В новом году вступит в силу Указ Президента №365 «О развитии агроэкотуризма»

Калейдоскоп

12 студзеня 2018 года ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта № 365 “Аб развіцці аграэкатурызму”, які з’яўляецца адной з мер па лібералізацыі дзейнасці малога бізнесу. Мы ўжо расказвалі пра некаторыя яго палажэнні, але каб глыбей пранікнуць у тэму, папрасілі прааналізаваць новаўвядзенні гаспадара аграсядзібы “Мікалаеўскі пасад” М.Д.Падрэза.

– Мікалай Дзмітрыевіч, канечне, прыняты дакумент быў чаканым у асяроддзі асоб, што займаюцца паслугамі ў сферы аграэкатурызму. Які агульны тон меркаванняў вашых калег?

– Сапраўды, палажэнні новага ўказа давялося абмяркоўваць з многімі гаспадарамі аграсядзіб, вёў пра гэта размову і са старшынёй праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыяй Кліцуновай, якую ведаю асабіста. Скажу так: мы задаволены новаўвядзеннямі і лічым, што яны дапамогуць ухіліць бар’еры, якія прытарможвалі развіццё сферы. А гэта вельмі важна, бо наша дзейнасць павышае турыстычную прыцягальнасць краіны, дае занятак вяскоўцам.

– Указ пашырыў кола тых, хто можа стаць суб’ектам аграэкатурызму?

– Безумоўна. Цяпер для гэтага дастаткова жыць у сельскай мясцовасці і мець зямельны ўчастак, які выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, тады як раней было патрабаванне, каб зямля была прызначана для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Да нашага бізнесу зможа далучыцца і той, хто мяркуе арганізаваць пражыванне турыстаў у доме, які належыць членам яго сям’і. Асабіста ж я лічу вельмі зручным, што зараз можна будзе будаваць гасцявыя домікі, не ўключаючы іх у жыллёвы фонд.

– Пры абмеркаванні праекта ўказа найбольшы рэзананс выклікаў аспект аказання дадатковых паслуг. Былі меркаванні, што не варта дазваляць уладальнікам аграсядзіб праводзіць вяселлі, прэзентацыі, карпаратывы і іншыя падобныя мерапрыемствы…

– Сапраўды так, але ў гэтым пытанні на наш бок стаў сам Прэзідэнт краіны, які, у прыватнасці, адзначыў: “Калі людзям там зручна правесці дзень нараджэння ці вяселле, няхай праводзяць. Гэта добра, што мы далі магчымасць гаспадарам аграсядзіб, асабліва на сяле, у маленькіх гарадах, у добрых месцах займацца гэтай дзейнасцю і атрымліваць для сям’і пэўныя даходы…”

– Як вядома, галоўным стымулюючым фактарам у сферы развіцця аграэкатурызму з’яўляецца льготнае падаткаабкладанне.

– Так, і ў гэтым плане змен не адбылося: стаўка збору (незалежна ад колькасці ажыццяўляемых відаў паслуг) па-ранейшаму роўная 1 базавай велічыні за каляндарны год. Да слова, аплаціць збор за наступны год неабходна не пазней 28-га снежня, а да 10 студзеня – накіраваць у падатковы орган інфармацыю пра заключэнне дагавораў на аказанне паслуг.

– Вы – неаднаразовы лаўрэат абласнога конкурсу на лепшую аграэкасядзібу ў намінацыі “Здаровы лад жыцця”…

– З задавальненнем прымаю ўдзел у падобных мерапрыемствах, бо лічу гэта не толькі добрай рэкламай, а і стымулам для развіцця. Дарэчы, днямі адбылося падвядзенне вынікаў сёлетняга рэспубліканскага конкурсу на лепшую аграэкасядзібу. І мне было прыемна даведацца, што мой добры знаёмы Васіль Шкіндзер, гаспадар сядзібы “Поўсвіж”, што на Лепельшчыне, стаў пераможцам у намінацыі “Захавальнік традыцый”. Гэта вельмі цікавы чалавек, заўзяты прыхільнік народных традыцый, які стварыў на сваёй сядзібе этнаграфічны музей, праводзіць там рэгіянальны фестываль старажытнай музыкі і танцаў. Яго, дарэчы, ведаюць многія ўшачане, бо Васіль быў госцем раённага фальклорнага фестывалю “Рака часу”, ладзіў у нашым музеі выставу рарытэтных самавараў са сваёй калекцыі. Як вядома, прапаганда народных традыцый, знаёмства гасцей з беларускай гісторыяй і культурай – адзін з накірункаў дзейнасці суб’ектаў аграэкатурызму, таму і ў “Мікалаеўскім пасадзе” мы імкнёмся захоўваць элементы старажытнага побыту.

– Колькі гасцей прынялі ў 2017-м і што плануеце на наступны год?

– Сёлета ў нас адпачылі каля трохсот чалавек. А планы найперш звязаны з паляпшэннем якасці абслугоўвання гасцей. Мяркуем, напрыклад, запрасіць повара-прафесіянала для арганізацыі харчавання. Працягнем добраўпарадкаванне тэрыторыі сядзібы, развіццё падсобнай гаспадаркі. Ну і, канечне, будзем выкарыстоўваць выгоды новага заканадаўства, у прыватнасці, прапаноўваць гасцям дадатковыя паслугі.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *