Ушачский районный Совет депутатов 28 созыва приступил к работе и провёл первое заседание

Саветы і жыццё

У суботу, 3 сакавіка, прыступіў да работы і правёў першае пасяджэнне Ушацкі раённы Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Нагадаем, што ў гэты орган дзяржаўнага кіравання па выніках галасавання 18 лютага 2018 года ўвайшлі 25 дэпутатаў. Асноўным пытаннем павесткі першай сесіі стаў выбар чалавека, які будзе займацца дэпутацкай дзейнасцю на прафесійнай аснове і ўзначаліць раённы Савет. Удзел у пасяджэнні і тайным галасаванні прынялі 24 дэпутаты. Па яго выніках старшынёй Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання абраны дэпутат ад Цэнтральнай выбарчай акругі № 4 Наталля Мікалаеўна Марковіч.

У падтрымку яе кандыдатуры выступілі дэпутаты Святлана Пятроўна Васілеўская, Ірына Леанідаўна Літвінава і Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, якія адзначылі, што за гады працы ім неаднойчы даводзілася мець зносіны з Н.М.Марковіч, якая на папярэдніх рабочых месцах у якасці дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, намесніка старшыні райвыканкама зарэкамендавала сябе толькі са станоў­чага боку, з’яўляецца вопытным і ўдумлівым кіраўніком. З такой ацэнкай дэпутатаў пагадзіўся і старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў, які прымаў удзел у рабоце сесіі.

Уладзімір Уладзіміравіч выказаў словы падзякі ўсім прысутным за годнае правядзенне выбарчай кампаніі – на пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі ўсіх працоўных калектываў і актыў раёна. І сапраўды, у выбарах прыняў удзел практычна кожны, хто знаходзіўся ў зале – працавалі ў камісіях, збіралі подпісы, былі даверанымі асобамі кандыдатаў у дэпутаты, адказвалі за падрыхтоўку памяшканняў участкаў для галасавання ці забяспечвалі законнасць і правапарадак.

– Высокі працэнт яўкі на ўчасткі для галасавання азначае высокі ўзровень даверу насельніцтва мясцовай уладзе, – выказаў слушнае меркаванне У.У.Цярэнцьеў. – Пры правядзенні “прамых тэлефонных ліній” кіраўніцтвам вобласці з Ушацкага раёна паступае невялікая колькасць зваротаў, што з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем дзеяздольнасці мясцовай вертыкалі.

Не ўсе праблемы можна вырашыць адразу, але неабходна размаўляць з людзьмі, сустракацца з выбаршчыкамі, тлумачыць ім пазіцыю ўлады – дэпутаты павінны стаць “мастком” паміж грамадзянамі і кіраўніцтвам раёна – гэта адна з іх першачарговых задач.

Не мог абмінуць у сваёй прамове У.У.Цярэнцьеў і аб’яўлены ў краіне Год малой радзімы: “Раён ваш невялікі, але ў вас многа выхадцаў, якія працуюць у буйных гарадах, дасягнулі поспехаў у розных сферах дзейнасці, у бізнесе. Выходзьце на сувязь, наладжвайце кантакты і прыцягвайце іх магчымасці  ў развіцці рэгіёна, які даў ім пуцёўку ў жыццё”!

Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка таксама павіншаваў Н.М.Марковіч з абраннем на высокую пасаду і выказаў спадзяванне на плённае супрацоўніцтва. “Выканаўчая ўлада і раённы Савет – як дзве рукі аднаго чалавека, – прывёў трапнае параўнанне кіраўнік раёна. – Нам дзейнічаць разам і вырашаць агульныя задачы па развіцці нашага рэгіёна, павышэнні дабрабыту людзей”.

Дэпутацкі корпус раёна значна абнавіўся і памаладзеў, але ў ім захавалася пераемнасць – некалькі дэпутатаў маюць вопыт дзейнасці ў раённым Савеце дваццаць сёмага склікання. У.У.Цярэнцьеў і У.Г.Аўдошка выказалі словы падзякі ўсім дэпутатам мінулага складу, які ажыццяўляў сваю дзейнасць на карысць раёна пад кіраўніцтвам В.М.Захарэнка. Яе багаты вопыт работы з людзьмі, дарэчы, не застанецца незапатрабаваным – Вольга Мікалаеўна ўзначаліць раённае аб’яднанне прафсаюзаў суседняга Полацкага раёна.

На сесіі абраны і рабочыя органы раённага Савета дэпутатаў новага склікання.

Намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў стала начальнік разлікова-касавага цэнтра №37 у г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк” Ірына Барысаўна Бурак. Сфарміраваны чатыры пастаянныя камісіі. У іх складзе дэпутаты будуць працаваць над вывучэннем і падрыхтоўкай пытанняў па розных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаны іх старшыні. За дзейнасць камісіі па пытаннях законнасці і мясцовага самакіравання цяпер адказвае начальнік Ушацкага РАНС Сяргей Яўгенавіч Аваднёў, па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця – галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аксана Стэфанаўна Мялешка. Пытаннямі развіцця аграпрамысловага комплексу і экалогіі зоймецца камісія, якую ўзначаліў старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс, а старшынёй камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і па справах моладзі абрана начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская.

У склад прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ўвайшлі старшыня, яго намеснік, старшыні пастаянных камісій і першы сакратар райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *