Самым ходовым товаром на первой осенней ярмарке в Ушачах стало зерно

Общество

Восеньскі кірмаш – заўсёды свята. Няхай нідзе не зафіксаванае і крыху нагружанае задачай зра­біць неабходныя пакупкі, але любімае. Не толькі з-за верагоднасці набыцця неабходных тавараў у адным месцы, як правіла, танней звычайнага, а і за магчымасць падыхаць свежым паветрам, сустрэцца і пагаманіць са знаёмымі. Гаворка і клопат, вядома, пра хлеб надзённы, а дакладней пра бульбу і капусту, зерне і мяса, цэны на іх. Карацей кажучы – пра сытную зімоўку…

Кірмаш на цэнтральнай плошчы гарпасёлка 23 верасня сабраў нямала гандляроў і пакупнікоў. Торбы і цэлыя мяхі развозілі на машынах і веласіпедах, цягнулі ў руках і на плячах – наколькі дазвалялі магчымасці кашалькоў і фізічных сіл.

Прамысловых тавараў, шчыра кажучы, было нямнога. Чэргаў ля гандлёвых кропак з імі не назіралася, хіба што ля палаткі прамкамбіната ўшачане бралі пасцельную бялізну, пледы – уцяпляліся.

Агародніны ж хапала. Адразу разышлася капуста па 40 капеек за кілаграм у гандляроў з полацкага прадпрыемства “ВяснаЭнерга” і па 45 капеек у СФГ “Агра-Каолла”.

Моркву і буракі ахвотна куплялі ў прыватнікаў. А ўраджай бульбы сартоў “Уладар” і “Маніфест” па 35 капеек за кілаграм актыўна рэалізоўвала Лепельская сортавыпрабавальная станцыя. Адзінае, пра што шкадавалі яго работнікі, – пра невялікую колькасць прывезенай пшаніцы: за 15 мяхоў па 30 капеек за кілаграм пакупнікі натуральна ледзь не пасварыліся.

Менавіта зерне стала “хітом” продажу. Машыны з гэтым таварам некаторыя падпільноўвалі з сямі гадзін, а каб аказацца ў ліку першых пакупнікоў, суправаджалі праз плошчу, хіба што не ўхапіўшыся за барты. Не было яшчэ і дзевяці, калі ААТ “Агра-Селішча” распрадала ўвесь яравы ячмень па 21 капейцы і пшаніцу па 26 за кілаграм. “Трымаем немалую гаспадарку, таму без зерня не абысціся, – падзялілася ўшачанка Галіна Віннік. – Добра, што прадпрыемства пайшло насустрач пакупнікам і неўзабаве падвезла яшчэ зерне. Набылі 6 мяхоў – цяпер можна і парася на зіму ўзяць”.

Два рэйсы давялося ў гэты дзень зрабіць і ААТ “Ільюшынскі”. Праўда, і гэтага не хапіла, каб задаволіць запыты ўсіх пакупнікоў – ячмень па 1 рублі 70 капеек за вядро разыходзіўся на “ўра”. Як, дарэчы, і ў іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна: КУСГП “Вялікадолецкае”, напрыклад, рэалізавала машыну збожжа ў мяшках за 5 хвілін – калі аўтамабіль заехаў на плошчу, у кабіну працягнулі адразу столькі грошай, што частку прыйшлося вяртаць!

Бойкім выдаўся гандаль грэчкай у ААТ “Дземенец” па прымальным кошце 2 рублі за кілаграм. Муку, вотруб’е і камбікорм прапаноўваў “Маяк-Ушацкі”. “12 рублёў за трыццацікілаграмовы мяшок – гэта значна танней, чым на рынку!” – ахвотна рэкламавалі адзін аднаму пакупнікі курыны і свіны камбікорм з філіяла “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Непадалёк чакаў новых гаспадароў і “жывы” тавар – 11 бычкоў на плошчу даставілі ільюшынцы. Жывёла выклікала інтарэс у пакупнікоў, бралі нават не па адной галаве, адзначаючы, што 3,5 рубля за кілаграм – прывабны кошт.

У вялікім асартыменце былі мясныя, кандытарскія вырабы, агародніна ў палатках райспажыўтаварыства. Пераманіць пакупнікоў спрабавалі ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, рэалізуючы ялавічыну ад 3 да 9 рублёў за кілаграм, і “Ільюшынскі” – па 4 рублі 70 капеек. Таксама райспажыўтаварыства прапаноўвала ўдзельнікам кірмашу прысесці за столікі, адпачыць. Папулярнасцю карысталася і паслуга дастаўкі набытых тавараў дамоў – па Ушачах гэта рабілі за 3,90 рублі, за межы гарпасёлка – за 7,80.

Прывабліваў пакупнікоў “Тэхнакрас” са свежай рыбай, пітомнік з Лепельскага раёна прапаноўваў садаводам саджанцы пладовых дрэў. Беларускі каларыт восеньскаму кірмашу традыцыйна надавала кропка Дома рамёстваў. І сёлета яна вабіла золатам саламяных сувеніраў, фарбамі вырабаў ручной работы. Да аздаблення агульнай гандлёвай плошчы далучыліся Ушацкі, Глыбачэнскі і Сарочынскі сельвыканкамы – на імправізаваных падворках тыя, хто прагаладаўся, падсілкоўваліся дамашнім салам, чаем з выпечкай. Не змаўкалі падчас кірмашу песні, прыпеўкі на канцэртнай пляцоўцы: заклікалі весяліцца работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Астатак суботняга дня для многіх кірмашоўцаў быў не менш насычаным: трэба было засыпаць на захоўванне бульбу-моркву, абмеркаваць пачуты рэцэпт квашання капусты, пасадзіць прыдбаную яблыньку і падлічыць, ці ўсё неабходнае набыта і што яшчэ трэба прыдбаць да хуткіх халадоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *