Молодая ушачанка Нина Сиротка одна воспитывает четырёх прекрасных дочек

Общество

Трыццацідвухгадовая Ніна Сіротка ў акружэнні сябровак-аднагодак – асоба ў пэўным сэнсе неардынарная. Калі тыя раздумваюць, ці заводзіць дзіця, максімум – другое, яна – мама ўжо чацвярых дачушак. Прычым, выхоўвае іх жанчына адна, не прагінаючыся пад цяжарам жыццёвых праблем, застаючыся такой жа ўсмешлівай і абаяльнай.

Гутарку з Нінай задумвала ў ключы “Чым даводзіцца ахвяраваць мнагадзетнай маме”. І прагадала! Па той прычыне, што мая гераіня ні з чым не змагаецца, праводзіць час з дачушкамі для Ніны – гэтак жа натуральна, як дыхаць. Па яе меркаванні, адзінае, што застаецца з табой пры любых абставінах – гэта любоў дзяцей. І нават на пытанне, якія захапленні мае жанчына (ну павінна ж быць у чалавека штосьці толькі для сябе!), яна, не задумваючыся, адказвае: “Шашлыкі на прыродзе з маімі прыгажунямі”.

Ніна, ураджэнка аграгарадка Ільюшына, выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і. Бачачы годны прыклад узаемаадносін паміж бацькамі, адчуваючы падтрымку брата і сястры, і сама заўсёды марыла аб вялікай колькасці дзяцей. Не быў супраць гэтага і яе абраннік, які таксама вырас у мнагадзетнай сям’і. І дзевяць гадоў таму на свет з’явілася Вераніка, праз год – Віка, не прымусіла сябе доўга чакаць і Насця. Жывучы ў кватэры з бацькамі мужа, “ісці” за чацвёртым маладая сям’я не асмельвалася. А калі два гады таму намецілася перспектыва з дзяржаўнай падтрымкай пабудаваць уласнае жыллё ў гарпасёлку, пайшлі на гэты крок. Вось толькі доўжылася сямейная ідылія нядоўга. “Замарыўшыся”, мнагадзетны тата вырашыў “рэціравацца” і пераехаў у Віцебск да маладой, не абцяжаранай клопатамі аб дзецях жанчыны. З радзільнага дома Ніну і меншую Ксюшу ён ужо не сустракаў…

Вядома, няпростым быў гэты час для маладой мамы. Аднак яна набралася сілы, махнула рукой – спраўлюся!

І сапраўды спраўляецца, і не бачыць у сваёй сітуацыі нічога звышнатуральнага. Яе ж акружэнню ёсць чаму падзівіцца. З’яўляючыся суседкай гераіні, нярэдка бачыла, як яна завіхаецца, каб усё паспець. “Вось тут шпалеры паклеіла, там падфарбавала тое-сёе, – расказвала яна, праводзячы неяк улетку “экскурсію” па сваёй новай кватэры. – Зараз прадстаўнікоў газавай службы дачакаюся і пабягу ў садок да Насці – сукенку для рэпетыцыі трэба перадаць”.

“Працоўны” дзень Ніны пачынаецца вельмі рана з прыгатавання сняданка для дачушак, зборамі старэйшых у школу – а гэта тры прычоскі, прычым, адна патрабуе касічку, іншай да спадобы хвосцікі, а трэцяя хоча сёння каласок. Таксама гэта тры падабраныя касцюмы і абавязкова тры матуліны пацалункі – каб дзень прайшоў удала. А пакуль Вераніка, Віка і Насця, якая ўжо стала першакласніцай, набываюць веды, мама даглядае маленькую Ксюшу, прыбірае, мые, гатуе. Дарэчы, кухарыць Ніна выдатна – у свой час набыла прафесію повара, хоць і працавала да выхаду ў дэкрэтны водпуск прадаўцом райспажыўтаварыства. Яе пірагі, блінчыкі з рознымі начынкамі дадуць фору любым магазінным ласункам. А стравы з агародніны, вырашчанай на бацькоўскім участку ў Ільюшыне, – сапраўдная скарбонка вітамінаў.

Хапае клопатаў жанчыне і ўвечары: з дачушкамі трэба зрабіць урокі, кожнай удзя­ліць увагу, выслухаць. “Я сёння дзясятку па замежнай мове атрымала”, – дэманструючы маме дзённік, горда агучыла Вераніка падчас нашай сустрэчы. “А мне трэба верш вывучыць”, – акрэсліла планы Віка. “А мне, мама, вады налі ў шклянку – маляваць пайду”, – загадала першакласніца Насця. І ўсё гэта пад суправаджэнне эмацыянальных воклічаў самай маленькай, якая яўна настроілася на гульню… “На гэтым яшчэ не скончыцца, – усміхаецца Ніна. – Пазней у нас танцы будуць, паколькі ўсе любім музыку. Старэйшыя дзяўчынкі бясплатна наведваюць школу мастацтваў: адна – па класе баяна, другая – фартэпіяна, трэцяя харэаграфіяй займаецца. Першыя па дэманструе і Ксюша. Як бачыце, весела жывём”.

Ёсць у маладой шматдзетнай маці і надзейныя памочнікі. Гэта яе бацькі, да якіх з дзяўчынкамі любіць ездзіць па выхадных. Ну а правай рукой ва ўсіх справах з’яўляецца свякроў Л.Ц.Сіротка. “Выхадку” сына, калі той кінуў сям’ю, жанчына не зразумела і пасля яго разводу з Нінай стала на яе бок. “Гэта вельмі блізкі мне чалавек, – дзеліцца мая суразмоўца. – Не ведаю, што б я без яе рабіла. Раніцай Людміла Цярэнцьеўна адводзіць дзяўчынак у школу, пасля заняткаў забірае і разам з намі праводзіць вечары. Яна мне і рамонт дапамагала рабіць, і вось гэтая канапа – яе падарунак на наваселле. Усё ж такі мама – гэта не на словах, не на паперы – гэта ў душы”.

На маё пытанне, ці хацелася б на дзянёк-другі пакінуць дачушак з бабуляй, адпачыць ад штодзённых, штогадзінных клопатаў, Ніна адказвае катэгарычна: “Ды што вы?! Пакуль мае сонейкі на ўроках, месца сабе не знаходжу! Мне, напэўна, лягчэй, чым многім іншым: дзяўчынкі дружна растуць, падтрымліваюць адна адну і мяне. Гэта мой гонар, маё шчасце, кветачкі майго жыцця. А іх абдымкі – лепшая ўзнагарода”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *