В новом учебном году на Ушаччине за парты сели 1210 учеников

Наши дети

1 верасня заўсёды ўрываецца ў жыццё шумна, радасна, пад песні пра школу і дзяцінства, пад пералівы першага школьнага званка. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Нават не гледзячы ў каляндар, па інтэнсіўным руху прыбраных школьнікаў з букетамі ў руках можна было здагадацца пра пачатак новага навучальнага года. Учора ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшло хвалюючае і трапяткое свята – Дзень ведаў.

Урачыстая лінейка ва Ушацкай школе хоць і праходзіла на звыклым месцы, аднак была прасякнута ў многім асаблівым настроем. Сёлета за парты гэтай і без таго самай “прадстаўнічай” у раёне навучальнай установы сядуць 830 вучняў. Не часта ўбачыш у адным месцы і столькі галоўных віноўнікаў дзейства – першакласнікаў: у чатырох класах іх будзе навучацца ажно 88. Крыху няёмка пакуль адчуваюць сябе і вучні зачыненай Плінскай школы. Аднак асвоіцца ім, няма ніякіх сумненняў, будзе проста: побач з імі – іх настаўнікі, а сярод аднакласнікаў – нямала знаёмых.

Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас педагогаў, вучняў установы прагучалі ў гэты дзень ад яе дырэктара В.І.Клімашэўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. З падарункамі ў выглядзе пазнавальных кніг (а што можа быць лепш напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага пісьменства) прыйшлі на ўрачыстасць прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і разлікова-касавага цэнтра №37 “Белаграпрамбанка” г.п.Ушачы – пазней жа, пасля лінейкі і першага ўрока пад назвай “Беларусь – мая Айчына!”, яны правялі для вучняў першых класаў заняткі па правілах бяспекі, а для пятых – урок фінансавай граматнасці. А лясгас традыцыйна падарыў школе спартыўны інвентар і канцылярскія прыналежнасці.

На першым уроку самыя маленькія школьнікі ўсіх навучальных устаноў Ушаччыны атрымалі кнігу “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. А ў рамках рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей” хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі віншавальныя паштоўкі ад старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыні абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” У.У.Цярэнцьева і падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання.

Запамінальна праходзіла свята першага званка ў Глыбачанскай школе, за парты якой сёлета сядзе 81 вучань. Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка шчыра падзякаваў педкалектыву і тэхперсаналу за выдатную падрыхтоўку ўстановы да новага навучальнага года, пажадаў першакласнікам (іх сёлета чацвёра) і надалей ісці па жыцці з агеньчыкам у вачах, выпускнікам (іх 10) – знайсці свой шлях, і ўсім без выключэння – поспехаў. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.У.Шарыпенка выказала спадзяванне, што былыя вучні сярэдняга звяна і старэйшых класаў Вяркудскай школы (сёлета ўстанова пераведзена ў статус дзіцячага сада-пачатковай школы) хутка асвояцца ў сценах новай альма-матэр.

Ва ўсіх навучальных установах Дзень ведаў быў багаты на радасныя ўсмешкі і шчырыя словы ад прадстаўнікоў улады, дэпутацкага корпусу, прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны, іншых гасцей. Завяршыў жа ўрачыстыя лінейкі імправізаваны першы званок, які абвясціў аб надыходзе цікавых, часам цяжкіх, але такіх неабходных для вучняў будняў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *