Жительницы деревни Вацлавово тесно дружат уже много лет

Общество

Шчыраму і моцнаму сяброўству Зінаіды Мікалаеўны Мандрык, Зінаіды Цімафееўны Целепень, Валянціны Іванаўны Бумага і Галіны Іванаўны Марковіч (на здымку) можна па-добраму пазайздросціць. Ужо шмат гадоў жыхаркі Вацлавова цесна сябруюць, раздзяляюць перажыванні і радасць, падтрымліваюць адна адну. Паміж аднавяскоўкамі склаліся адносіны, якія нават не заўсёды пануюць у некаторых сем’ях.

– Зіначка, хадзі цябе абдыму, цэлы тыдзень не бачыліся!

– Валянціна, мы без цябе сумавалі, як тваё здароўе пасля бальніцы?

– Галіна, твой мёд дапамог маёй спіне, цяпер бегаю, як мала­дзенькая!

Усяго некалькіх хвілін дастаткова, каб зразумець, як яны цэняць, любяць і паважаюць адна адну і што жаночае сяброўства насуперак усім выказванням існуе. Знаёмы жанчыны ўжо больш за паўвека, усё жыццё пражылі на суседніх вуліцах. Зінаіда Мікалаеўна і Зінаіда Цімафееўна разам працавалі на мясцовай ферме, больш 30 гадоў прысвяціла паштовай справе Валянціна Іванаўна, амаль 40 гадоў педагагічнага стажу за плячыма Галіны Іванаўны. Кожная з іх мае шэраг узнагарод за шматгадовую добрасумленную працу. З чаго пачалася гісторыя іх сяброўства, нават ужо і не прыпомняць. А больш часу сяброўскім зносінам прысвячаць сталі ўжо пасля выхаду на пенсію. Цяпер жа нават і не ўяўляюць жыцця без пасядзелак, падчас якіх абмяркоўваюць навіны і вясковыя справы, любяць паспяваць песні і прыпеўкі.

– Да нас неяк нават прыязджалі навукоўцы з Віцебска і Мінска, каб запісаць мясцовы фальклор, – гартаючы альбом, паказваюць фота жанчыны.

Асаблівая традыцыя гэтай дружнай кампаніі – адзначэнне дзён нараджэння за святочным сталом, з песнямі, падарункамі. Абавязковым атрыбутам з’яўляецца і віншаванне імянінніцы праз “Патрыёт”, даўнія падпісчыцы якога  ўсе чацвёра.

– Вельмі люблю газету і выпісваю яе з 1959 года! З задавальненнем чытаю кожны матэрыял, асабліва пра людзей і падзеі ў раёне. Неяк аднойчы так атрымалася, што спазнілася з падпіскай, дык вельмі перажывала і кожны нумар хадзіла да сябровак чытаць,  – гаворыць Зінаіда Мікалаеўна.

Яны разумеюць адна адну з паўслова і не змагаюцца за лідарства ў сваёй так званай вацлавоўскай камандзе, у якой мудрасць і разважлівасць гарманічна спалучаюцца з весялосцю і аптымізмам. Няхай жа гэтае сяброўства як паміж імі, так і з нашым “Патрыётам”, доўжыцца яшчэ многія гады!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *