнікоў уласнымі сіламі.

Да дапамогі шэфаў прыйшлося звярнуцца селішчанскім аграрыям і яшчэ ў адным накірунку – дзве адзінкі тэхнікі з дарожных арганізацый задзейнічаны на адвозцы. Пётр Дунік і Аляксандр Кудраўцаў камандзіраваны на час уборкі ў сельгасарганізацыю.

Аб’ёмы работ у “Агра-Селішчы” адносна іншых гаспадарак не самыя вялікія – трэба ўбраць менш за тысячу гектараў. На асобных палях зерневыя яшчэ зялёныя, таму тэхніка перакідваецца на ўчасткі па меры іх паспявання. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль трымаецца ў межах 22-23 цэнтнераў з гектара. Гаспадарка наблізілася ўжо да экватара ўборкі і першай тысячы тон зерня, справіліся тут і з выкананнем дзяржзаказу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *