Молодой начальник почтового отделения в Селище Вероника Косяк успешно справляется со своими обязанностями

Образование и молодежь

Ісціна аб тым, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца – вядомая ўсім. Я ж у чарговы раз упэўнілася ў праўдзівасці гэтага выказвання, пазнаёміўшыся з начальнікам паштовага аддзялення вёскі Селішча Веранікай Сяргееўнай Касяк.

“Веранічка, мне перавод трэба адправіць, ды толькі індэкс забылася – дапамажы!”

“Харошая мая, я за сваімі любімымі газетамі сёння”.

“Мне трэба грошы на тэлефон пакласці ды каву купіць”.

Кожнага наведвальніка дзяўчына абслугоўвала хутка, і яны, задаволеныя, спяшаліся па сваіх справах. Няшмат часу спатрэбілася, каб пераканацца, што жыхары населенага пункта выдатна адносяцца да маладога спецыяліста. Аўтарытэт за паўтара года работы дзяўчына заслужыла прыветлівасцю, шчырасцю і ўвагай да кожнага, а таксама ўмелымі дзеяннямі падчас аказання паслуг.

Канкрэтнай мэты – кім стаць, у школьныя гады ў яе не было, нават у выпускным класе доўга была ў разгубленасці, па якім шляху ісці. Збіралася стаць цырульнікам, але потым за кампанію з сяброўкай абрала зусім іншую сферу, з лёгкасцю паступіўшы ў Віцебскі філіял Акадэміі сувязі.

– Не паверыце, але ў першы тыдзень вучобы ў нас нават былі думкі забраць дакументы – цяжка было асвойваць новыя прадметы, пужала жорсткая дысцыпліна, а потым так прывыкла, што, здаецца, і не прыкмеціла, як праляцелі тры гады вучобы, а Віцебск стаў любімым горадам, – прыгадвае з усмешкай Вераніка.

Будучае месца работы напярэдадні размеркавання выпускнікі шукалі сабе самі. Як і многія іншыя аднагрупнікі, вырашыла пачынаць працоўны старт на радзіме і В.Касяк. Крыху пазней з’явілася магчымасць трапіць у Мінск, але дзяўчыну на той момант ужо чакалі ва Ушачах. Дарэчы, менавіта ў адным са сталічных паштовых аддзяленняў Вераніка праходзіла сваю вытворчую практыку. Хоць і было там нялёгка, але вельмі многаму навучылася. Канечне, не зраўняць вясковае аддзяленне з гарадскім, аднак прыступаць да абавязкаў маладому спецыялісту ўсё ж было боязна. “Прызнаюся, што хвалявалася ці спраўлюся, не ведала, як наведвальнікі пошты ўспрымуць”, – успамінае Вераніка.

На сваім рабочым месцы яна штодня раней вызначанага графіка, бо дабіраецца сюды першым аўтобусам з Ушач. У Селішчы яна і начальнік аддзялення, і паштальён: паўдня прымае наведвальнікаў, а потым спяшаецца разнесці газеты і часопісы па вуліцах вёскі. Але на гэтым яе марафон не заканчваецца – дабіраецца дадому на чым прыйдзецца, бывала, што і амаль увесь шлях праходзіла пешшу. Не раз добразычлівыя вяскоўцы нават прапаноўвалі жыллё маладому спецыялісту, але, безумоўна, камфортней яна адчувае сябе дома разам з маці і малодшымі сястрычкамі. Трэба сказаць, што цяжкасці толькі загартоўваюць гэтую абаяльную дзяўчыну. Яна імкнецца выконваць план па падпісцы, паслугах, продажы тавараў. Канечне, не заўсёды атрымліваецца выканаць усё на 100 працэнтаў у першую чаргу з-за нізкіх даходаў вясковага насельніцтва, але яе старанні, працаздольнасць і сумленнасць высока цэніць кіраўніцтва. Аб тым, ці застанецца яна працаваць у Селішчы пасля вызначанага тэрміну адпрацоўкі, Вераніка пакуль не задумваецца. Разам з тым адзначае, што тут яна атрымлівае каштоўны вопыт. Ну а на пошце дзякуючы ёй заўсёды пануе добразычлівая атмасфера.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *