Возле костёла Святого костёла Лаврена в Ушачах во время раскопок нашли останки 61-го немецкого солдата

Общество

Прапанаваны здымак – з архіва вермахта. На ім – касцёл святога Лаўрэна, што ва Ушачах. А з фасаду будынка – у некалькі радоў магілы з крыжамі. Фота дакумента ўказвала на наяўнасць у нашым раёне няўлічанага пахавання нямецкіх салдат часоў Другой сусветнай вайны. І, трэба сказаць, гэтыя звесткі пацвердзіліся.

Летась па ініцыятыве Народнага саюза Германіі па доглядзе за ваеннымі магіламі і пры ўдзеле ваеннаслужачых 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ля сцен касцёла ва Ушачах праведзены раскопкі. Фінансаванне ўзяў на сябе нямецкі бок.

Як нам расказаў супрацоўнік прадстаўніцтва Народнага саюза Германіі ў Рэспубліцы Беларусь, спецыяліст па пошукавай рабоце Уладзімір Анатольевіч Ладноў, ва Ушачах былі эксгуміраваны астанкі 61 нямецкага салдата. Гэта вызначылі па месцазнаходжанні магіл, знойдзеных элементах абмундзіравання, нагрудных жэтонах. Асобы шэрагу салдат ужо ўстаноўлены, работа па ідэнтыфікацыі астатніх працягваецца. Астанкі ў хуткім часе будуць перапахаваны на зборных нямецкіх салдацкіх могілках у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Інфармацыя аб гэтым будзе накіравана сваякам у Германію, якія дагэтуль нічога не ведалі аб лёсе сваіх блізкіх і змогуць наведаць іх магілы.

– Падобнай работай займаюся на працягу вось ужо 15 гадоў, але такога паразумення з боку органаў мясцовай улады, арганізацый і прадпрыемстваў не бачыў нідзе, – прызнаўся У.А.Ладноў. – Удзячны кіраўніцтву Ушацкага райвыканкама, камунальнай гаспадарцы, газавай службе раёна, аддзелу ўнутраных спраў за канструктыўную дапамогу і падтрымку гуманітарнай дзейнасці, накіраванай на паразуменне і прымірэнне паміж народамі дзвюх краін.

За час работы прадстаўніцтва Народнага саюза Германіі ў Рэспубліцы Беларусь былі знойдзены астанкі больш за 50 тысяч нямецкіх салдат. Па архіўных жа даных у нашай краіне апошніх загінула ў разы больш. Галоўная задача арганізацыі – выявіць няўлічаныя пахаванні, па магчымасці ўстанавіць імёны, па-хрысціянску перапахаваць.

Зрэшты, пошукавыя работы дапамагаюць знайсці і ідэнтыфікаваць не толькі салдат вермахта. Сталі вядомы і звесткі аб многіх загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкіх салдатах – яны накіраваны ва Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а астанкі перададзены мясцовым уладам для ўрачыстага перапахавання.

Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі магіламі ўдзячны ўсім беларусам, якія, кіруючыся хрысціянскімі прынцыпамі, дзеляцца звесткамі аб месцах пахавання нямецкіх і савецкіх салдат. Часта гэтыя даныя з’яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Даведка:

Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі магіламі – нямецкая гуманітарная грамадская арганізацыя, задачай якой з’яўляецца клопат аб пахаваннях нямецкіх салдат на 827 зборных ваенных могілках у 45 дзяржавах свету. Арганізацыя клапоціцца і пра месцы пахавання савецкіх грамадзян, загінуўшых падчас баявых дзеянняў, памерлых у канцэнтрацыйных лагерах і на прымусовых работах у Германіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *