В Ушачах прошёл праздник мёда

Общество

На тэрыторыі сквера насупраць раённага Дома культуры ў суботу было вельмі ажыўлена. Танцуючыя “пчолкі”, кветкі, шарыкі і цацкі прыцягвалі ўвагу дарослых і дзяцей, а ў паветры панаваў дзіўны водар – ушачан сабрала самае салодкае мерапрыемства – свята мёду.

Прымеркаванае да Мядовага спасу, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 14 жніўня, яно стала на Ушаччыне традыцыйным і адным з самых любімых. Мёд – не проста салодкае рэчыва, а найкаштоўнейшы дар прыроды, пра карысныя якасці якога вядома кожнаму. Аб гэтым можна было пачуць і каля кожнага стала, дзе гандлявалі прадуктам, бо пчаляры з ахвотай расказвалі пра свой занятак. Трэба сказаць, што гэты год быў вельмі няпростым для ўладальнікаў пасек з-­за надвор’я, але ўсё ж некаторыя адгукнуліся на запрашэнне: мёд розных сартоў, праполіс, пылок і нават медавуху прывезлі на свята пчаляры з нашага раёна, а таксама з Полацкага і Наваполацка. Па традыцыі медазбор сёлетняга года асвяціў благачынны Ушацкага раёна айцец Вячаслаў.

“Вядома ж, перад тым як набыць мёд, трэба яго прадэгуставаць. У пчаляроў і адносіны да пакупнікоў асаблівыя: кожнаму параяць, які лепш набыць, бо розныя гатункі маюць розныя ўласцівасці. Сёлета значна менш мёду, чым у папярэднія гады, халодны май і першыя два летнія месяцы істотна паўплывалі на “ўраджай”. “Дрэнна перанеслі пчолы і зімоўку”, – расказвае Таіса Вікенцьеўна Бурак з вёскі Шніткі, у якой хутка разыходзіўся свежы мядок.

Больш 15 гадоў трымае пасеку і трэці раз прыязджае са сваёй прадукцыяй на свята Васіль Гаўрыілавіч Аляксееў з Наваполацка, у якога таксама бойка ішоў гандаль майскім мёдам: “Ён дапамагае пры лячэнні хвароб печані, атэрасклерозу, паляпшае зрок, умацоўвае валасы і наогул аказвае станоўчае ўздзеянне на арганізм”, – рэкламаваў свой прадукт пчаляр.

Ужо пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемства з’яўляюцца ўшачане Алеся Анатольеўна і Іван Уладзіміравіч Хамёнкі. Вялікі асартымент салодкага тавару ў чарговы раз прапаноўвала ўшачанам Валянціна Макараўна Бурак з Федаронак. Ледзьве можна было праціснуцца да стала Валянціны Пятроўны і Мікалая Пятровіча Глінскіх – жадаючых купіць мёд з Пяскоў было нямала, а таму сям’я распрадалася адной з першых. Не затрымаліся з прадукцыяй і лясгасаўцы, у якіх ёсць сваё кола пастаянных кліентаў. Усе пчаляры ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі дыпломы.

Адметнасцю сёлетняга мерапрыемства было і тое, што запрашалі не толькі аматараў пчалярства, а і траўнікаў. Які пах стаяў у радыусе некалькіх метраў ад месца, дзе гандляваў Аляксандр Віктаравіч Крацёнак! Міма ліпавага цвету, чабору, мяты і многіх іншых лекавых траў нельга было прайсці.

Не засталіся ўдзельнікі свята і без пазнавальнай інфармацыі: пра шматлікія карысныя ўласцівасці мёду і вырабленыя на яго аснове прадукты можна было даведацца як ад саміх пчаляроў, так і на арганізаванай раённай бібліятэкай выставе літаратуры, віктарынах дзіцячай бібліятэкі, прэзентацыі тавараў на аснове мёду касметычнай фірмы “Фаберлік”. Спыняліся ўшачане каля палаткі райспажыўтаварыства і кропкі з напіткамі і мінеральнай вадой агароднінасушыльнага завода. А суправаджалася ўсё дзейства музычнымі нумарамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дваццаць дзяцей з усіх куткоў раёна ўдзельнічалі ў дэфіле “Летні букет-2017”: падрыхтавалі касцюмы, якія адпавядалі пэўнай кветцы.  Арганізатары не паскупіліся на ўзнагароды – дыпломамі і салодкімі падарункамі былі адзначаны ўсе без выключэння. А найбольшую прыхільнасць гледачоў, пэўна, заваявалі самая маленькая “кветачка” Лера Троцкая, якая прадстаўляла Глыбачанскую бібліятэку, і адзіны хлопчык сярод усёй гэтай кветкавай кампаніі Раман Катушонак з Жарскай бібліятэкі, які ўзяў на сябе ролю чмяля.

Як заўсёды забаўляльную праграму для дзяцей, якія наведалі свята з бацькамі, падрыхтавалі спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Паспрабаваць свае сілы ў імправізаванай лоўлі рыбы, выстралах з рагаткі, маляванні знайшлося нямала жадаючых.

– Адпачываем зараз на Ушаччыне, выпадкова трапілі на ваша салодкае свята, а атрымалі тут столькі станоўчых эмоцый, адпачылі душой і, канечне, набылі ўшацкага мёду, – дзялілася ўражаннямі сям’я Ткачовых са сталіцы.

Дзякавалі арганізатарам за мерапрыемства і самі пчаляры, якія атрымалі магчымасць не толькі прадэманстраваць і рэалізаваць тавар, а і пачуць у свой адрас шмат добрых слоў за карпатлівую работу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *