В Ушачах прошёл День снега

Cпорт

Столькі народу, як у мінулую суботу, на пляцоўцы ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” давялося бачыць хіба што ў дзень яго адкрыцця: вясёлай музыкай на ўсё наваколле, падбадзёрлівым марозцам, прадчуваннем захапляльных спартыўных баталій вабіла ўшачан масавае свята, прысвечанае Сусветнаму дню снегу.

Ды, як аказалася, не толькі ўшачан – сярод усіх прысутных надзвычайнай энергічнасцю вылучалася дружына санаторыя “Лясныя азёры”, складзеная не толькі з работнікаў здраўніцы, а і з адпачываючых. “Калі наш культарганізатар Ганна Гатаўская прапанавала разнастаіць вольны час удзелам у свяце здароўя, з задавальненнем згадзіліся на такую прыгоду!” – пракаментавалі сваю прысутнасць на свяце члены каманды. І, забягаючы наперад, скажам, што пра гэта госці раёна ніколькі не пашкадавалі.

Пачалася ж праграма ўрачыстым адкрыццём, у час якога аматараў здаровага ладу жыцця прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, а сцяг спаборніцтваў пад гукі гімна краіны па традыцыі ўзнялі мінулагоднія пераможцы – прадстаўнікі аб’яднанай каманды райаддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Зрэшты, аднымі з галоўных фаварытаў лічыліся яны і сёлета, што адразу пачалі пацвярджаць практычна ва ўсіх конкурсах. Вось толькі іншыя 10 каманд з 13 арганізацый загадзя аддаваць перамогу не збіраліся – тым больш што адметнасцю сёлетняга Дня снегу было не толькі новае месца правядзення, а і навічкі ў пратаколе. Так, дэбютантамі спартыўнага свята стала аб’яднаная каманда Ушацкага аддзялення Дэпартамента аховы і рэдакцыі газеты “Патрыёт”, а баявую дружыну аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўмацавалі “штыкі” з райаддзела ўнутраных спраў.

Арганізатары пастараліся спланаваць пяць відаў праграмы так, каб спаборніцтвы ішлі паралельна, пакінуўшы на асобны “дэсерт” толькі відовішчнае перацягванне каната, а таму капітанам давялося размяркоўваць ігракоў па этапах у залежнасці ад здольнасцяў, а самыя няўрымслівыя паспелі прыняць удзел і ў некалькіх.

Футбольны турнір стаў найбольш працяглым па часе і адзіным, які праводзіўся ў памяшканні (з-за небяспекі атрымання траўмаў на склізкай пляцоўцы арганізатары перанеслі спаборніцтвы ў зал). А вось незвычайны для футболу склад каманд з трох мужчын і дзвюх жанчын вырашылі пакінуць – па меркаванні балельшчыкаў, гэта калі і знізіла спартыўна-тэхнічны складнік, затое дадало арыгінальнасці і эмоцый. А некаторыя прадстаўніцы слабага полу і ўвогуле сталі моцным звяном каманд. Так, напрыклад, Святлана Кладніцкая з Ушацкай школы трымала ў напружанні абарону сапернікаў і нават адзначылася прыгожым голам! Паспяхова стрымлівала атакі нападаючых абаронца Валерыя Карэйша з каманды газавай службы, феерыла ў варотах Алеся Ермаковіч з райспажыўтаварыства. Ды ўсё ж першымі скрыпкамі на цудоўнай пляцоўцы спарткомплексу былі мужчыны. Даволі нечакана для многіх “бронзу” турніру ўзяла напорыстая зборная аховы і “Патрыёта”. Цалкам выкладвалася ў гульнях і заваявала срэбра дружына аддзела адукацыі, спорту і турызму, касцяк якой склалі маладыя настаўнікі Арэхаўскай школы. Ну а перамогу даволі прадказальна атрымалі выратавальнікі і ТЦСАН – браты Руслан і Мікалай Басуевы, узяўшы ў памагатыя больш маладога калегу Віталя Карэйшу, даказалі, што невыпадкова гулялі ў свой час за зборную раёна на чэмпіянаце вобласці.

Не менш гарачыя эмоцыі кіпелі на снежнай пляцоўцы, дзе ішлі адчайныя баталіі гульні ў “Выбівала”. “Хоць я зараз і ў водпуску, але не мог не далучыцца да сваёй каманды – і вельмі гэтаму рады. Нібы вярнуўся ў школьнае дзяцінства!” – з захапленнем каменціраваў дзейства ўдзельнік зборнай райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч. У гэтым відзе самымі трапнымі, спрытнымі і непаражальнымі аказаліся каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму, газавікі і зборная райвыканкама.

Разнастайныя і дынамічныя конкурсы прапанавалі ўдзельнікам арганізатары жартоўнай зімовай эстафеты – райкам БРСМ. Прамчацца на імправізаваных лыжах і прабегчы на трох нагах, тра­піць сняжком у вядзерца і ператварыцца ў вясёлага пінгвіна хутчэй і спрытней за іншых удалася ўсё тым жа камандам раёна газазабеспячэння, зборнай выратавальнікаў і сацработнікаў, а таксама аб’яднанай дружыне РАУС і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Традыцыйна нікога не пакінулі абыякавым спаборніцтвы асілкаў у перацягванні каната. Як і належыць кіраўнікам, згуртавалі вакол сябе падначаленых лідары каманды райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і Алена Васільеўна Пашковіч – апошняя, дарэчы, была адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы, што рашылася на ўдзел у гэтым сілавым відзе. У выніку гэта дружына здолела прабіцца ў паўфінал, дзе ў схватцы за бронзу саступіла газавікам. Ну а фінальны паядынак паміж камандай МНС і ТЦСАН і зборнай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і РАУС стаў разынкай турніру. Чаша вагаў схілялася то ў адзін, то ў другі бок, ды ўсё ж больш упартымі і вынослівымі аказаліся выратавальнікі, якія ў чарговы раз паказалі, што фізічная падрыхтоўка работнікаў гэтай службы заўсёды на вышыні. “Збоку некаторым здаецца, што ў перацягванні каната няма нічога складанага, але ж насамрэч падчас такіх паядынкаў аддаеш вельмі шмат сіл – і фізічных, і маральных, – абмяркоўвалі вынікі фіналу работнікі культуры і сапраўдныя беларускія волаты Мікалай Пруднікаў і Аляксандр Кузняцоў. – У гэты раз нам не пашанцавала, але на бліжэйшых спаборніцтвах абавязкова паспрабуем узяць рэванш!”

Добрай традыцыяй і ўпрыгожаннем свята стаў конкурс снежных фігур і малюнкаў. Акрамя эстэтычнага моманту карысны ён і тым, што дазваляе зрабіць свой унёсак у выступленне працоўнага калектыву і тым яго членам, хто, напрыклад, па стане здароўя ці ўзросце не можа праявіць сябе ў спартыўных відах. Сёлета снежная экспазіцыя разгарнулася ў нізіне непадалёк ад спарткомплексу, што павінна было даць магчымасць людзям зверху любавацца скульптурамі і малюнкамі. Праўда, свае карэктывы ў планы арганізатараў унесла нябесная канцылярыя, хутка прыкрыўшая рукатворныя шэдэўры белай коўдрай – ды хіба ж можна на гэта скардзіцца ў Дзень снегу?! Зрэшты, журы ўсё ж паспела ацаніць творы – тры лепшыя былі адзначаны прызавымі месцамі, астатнія – аднолькавымі баламі за ўдзел. Ну а паколькі проста нельга было ўстаяць перад абаяннем снежнай каровы і ўспрыгнуўшага на яе спіну коціка, створаных зборнай ТЦСАН і МНС, менавіта гэтай рабоце дасталіся лаўры пераможцы.

Падсумаваўшы набраныя ва ўсіх відах балы, арганізатары – а імі былі аддзел адукацыі, спорту і турызму, ФСК “Ураджай” і райкам БРСМ – вызначылі пераможцаў. Але перш чым агучыць вынікі, хочацца сказаць добрыя словы пра каманды райбальніцы, ЖКГ, Ушацкай школы, райспажыўтаварыства, якім у гэты раз не давялося атрымаць дыпломаў, але ўдалося прыдбаць значна большае – яркія эмоцыі, сяброўскія пачуцці і прыхільнасць балельшчыкаў.

Ну а трыумфатарамі Дня снегу сталі: аб’яднаная каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і РАУС, заняўшая агульнае трэцяе месца, зборная РАНС і ТЦСАН і літаральна вырваўшая ў іх перамогу з розніцай у палову бала каманда газавай службы. І трэба сказаць, што гэты калектыў свой поспех цалкам заслужыў, бо іх выступленне было самым стабільным. Вялікі ўклад у яго ўнеслі дырэктар Сяргей Міхайлавіч Палякоў і галоўны інжынер Яўген Міхайлавіч Шапавалаў, якія зарадзілі сваю каманду пераможным духам. Спецыяльны прыз за прапаганду здаровага ладу жыцця атрымалі ўдзельнікі з “Лясных азёр”.

Увогуле ж зусім не дзеля галоў, ачкоў і секунд праводзяцца такія мерапрыемствы, а для таго, каб людзі змаглі адпачыць усёй сям’ёй, даць дзецям прыклад здаровага ладу жыцця. Невыпадкова на свяце было столькі маленькіх гледачоў. Дзеці з задавальненнем дапамагалі бацькам ствараць снежныя фігуры і малюнкі, хварэлі за іх на спаборніцтвах. Так, напрыклад, проста не мог няўдала выступіць у конкурсах мнагадзетны тата з Дэпартамента аховы Вячаслаў Сакалоў, бо за ім з імпэтам назіралі тры пары вочак яго малышоў. Да слова, прадстаўнікам гэтай арганізацыі, якія ў тандэме з “Патрыётам” толькі на адзін бал адсталі ад прызавой тройкі, вельмі спадабалася ўдзельнічаць у спартыўным свяце і яны прызналіся, што ўжо чакаюць чарговых стартаў. Хочацца спадзявацца, што і нашы шаноўныя лясгасаўцы, будаўнікі, меліяратары, дарожнікі, сувязісты, энергетыкі, аграрыі, якія чамусьці праігнаравалі гэтае мерапрыемства, з’явяцца ў пратаколе наступных спаборніцтваў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



3 комментария по теме “В Ушачах прошёл День снега

  1. Добрый вечер!
    Читала статью, посвященную празднику снега и так хорошо стало от воспоминаний))Все было здорово, весело, я бы сказала даже, что такие мероприятия сближают коллектив)
    И во всем этом хорошем есть момент, который омрачил прочитанное…
    В Ушачском районе газоснабжения НЕТ директора, есть начальник (но это не самое важное, хоть и значимое) и зовут его НЕ Сергей Михайлович, как написано выше, а АНДРЕЙ Михайлович.
    Вот читаешь статью, доходишь до места, где написано про организацию-победителя и понимаешь, что таких людей там не работает.И становится обидно, что даже не уточнили инициалы, а написали на «авось».
    Пожалуйста, если Вы пишите статью, которая должна доставить радость и гордость за людей, уточните их имена и фамилии.
    Заранее спасибо)

  2. Приносим глубочайшие извинения уважаемому коллективу и его директору Андрею Михайловичу! Впредь будем более внимательными. Надеемся, что эта досадная неточность не повлияет на боевой настрой вашей дружной команды, которой желаем новых спортивных побед и трудовых достижений!

  3. Большое спасибо за понимание и за пожелания)
    Желаем коллективу газеты творческих успехов и процветания)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *