Занятость населения — вопрос актуальный. Какая работа ведётся в этом направлении на Ушаччине — читайте в нашей материале

Общество

Занятасць насельніцтва, наяўнасць вакансій, адкрыццё новых працоўных месцаў – гэтыя пытанні былі і застаюцца на Ушаччыне надзвычай актуальнымі. Пра работу, якая вядзецца ў адзначаным накірунку, мы папрасілі расказаць начальніка аддзела сацыяльна-працоўных адносін і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама Ірыну Леанідаўну ДУНІК.

Дапаможа раённая служба занятасці

Першая інстанцыя, куды трэба звярнуцца, – раённая служба занятасці. У банку даных некалькі дзясяткаў вакансій. Праўда, большасць патрабуюць высокай прафесійнай кваліфікацыі, “рабочых” прапаноў сярод іх мала. Таму калі вам у дзень звароту не змогуць дапамагчы з працаўладкаваннем, то прапануюць рэгістрацыю ў якасці беспрацоўнага (у тым выпадку, калі вы чалавек працаздольнага ўзросту, без работы і заробку). Не могуць зарэгістравацца пенсіянеры, выпускнікі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, людзі, што знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Пры сабе трэба мець пашпарт або іншы дакумент, што пацвярджае асобу, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці), дакументы аб адукацыі і навучанні, дэкларацыю аб даходах.

У час знаходжання на ўзгаданым уліку чалавек можа разлічваць не толькі на садзейнічанне ў пошуку працоўнага месца, але і на атрыманне дапамогі па беспрацоўі. Сёлета на гэтыя мэты затрачана каля 7 тысяч рублёў.

З беспрацоўных – у прадпрымальнікі

Калі няма магчымасці працаўладкаваць беспрацоўнага па яго спецыяльнасці, у службе занятасці прапануюць адкрыць уласную справу. Да таго ж акажуць у гэтым разнапланавую дапамогу: інфармацыйную, кансультацыйную, фінансавую. Апошняя ўяўляе сабой бязвыплатную субсідыю на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яе памер для асоб, якія пражываюць і плануюць ажыццяўляць сваю дзейнасць у гарадской мясцовасці, складае 11 велічынь бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі ж гаворка ідзе пра жыхароў сельскай мясцовасці, якія мусяць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць таксама на вёсцы, сума субсідыі ўзрастае да 15 БПМ. Гэтыя сродкі можна выкарыстаць на набыццё абсталявання, інструментаў, сыравіны, аплату паслуг і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, аказаннем паслуг у сферы агра­экатурызму. Аднак трэба памятаць, што такая фінансавая падтрымка аказваецца дзяржавай толькі адзін раз.

Беспрацоўны грамадзянін, які атрымаў субсідыю і зарэгістраваўся ў якасці прадпрымальніка, на працягу трох месяцаў павінен прадставіць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дакументы, якія пацвярджаюць выкарыстанне сродкаў у адпаведнасці з распрацаваным бізнес-планам. Пасля ж яму трэба адпрацаваць не менш шасці месяцаў на працягу гадавога перыяду з дня рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Сёлета названую дапамогу на Ушаччыне атрымалі чацвёра чалавек, якія вырашылі заняцца кавальскай справай; аказаннем паслуг па рознічным гандлі; рамонтам камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання; электрамантажнымі, санітарна-тэхнічнымі, сталярнымі, цяслярнымі і іншымі работамі.

Змяніць месца жыхарства

Наступны напрамак работы службы занятасці – садзейнічанне ў перасяленні беспрацоўнага і членаў яго сям’і ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць на новае месца жыцця і працы. Да слова, iнфармацыю аб вакансiях па асобных спецыяльнасцях i прафесiях з указаннем зарплаты i свабоднага жылля можна знайсці як у мясцовым упраўленні, так і на афiцыйным сайце Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны: www.mintrud.gov.by. Паводле даных апошняга, на працягу мiнулага года пры дапамозе дзяржаўнай службы занятасцi змянiць месца жыхарства i працы ў цэлым па краiне адважылася больш за 300 сем’яў. I, як правiла, падобная працоўная мiграцыя адбывалася па лiнii “вёска-вёска” або “горад-вёска”.

Ва Ушацкім раёне гэтыя лічбы, вядома, больш сціплыя: летась адна сям’я ў сувязі з працаўладкаваннем адразу мужа і жонкі перасялілася з Арэхаўна ў Ільюшына, а адна жанчына з Кубліч перабралася ў Лепельскі раён.

– Усiм, хто прымае рашэнне аб перасяленнi, таксама аказваецца дапамога з боку дзяржавы, – адзначае І.Л.Дунік. – Так, беспрацоўнаму, якi пераязджае на новае месца жыхарства пры дапамозе службы занятасцi i якi заключыў адпаведны дагавор, робiцца выплата грашовых сродкаў у памеры 7 велiчынь бюджэту пражытачнага мiнiмуму (аднак пасля атрымання такой дапамогі чалавек павінен адпрацаваць на новым месцы не менш аднаго года). Калі ж працаўладкоўваюцца і муж, і жонка, названая сума выплачваецца кожнаму.

Вучыцца ніколі не позна!

Можна змяніць прафесію, прайшоўшы па накіраванні службы занятасці спецыяльнае прафесійнае навучанне. Зараз праводзіцца яно па наступных запатрабаваных на рынку працы прафесіях: кладаўшчык (з веданнем праграмы 1С:Бухгалтэрыя), маляр, маляр-тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік, майстар па манікюры, педыкюры, машыніст кацельні, тынкоўшчык-плітачнік, аператар ПЭВМ, афіцыянт, цырульнік, повар, повар-кандытар, прадавец, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, слесар па рамонце аўтамабіляў, слесар-сантэхнік, трактарыст, электрагазазваршчык, электраманцёр і інш. Тэрмін навучання не перавышае шасці месяцаў. Да таго ж гэта цалкам бясплатная для беспрацоўнага чалавека прапанова. Больш таго, яму аплачваецца праезд да месца навучання і назад, прапануецца жыллё ў інтэрнаце, выдаецца стыпендыя (у 2017-м на гэтыя мэты выдзелена 1300 рублёў) – пры адсутнасці пропускаў без уважлівых прычын.

За кошт сродкаў дзяржаўнага фонду садзейнiчання занятасцi сёлета на Ушаччыне прайшлi прафесiйнае навучанне васемнаццаць беспрацоўных. Дванаццаць атрымалі спецыяльнасць машыніста (качагара) кацельні. Прычым, для атрымання траімі з іх вопыту практычнай работы з частковай кампенсацыяй наймальніку затрат на аплату працы службай занятасці заключаны дагаворы з райспажыўтаварыствам. “Астатнія маюць права на самастойнае працаўладкаванне”, – патлумачыла І.Л.Дунік. Акрамя таго, у 2017-м праз раённую службу занятасці трое беспрацоўных ушачан атрымалі спецыяльнасць повара, па адным – электрагазазваршчыка і вальшчыка лесу. Яшчэ адзін малады чалавек зараз авалодвае навыкамі маляра-тынкоўшчыка-абліцоўшчыка-плітачніка.

Аплачваемая грамадская праца

На перыяд пошуку беспрацоўнымі пастаяннага месца працы служба занятасці арганізоўвае аплачваемыя грамадскія работы. Сёлета ў іх удзельнічалі 50 чалавек, прычым, многія былі заняты на некалькіх відах. Так, ва Ушацкім (1 чалавек), Глыбачанскім (1), Вяркудскім (2), Жарскім (1) і Вялікадолецкім (1) сельвыканкамах улетку праводзіўся абкос травы; у жыллёва-камунальнай гаспадарцы (12) – добраўпарадкаванне тэрыторыі г.п.Ушачы; у ТЦСАН Ушацкага раёна (4) – добраўпарадкаванне і бягучы рамонт памяшканняў у аддзяленнях кругласутачнага і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў; у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (2) – бягучы рамонт будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі Селішчанскай бібліятэкі; у аддзеле адукацыі, спорту і турызму (6) – бягучы рамонт памяшканняў, добраўпарадкаванне ясляў-садоў №1 і №2 г.п.Ушачы, Ільюшынскага дзіцячага сада, Ушацкай і Арэхаўскай сярэдніх школ; у лясгасе (22) – пасадка лесу. Акрамя таго, за сродкі наймальнікаў для беспрацоўных былі арганізаваны ўборка камянёў у ААТ “Ільюшынскі” (18 чалавек) і КУСГП “Вялікадолецкае” (27), а таксама навядзенне парадку на фермах ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” (2). Усяго на аплачваемых грамадскіх работах службай занятасці раёна сёлета асвоена 18 тысяч рублёў.

Падзарабіць можа і моладзь

Традыцыйна трымаецца на кантролі і другасная занятасць моладзі. У 2017 годзе рознымі яе формамі быў ахоплены ў вольны ад вучобы час 41 падлетак. Месцамі працы юнакоў і дзяўчат сталі школы раёна. Вучні былі задзейнічаны на рамонце парт, бягучым рамонце памяшканняў устаноў адукацыі, добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый, пасадцы агародніны і доглядзе за ёй. На гэтыя мэты асвоена каля 10 тысяч рублёў, палова з якіх – сродкі на набыццё неабходных матэрыялаў, столькі ж – заработная плата юным работнікам.

Працоўная адаптацыя інвалідаў

І ў гэтым пытанні таксама дапамагае служба занятасці. Штогод устанаўліваецца браня для прыёму на работу асобных катэгорый грамадзян. У 2017-м садзейнічанне ў працаўладкаванні аказана аднаму ўшачаніну. Не так даўно на базе ТЦСАН для інваліда ІІІ групы адкрыта вакансія сацыяльнага работніка, пакуль яна застаецца свабоднай. Да канца года тут мяркуецца адкрыццё яшчэ адной вакансіі – швачкі.

* * *

Як бачым, варыянты знайсці сваё “месца пад сонцам” ёсць. Калі, вядома, шукаць менавіта работу, а не статус беспрацоўнага. І дзяржава аказвае жадаючым працаваць, дбаць пра свой дабрабыт рэальную дапамогу.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *