Необычный стенд для развития моторики сконструировал пенсионер Василий Стрижонок

Калейдоскоп

Для людзей, што перанеслі інсульт, самыя простыя дзеянні часам становяцца неверагодна складанымі – мозг не хоча аддаваць дакладныя каманды, а пальцы не жадаюць іх выконваць. А таму вельмі важным у працэсе рэабілітацыі з’яўляецца аднаўленне дробнай маторыкі рук. Зрабіць трэніроўку не толькі эфектыўнай, а і захапляльнай, дапаможа адмысловы стэнд, сканструяваны пенсіянерам Васілём Антонавічам Стрыжонкам.

Яго канструкцыя абсалютна простая, а матэрыялы знойдуцца ў любым гаражы ці адрыне – у справу пайшлі стары выключальнік і штэпсель з разеткай, веласіпедны сігнал і кнопка электралічыльніка, навясны замок з ключом і іншыя падобныя рэчы. Усе гэтыя дэталі замацаваны на шчыце, і чалавеку трэба па чарзе прайсці шэраг выпрабаванняў – “уключыць святло”, уставіць вілку ў разетку, а ключ – у замок, шчоўкнуць тумблерам і гэтак далей. А яшчэ – сыграць музыку: на стэндзе замацаваны баянныя кнопкі, злучаныя са званочкамі. Разглядаючы прыбор, не адразу заўважыла, што ролю званоў выконваюць дэталі старых свяцільнікаў, неаднолькавы памер якіх дазваляе атрымліваць гукі рознай вышыні. Ну а паколькі Васіль Антонавіч мае не толькі залатыя рукі, а і інжынерскую адукацыю, ён аздобіў прыбор светлавымі індыкатарамі, якія загараюцца, калі чалавек дакладна выканаў задачу. Прынамсі, і тут у справу пайшоў непатрэбны хлам – старая ёлачная гірлянда.

Гэты стэнд можна выкарыстоўваць не толькі для рэабілітацыі хворых людзей з праблемамі ў дзейнасці рук, а і для развіцця ў дзетак дробнай маторыкі, патрэбных бытавых навыкаў. Зрабіць падобны “трэнажор” (мабыць, у больш спрошчаным варыянце) па сілах літаральна кожнаму мужчыну. Ну а свой выраб Васіль Антонавіч перадаў у аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН у Градзянцы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *