В Ушачах прошла встреча руководства района с молодыми специалистами

Образование и молодежь

На мінулым тыдні адбылася традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна. Сёлета па размеркаванні ва ўшацкія прадпрыемствы і ўстановы прыбыло 79 новых супрацоўнікаў. Сярод іх 26 чалавек атрымалі вышэйшую адукацыю, 31 – сярэднюю спецыяльную, 22 – прафесіянальна-тэхнічную. Папоўніліся сферы сельскай і лясной гаспадарак, адукацыі, гандлю, аховы здароўя і іншыя.

На сустрэчы начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.М.Шахноўская падкрэсліла, што спецыялісты, якія зарэкамендуюць сябе ў працы, праявяць лідарскія якасці і цягу да ўдасканалення ў прафесіі, маюць шанс трапіць у перспектыўны рэзерв райвыканкама на кіруючую пасаду, а таксама прайсці навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аб прававых аспектах размеркавання на першае працоўнае месца расказала загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Г.Г.Кандрацкая, якая спынілася на галоўных абавязках і правах маладых спецыялістаў і наймальнікаў. Па законе выпускнік абавязаны з’явіцца для ўладкавання на працу згодна з накіраваннем ад навучальнай установы і адпрацаваць пэўны тэрмін. Наймальнік жа павінен прыняць на работу яго выключна па атрыманай спецыяльнасці, забяспечыць належныя ўмовы працы. Калі па якіх-небудзь прычынах спецыяліст праігнараваў размеркаванне ці быў звольнены з-за грубага дысцыплінарнага парушэння або па ўласным жаданні, то трэба будзе выплаціць сродкі, затрачаныя дзяржавай на яго вучобу. Калі будучае месца працы выпускніка загадзя не задавальняе, каб пазбегнуць непрыемнасцей, у яго ёсць права на пераразмеркаванне. Як і на перадпрацоўны адпачынак памерам каля аднаго месяца, а колькасць дзён адрозніваецца ў залежнасці ад сферы дзейнасці. Наймальнік павінен заплаціць такому супрацоўніку аднаразовую дапамогу ў памеры атрымліваемай раней стыпендыі ці, калі яе не было, – фіксаванай сацыяльнай выплаты. Прадстаўнікам сельскай гаспадаркі налічваецца даплата нават пасля заканчэння адпрацоўкі пры ўмове, што работнік застаецца ў калектыве. Выпускнікі, якія прыехалі на працу не па месцы сваёй прапіскі, звычайна атрымліваюць пад’ёмныя, а далей кіраўніцтва павінна ўзяць на сябе абавязак па поўнай ці частковай кампенсацыі выдаткаў на жыллё і абслугоўванне іх месца жыхарства, напрыклад, набыццё дроў для дома ў сельскай мясцовасці. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.П.Дымман спыніўся на інфармацыі для тых, хто плануе абзавесціся сваёй нерухомасцю ў нашым раёне, а значыць, затрымацца на працу даўжэй, чым проста па размеркаванні. Асабліва гэта тэма актуальна для сямейных спецыялістаў.

Размову прадоўжыла дырэктар ЦБУ № 221 у г.п.Ушачы філіяла ААТ “ААБ “Беларусбанк” у г.Полацк Ж.В.Шэўчанка. Яна падрабязна расказала аб ільготных умовах дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва і набыцця ўласнага жылля, спажывецкіх крэдытах.

Падзялілася інфармацыяй аб маладзёжным жыцці раёна, новых ініцыятывах і запрасіла далучацца да грамадскага аб’яднання першы сакратар райкама БРСМ Р.У.Півульская. Акрамя прафесіі, цікавае баўленне часу і грамадзянская актыўнасць, увасабленне ідэй розных сацыяльных праектаў – таксама істотнае жаданне маладога чалавека, тым больш калі ён апынуўся ў новым асяроддзі.

Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка вітаў маладых работнікаў, адзначыў, што ўскладае вялікія надзеі на іх патэнцыял, свежы і ініцыятыўны падыход да вырашэння складаных задач у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Ён выказаў спадзяванне, што старт у глыбінцы працягнецца для іх плённай працай менавіта на Ушаччыне. Уладзімір Генадзьевіч параіў моладзі не заставацца сам-насам з праблемамі, якія могуць узнікнуць у працэсе працоўнай адаптацыі, а адразу звяртацца ў кампетэнтныя органы. Старшыня райвыканкама таксама заўважыў, што нараўне з кар’ерай трэба адводзіць час і на адпачынак. У чым моладзі, безумоўна, дапаможа новы спартыўны комплекс, дзе, дарэчы, і прайшла сустрэча.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *