Редакция газеты совместно с ушачским участком почтовой связи подвела итоги конкурса почтальонов

Общество

Рэдакцыя газеты сумесна з ушацкім участкам паштовай сувязі падвяла вынікі конкурсу паштальёнаў. Падарункі ад “Патрыёта” атрымалі нашы памочнікі, якія ў студзені падпісалі на “раёнку” найбольшую колькасць чытачоў: Т.Л.Барысавец – 124, С.П.Васькевіч –114, Т.А.Бурак – 110.

“Ну вось, сёння пад новай коўдрай спаць будзеш!” – раз­дзяляе з падначаленай радасць першага месца начальнік арэхаўскага аддзялення паштовай сувязі Наталля Сяргееўна Мятла. А наш самы “прадукцыйны” памочнік па падпісцы Таццяна Лявонаўна Барысавец удакладняе: “Не, дачцэ на “прыданае” пакіну. Школу сёлета заканчвае, вучыцца будзе, з сабой падарунак “раёнкі” і забярэ, тым больш што газета для яе таксама не чужая, – пастаянна пра арэхаўскіх вучняў піша”.

Ну а для Таццяны Лявонаўны “Патрыёт” – хоць і ўсяго васьмістаронкавае, аднак самае важкае выданне: менавіта па серадах і суботах сумка паштальёна разбухае, а рабочы дзень заканчваецца пазней звычайнага. Не толькі самы вялікі аграгарадок Арэхаўна абыходзіць, але завітвае літаральна ў кожны дом Слабодкі, Федаронак, Канцавых. “На маленькія населеныя пункты ў нас асаблівая стаўка – каб людзі не сумавалі, часцей паштальёна бачылі. Па дзве-тры хаты жылых, а “Патрыёт” – у кожнай”, – дадае Наталля Сяргееўна, якая дапамагала калезе з падпіскай, хоць і прыкмячае, што яе ўклад вельмі сціплы – усяго некалькі экзэмпляраў, калі хто з карткай у аддзяленне завітае. У асноўным жа ўсе выпісваюць “раёнку” пры асабістай сустрэчы з Т.Л.Барысавец.

“Людзі любяць сваю газету. Хаця пакаленне друкаваных СМІ змяншаецца, развіваюцца электронныя, таму і няпроста выконваць планавыя паказчыкі. Тым не менш на гэты месяц у нас падпіска на “Патрыёт” нават павялічылася на 6 экзэмпляраў: сям’я новая пераехала – выпісала, камерсанту параілі. Асноўнае ў нашай рабоце: добрае веданне людзей і індывідуальны падыход”, – такі сакрэт перамогі паштальёна з 11-гадовым стажам.

Не менш актыўным нашым памочнікам з’яўляецца Таццяна Аляксандраўна Бурак з Ільюшына. На студзень яна аформіла падпіску на “Патрыёт” 110 жыхарам названага аграгарадка, вёсак Памялкова, Старынка і іншых. “Угаворваць некага на “раёнку” не прыходзіцца, – расказвае паштальён. – Асабліва актыўныя – прадстаўнікі старэйшага пакалення, многія афармляюць падпіску адразу на квартал ці паўгоддзе. Прыходжу да іх з пенсіяй – дык яны ледзь не з парога: “Танечка, і пра “Патрыёт” не забудзь!” Зрэшты, большасць з іх сябруе з выданнем на працягу дзясяткаў гадоў”.

Да такіх верных прыхільнікаў раёнкі адносіцца і сама Таццяна Аляксандраўна. Пачытаць пра мясцовыя навіны, сваіх знаёмых і сяброў яна любіць з дзяцінства. І як некалі пра падпіску на выданне для сям’і дбалі яе бацькі, так цяпер яна трымае гэтае пытанне на асаблівым кантролі – і для сябе, і для іншых. Заўсёды нагадае людзям аб часе, калі трэба падпісацца, раскажа аб “святочных” зменах у днях выхаду газеты і нават праанансуе той ці іншы нумар. Ведае Т.А.Бурак і час атрымання работнікамі мясцовых арганізацый зарплаты: у гэтыя дні падпіска ідзе найбольш ажыўлена. Бывае, і сваімі грашыма закладвае, калі па нейкіх прычынах выплаты ім пераносяцца. “Галоўнае – каб любімае выданне абавязкова прыйшло кожнаму, хто яго чакае!”, –  акрэслівае свой прафесійны дэвіз Таццяна Аляксандраўна.

“Пасля таго як кліенты выведалі, хто ў мяне бацькі, дзяды і прадзеды – стала сваёй, хаця з усяго аб’езду хіба што з Лазоўкай звязана кроўнымі каранямі. З ўсімі астатнімі вёскамі як Ушацкага, так і Сарочынскага сельсавета, якія наведваю, знаёмілася пасля таго, як стала начальнікам перасоўнага аддзялення, – расказвае Святлана Пятроўна Васькевіч. А зараз адношуся сапраўды як да родных, прывожу не толькі пенсіі і перыёдыку, але і ўсё неабходнае. У кожнага з абанентаў ёсць нумар майго мабільнага тэлефона, яны ведаюць, што могуць “патурбаваць” у любы час і выпісаць газету, прычым нават у доўг.

Тым не менш падпісаць 114 “Патрыётаў” ёй было, напэўна, складаней, чым вясковым паштальёнам. Хоць яна заўсёды з машынай, а прабягае за дзень паболей за тых, хто ходзіць пешшу, прычым, на павышанай хуткасці: прымушае жорсткі рэгламент – усяго 5 хвілін на абанента, за якія неабходна выдаць пенсію, узяць плацяжы і аформіць падпіску… Не на карысць выпіскі раённай газеты і тое, што ў зону абслугоўвання Святланы Пятроўны ўваходзяць і вёскі Полацкага раёна. А вось значна дапамагае ў рабоце з абанентамі 38 вёсак “хадунок” – тоўсты сшытак з прозвішчамі ўсіх жыхароў і іх чытальніцкімі прыхільнасцямі. Прыемна глянуць, паколькі насупраць практычна кожнага нават у такой вялікай вёсцы, як Лутава Сяльцо, значыцца “Патрыёт”.

Падрыхтавалі Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *