В санатории «Лесные озёра» в период новогодних праздников побывали гости с России, Армении, Израиля, Латвии, Молдовы

Ушаччина туристическая

Разгар турыстычнага сезона для Ушаччыны і санаторыя “Лясныя азёры” звычайна прыпадае на цёплую пару года. Аднак падчас калядных і навагодніх святаў тут было яшчэ як спякотна! За чатырнаццаць дзён, з 25 снежня па 7 студзеня, на адпачынку пабывала 337 чалавек.

Прыязджалі з Арменіі, Ізраіля, Латвіі, Малдовы, Эстоніі. Ну а традыцыйна больш за ўсё было гасцей з Расіі. За гэты кароткі час санаторый наведалі больш за 200 замежных грамадзян і, канечне, адпачылі ў “Лясных азёрах” пастаянныя беларускія кліенты.

Як паведамілі ў маркетынгавым аддзеле здраўніцы, на канікулах пастаяльцы жывуць досыць насычаным жыццём. На гэты раз яны бралі ўдзел у чэмпіянатах па тэнісе і більярдзе, палілі вялізны касцёр на Новы год і жанілі Цярэшку на Каляды. Таксама быў зладжаны канцэрт з удзелам “песняра” Валерыя Скаражонка, спявачкі Інэсы Вінцкевіч, вядомага ўдарніка, ксілафаніста Сяргея Шаптунова.

Гэты музыкант за сваю кар’еру выступаў у Швейцарыі, Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі. Ведаюць яго ў многіх іншых краінах свету і, канечне, у Беларусі. Палачанін пачаў барабаніць па каструлях, як ён любіць жартаваць, з 7 гадоў. Дзякуючы службе ў ваенным аркестры і не аднаму году сольных выступленняў на пляцоўках рознага маштабу сёння мае магчымасць супрацоўнічаць з маэстра Аркадзем Берыным, а з 2003 года стаў прадстаўніком-выканаўцам сусветна вядомай нямецкай кампаніі па вырабе музычных інструментаў Sonor, італьянскіх музычных талерак “UFIP”. Да таго ж Сяргей саліст Белдзяржфілармоніі і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча. У “Лясныя азёры” ён прыязджае не толькі з праграмай, але і адпачыць. Аздараўляецца ўжо трэці год запар, вернецца на днях і сёлета.

Акрамя канцэртаў адпачываючыя ездзяць на экскурсіі. Радзей за межы раёна, напрыклад, у Полацк ці Бярэзінскі запаведнік, часта ва Ушачы на фізкультурна-аздараўленчы комплекс, шопінг і ў піцэрыю. Такія “туры” арганізуюцца як цэнтралізавана, так і на ўласных машынах. Вось такая двухбаковая выгода – госці ў захапленні ад тавараў і паслуг, а гэта добра ўплывае на эканамічнае становішча раёна. А ажыццяўляць пакупкі ў “Родным куце”, тым месцы, куды турысты заходзяць абавязкова, будзе яшчэ зручней і прыемней пасля рамонту трэцяга паверха. Але нават будаўнічы працэс, які нядаўна скончыўся, не замінаў гасцям адзначаць якасць прызнаных брэндаў нашай лёгкай прамысловасці.

Вялікі інтарэс прыезджых – працэдуры і медыцынскія паслугі ў санаторыі. Пару тыдняў таму былі ўсталяваны новыя апараты для халадовай і ўдарна-хвалявай тэрапіі, бескантактная масажная аква-кушэтка. Што будзе цікава і жыхарам раёна, а не толькі турыстам.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *