Для ремесленника Э.Сабирова чем сложнее изделие, тем интереснее!

Экономика и малый бизнес

“А дзе можна пабачыць узоры вашых работ”, – цікаўлюся ў Эрыджана Арэвіча Сабірава, паколькі ў майстэрні заўважаю толькі двое гатовых дзвярэй. А наогул тут і месца няма, каб нешта выстаўляць: усё у станках, прыладах, дошках. Рамеснік адрываецца ад палатна, хітравата пазірае з-пад акуляраў: “А вы пакажыце карцінкі мадэлей, якія падабаюцца, і я зраблю: для мяне чым складаней, тым цікавей”. І дастаўшы мабільны тэлефон, усё ж прадэманстраваў некалькі альтанак, сталоў і лавачак, зробленых для сябе: розных у выкананні, але аднолькава прывабных і прыцягальных.

Сваю справу майстар распачаў адносна нядаўна – у 2014-м. Скарыстаўся атрыманай ад дзяржавы магчымасцю зарабляць на сябе на супервыгадных умовах: зарэгістраваўся ў якасці рамесніка, аплаціў адну базавую велічыню і працуй: колькі прадаў, тое і тваё. Адзіная ўмова: вырабы не павінны быць аптовым таварам, а выключна для індывідуальнага ўжытку. Каму раму зробіць, каму калодзеж пад ключ, каму дзверы і альтанку, а каму і цэлы дом. Спачатку выстаўляў работы на рынку, цяпер кліенты знаходзяць яго самі.

Практычна ўсё, што ён зараз робіць, – эксклюзіў, паколькі аднолькавых лазняў, тэрас, лавак не бывае. Пачынаў з малых форм: табурэтак ды рам, паступова абжываўся станкамі і прыладамі, і зараз складана пералічыць усё, што знаходзіцца ў яго майстэрні: інструменты, апрацоўчыя механізмы, зварачны апарат: абсалютна ўсё, што дазваляе рабіць філігранныя рэчы як з дрэва, так і з металу.

Эрыджан, якога знаёмыя клічуць Эрыкам, не красаваўся, калі казаў, што любіць складаныя заказы. Быў выпадак, калі знаёмы архітэктар ажыццяўляў праект вялізнага катэджа з некалькімі стаўбамі-апорамі. Што яны псуюць выгляд, пагаджаліся ўсе, і Эрыджан запэўніў, што зробіць канструкцыю трывалай без іх. Дах першага паверху і адначасова падлога другога потым прайшла іспыт на трываласць: і скакалі па ёй, і цяжкія рэчы ставілі. “Тут і танк пройдзе”, – быў вердыкт задаволенага архітэктара, які і “падкідвае” праверанаму ўшацкаму майстру заказы-задачкі. Яго драўляныя вырабы самага рознага калібру ёсць у сталіцах Беларусі, Літвы, і, канечне, малых гарадах і на ўлонні прыроды. Аднак чатырохбаковыя дахі, трохузроўневыя лазні, вітыя лесвіцы, ды нестандартныя тэрасы – гэта дробязь у параўнанні з энергазберагаючымі дамамі, што выпала будаваць у Ленінградскай вобласці. Па форме гэта шацёр на глыбока забітых палях, які сам накоплівае  прыродную энергію, дзякуючы разумнай планіроўцы, падбору матэрыялаў і мінімальных цепластратах. А вось круглы трывалы каркас з дрэва для асновы дома рабіў Эрыджан. Паколькі гэта абсалютна новы накірунак, давялося і пакумекаць больш, чым над ранейшымі пабудовамі.

Навыкі сталярнай справы ў яго былі даўно. Працаваў на рэстаўрацыі ўшацкага касцёла, у будаўнічай брыгадзе лясгаса. Аднак рукастымі, напэўна, усё ж нараджаюцца, а не становяцца. Хоць мае туркменскія карані, на свет з’явіўся тым не менш у паўночнай Карэліі. Дарэчы, менавіта там захаваліся ўзоры старадаўняга драўлянага дойлідства, якое накладае адбітак на кожнага, няхай і падсвядомы. Эрыджан пераехаў на Ушаччыну з Обалі, дзе пасля заканчэння Гарадоцкага вучылішча быў наладчыкам на керамічным заводзе.

Сваю майстэрню, якая мае тую ж рэгістрацыю, што і дом – вёска Гута, зразумела, рабіў таксама сам. Спачатку набыў вясковую сядзібу з гаспадарчымі пабудовамі, паступова абсталяваў сабе прыгожы, з цыліндраванага бярвення “кабінет”. Дрэва не прапускалася праз станкі, апрацавана рукамі, выглядае так жа гладка і ідэальна, а праслужыць даўжэй, паколькі не здымаўся каштоўны слой дрэва. Гэты зруб, што ў мэтах эканоміі састыкаваны з абрэзкаў бярвён, і ёсць узор яго работ, які можна пабачыць на месцы працы і жыхарства рамесніка. А таксама малыя архітэктурныя формы, якімі любіць аздабляць тэрыторыю ля дома – нядаўна ён аброс металічнай агароджай і выглядае сапраўднай “поўная чашай”, з кветнікамі, агародам, і немалой гаспадаркай, якую ахоўвае пародзісты стафаршырскі тэр’ер.

Наколькі ўдалай акажацца дзейнасць рамесніка, залежыць толькі ад яго рук, фантазіі і жадання. Трэба пераканаць, што ты зробіш заказ якасна, у тэрмін, непадобна, ці падобна, але крышачку лепш, чым у іншых, ну і яшчэ не надта дорага. Ён вытрымлівае ўсе гэтыя ўмовы, а выстаўляючы кошт, зыходзіць з рыначных прапаноў і памяншае яго працэнтаў на 20. Таму і на плыву, як і яшчэ адны яго вырабы – лодкі. Некалі проста рыбак, ён асвоіў і гэты складаны і спецыфічны від сталярства і пераканаў, што яго рэчы не даюць цечы. А распачатае рамесніцтва можа ў перспектыве стаць крыніцай, якая прывядзе да шырокай плыні ўласнага бізнесу.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *