Чтобы новогодние праздники принесли вам только радость, соблюдайте правила безопасности

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

У навагоднія дні траўмы рознай ступені цяжкасці атрымліваюць дзясяткі беларусаў, узрастае і колькасць пажараў. Прапануем чытачам рэкамендацыі па падрыхтоўцы да святаў ад інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела МНС В.КАРЭЙШЫ. Іх выкананне не дазволіць азмрочыць навагодні настрой надзвычайнай сітуацыяй.

Ставім ёлку

Выкарыстоўвайце толькі ўстойлівыя падстаўкі: крыжавіну ці вядро з пяском. Нельга ўстанаўліваць ёлку ля ацяпляльных прыбораў, загрувашчваць ёй праходы. Галінкі і верхавіна расліны не павінны дакранацца да сцен, столі, мэблі і іншых рэчаў. Не абкладайце лясную прыгажуню ватай. Карыстайцеся электрагірляндамі толькі заводскага вырабу, лепш святлодыёднымі, яны ярчэй, эканамічней і больш небяспечныя. Замену лямпачак трэба ажыццяўляць толькі пры адключэнні ад сеткі. Пры адсутнасці ў памяшканні людзей і падчас начнога адпачынку электрычныя прыборы павінны быць выключаны.

Ліквідуем пагрозу

Калі электрагірлянда ўсё ж загарэлася, трэба тэрмінова выцягнуць вілку з разеткі або адключыць электрычнасць у шчытку. Выведзіце з памяшкання людзей, выклічце выратавальнікаў па нумары 101. Калі ўзгаранне невялікае, паспрабуйце справіцца з ім самастойна: паваліце ёлку на падлогу, каб полымя не паднімалася ўгару, накрыйце яе шчыльнай тканінай, засыпце полымя пяском ці выкарыстайце вогнетушыцель. Калі ёлка натуральная, можна для тушэння выкарыстоўваць ваду, калі ж штучная – ні ў якім разе: сінтэтычныя матэрыялы плавяцца і расцякаюцца, а вада распырскае падпаленыя кропелі і пашырыць плошчу гарэння.

Набываем піратэхніку

Купляйце яе ў спецыялізаваных магазінах, дзе маецца сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі і інструкцыя па прымяненні. Праверце тэрмін прыдатнасці, цэласнасць упакоўкі, не набывайце вырабы з дэфектамі і пашкоджаннямі корпуса. Не дазваляйце дзецям выкарыстоўваць піратэхніку без нагляду старэйшых, захоўвайце яе як мага далей ад крыніц агню: награваючыся, петарды могуць спрацаваць самаадвольна. Не трымайце іх на кухні, а таксама побач з аэразолямі, сцеражыце і ад вільгаці – калі петарды спачатку адсырэюць, а потым падсохнуць, то ў лепшым выпадку не спрацуюць, у горшым – стрэляць з затрымкай у самы нечаканы момант. Увогуле, піратэхніку лепш выкарыстоўваць на працягу некалькіх дзён пасля пакупкі.

Ведайце, што зарады ўзлятаюць на вышыню 15-павярховага жылога дома, маюць разлёт да 20 метраў. Пры ветраным надвор’і ён павялічваецца, у выніку чаго ракеты могуць заляцець на балконы, у вокны шматпавярховак і прывесці да пажару. Небяспечныя запускі піратэхнікі ў прыватным сектары, дзе маецца вялікая колькасць надворных драўляных пабудоў, якія стаяць блізка адна да адной.

*  *  *

Каб у чарговы раз нагадаць аб правілах бяспекі і знізіць колькасць пажараў і няшчасных выпадкаў, з 4 па 28 снежня выратавальнікі праводзяць традыцыйную маштабную акцыю “Бяспечны Новы год!” – у агульнаадукацыйных установах, санаторыях, месцах масавага прабывання людзей работнікі МНС правядуць тэматычныя мерапрыемствы, займальныя конкурсы, віктарыны і многае іншае. Шчаслівага Новага года!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *