В школах Ушаччины прошли вечера встречи с выпускниками

Общество

У першую суботу лютага ў кожнай школе з нецярпеннем чакалі выпускнікоў. А яны, узрушаныя і акрыленыя, радасна імкнуліся на сустрэчу са сваім юнацтвам. Толькі там яны па-ранейшаму Тані і Лёшы, Марыны і Дзімы. Толькі там яны на некаторы час забыліся пра свае штодзённыя клопаты і жылі надзвычай шчаслівымі ўспамінамі…

Як і кожны год, ледзь умясціла ўсіх гасцей – а гэта больш за 200 чалавек – актавая зала Ушацкай сярэдняй школы. Сяброўскія абдымкі, кампліменты, усмешкі і слёзы – чаго толькі ні было!

Напачатку мерапрыемства вядучыя Лі­дзія Шкаруба і Аляксей Казлоўскі, дырэктар школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі лаканічна расказалі пра будні ўстановы, поспехі сённяшніх вучняў і педагогаў. Падчас своеасаблівай пераклічкі высветлілася, што на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі практычна ўсіх юбілейных выпускаў. Сярод іх – адзіны былы вучань з 55-гадовым выпускным “стажам” Іван Іванавіч Ярмош, які павітаў прысутных, прыгадаў любімыя ім урокі матэматыкі, падзякаваў за ўспаміны, што жывуць у яго сэрцы з 1963 года.

Не забылі арганізатары і настаўнікаў, якія на працягу доўгага часу аддавалі сябе любімай справе. Сярод іх – сёлетняя юбілярка Н.М.Пашута. З 51 года педагагічнага стажу 34 жанчына прысвяціла рабоце ва Ушацкай школе. Да таго ж Надзея Мікалаеўна стала і самай старэйшай сярод прысутных выпускніцай – навучальную ўстанову яна скончыла ў 1949-м, калі большасць прысутных яшчэ не нарадзіліся! Карыстаючыся выпадкам, жанчына перадала прывітанне школе ад свайго даўняга сябра і калегі Анатоля Сцяпанавіча Дука, якога памятаюць многія педагогі і старэйшыя выпускнікі.

Яркім момантам мерапрыемства стала запрашэнне на сцэну “юбіляраў”. Дружнымі аказаліся паралелі 1973 і 1978 гадоў выпуску, якіх сабралася больш за два дзясяткі чалавек. Не пабаялася адлегласці Любоў Прыжэннікава, якая прыехала з Ельні, завітала на ўрачыстасць і сям’я Махонькаў з Наваполацка – Аляксандр і Надзея ў свой час вучыліся ў адным класе. Цёплымі словамі прыгадвалі выпускнікі любімых педагогаў і той старт, які дала ім школа.

– Нас вучылі быць справядлівымі, дапамагаць бліжнім, – дзялілася са сцэны Клаўдзія Шарыпа. – На такіх жа прынцыпах мы выхоўвалі сваіх дзяцей, унукаў. Асабіста ж мне гэтыя веды спатрэбіліся і ў прафесіі, паколькі таксама стала настаўнікам. Лічу сябе шчаслівай, бо заўсёды бачыла выдатны прыклад прафесіяналізму сваіх калег, педагогаў Ушацкай школы.

Прадстаўнічым аказалася дэлегацыя выпуску 1983 года. Ля мікрафона яны жартаўліва давалі “справаздачу” былым настаўнікам аб уласных дасягненнях. Хтосьці звязаў сваё жыццё з праваахоўнымі органамі, медыцынай, нехта – з чыгункай. Але ўсіх іх аб’ядноўвае жаданне вяртацца ў родную школу зноў і зноў, а самы далёкі шлях да яе быў сёлета ў Віталя Балдоўскага з Брэста.

З самых розных куточкаў краіны прыехалі і выпускнікі 1988 года. Таццяна Курбака, напрыклад, жыве зараз у Гродна, Сяргей Дук і Дзмітрый Жынь – у сталіцы. Слова ж ад усёй паралелі трымала Наталля Стрыжонак – найперш не як начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, а як былая вучаніца Ушацкай школы.

Ледзь падзялілі мікрафон прадстаўнікі ўсіх класаў 1998 года выпуску. Кветкі і падарункі, дарэчы, яны падрыхтавалі ўсім, а не толькі прысутным у зале класным кіраўнікам і першым настаўнікам – Маю Фёдараўну Крышнёву і Марыю Іосіфаўну Валодчанка, у якіх не атрымалася прыйсці на мерапрыемства, выпускнікі наведалі дома.

Святочную атмасферу вечара дапаўнялі канцэртныя нумары ў выкананні выпускнікоў школы розных гадоў: Галіны Ігнатовіч, Лідзіі Шкаруба, Ганны Гатаўскай, Аксаны Бабаедавай, Галіны Бурак і Анастасіі Станько. Завяршылася ж мерапрыемства традыцыйным Гімнам выпускнікоў, які ра­зам з артыстамі выканалі ўсе прысутныя.

Па-сямейнаму шчыра праходзіў вечар сустрэч у Ільюшынскай школе. Насычаную праграму для выпускнікоў – а іх сёлета сабралася больш за 40 – падрыхтавалі вучні ўстановы. Завадныя песні і танцы, вясёлыя сцэнічныя нумары госці сустрэлі на “ўра” і нават пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства доўга не разыходзіліся – абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі.

– Сустрэча атрымалася ў пэўным сэнсе маладзёжнай, – расказала намеснік дырэктара школы Жанна Анатольеўна Крамін. – Найбольш актыўнымі гасцямі сталі выпускнікі з пяці- і дзесяцігадовым “стажам”. І гэта надало мерапрыемству задору, аптымізму. Своеасаблівай трэніроўкай да юбілею заканчэння школы яно стала для Дзяніса Атрошкіна, які зараз жыве ў Магілёве, – школу ён закончыў 9 гадоў таму.

У сяброўскай атмасферы прайшоў вечар у Арэхаўне. Сённяшнія вучні падрыхтавалі для сваіх “папярэднікаў” экскурсію, цікавы канцэрт – з песнямі, флэшмобамі, танцамі. Добрым падарункам для выпускнікоў стаў і спецыяльны маляўнічы альбом – у ім былыя школьнікі мелі магчымасць пакінуць свае запісы з пажаданнямі ўстанове. Чым, зрэшты, актыўна скарысталіся, пры­гадаўшы часы, калі яны “хапалі зоркі з неба”, набывалі веды ў мудрых настаўнікаў. Дырэктар жа школы Ларыса Аляксандраўна Булаўка падчас урачыстасці зазначыла, што навучальная ўстанова ганарыцца сваімі выпускнікамі, імкнецца падтрымліваць і мацаваць сувязь з імі. І так будзе заўсёды!

У мінулую суботу вечары сустрэчы прайшлі ва ўсіх школах раёна. І ўсюды панавала незвычайная атмасфера сяброўства і дабрыні. Радасныя імгненні такіх мерапрыемстваў выпускнікі, незалежна ад узросту, беражліва захоўваюць у патаемных куточках сваіх сэрцаў, каб праз гады ўбачыцца зноў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *