Не системный сбой, а временный. ОАО «Ильюшинский» ответило на критику в свой адрес

"Патрыёту" отвечают Сельское хозяйство

У нумары 16 за 24 лютага ў газеце “Патрыёт” выйшаў артыкул “Сістэмны збой”, у якім крытыцы падвергліся жывёлагадоўчыя паказчыкі ААТ “Ільюшынскі”. Так, сапраўды лічбы сталі ніжэйшымі і трэба патлумачыць, чаму. Адна з прычын зніжэння валавога надою – змяншэнне дойнага статка. За апошнія пяць гадоў пагалоўе гаспадаркі не змяншалася, а толькі павялічвалася: у 2012-м налічвалася 1056 галоў, 2013-м – 1070, 2014-2015-х – 1110, 2016-м – 1185. А ў 2017 годзе дойны статак паменеў на 79 галоў, якія былі перададзены “Глыбачанам” для пагашэння іх крэдытнага доўгу. Не трэба мець адмысловай адукацыі, каб падлічыць, колькі малака далі б амаль 80 кароў у агульны надой гаспадаркі. Прычынай мінусу стаў і перавод двухсот галоў мяснога пагалоўя ў малочнае, а агульны надой дзеліцца на ўсіх.

Бясспрэчна, на прывагі, надоі і іх якасць уплывае і чалавечы фактар. Ні для каго не сакрэт, што ў многіх гаспадарках у гэтай сферы працуюць людзі, якія не заўсёды сумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Напрыклад, мы вымушаны працаўладкаваць і плаціць заработную плату абавязаным асобам, а яны ў сваю чаргу ходзяць на работу “дзеля галачкі”. За 2017 год сярод работнікаў жывёлагадоўлі зафіксавана 190 прагулаў, 20 чалавек было звольнена менавіта па гэтай прычыне, яшчэ 10 – за з’яўленне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, адна работніца адпраўлена ў ЛПП. Каб гэты фактар як мага менш уплываў на вытворчасць, яшчэ больш увагі будзем удзяляць працоўнай дысцыпліне і адразу развітвацца з нядбайнымі работнікамі.

У цяперашні час працуем над тым, каб не дапускаць падзення, павялічыць надоі і, адпаведна, выручку. Абнаўляецца статак, створана група раздою з 37 галоў на ільюшынскім комплексе, якія даюць 600 літраў малака ў дзень. Такая ж група ствараецца і на старасельскай ферме, якая таксама ўжо дае вынікі. Калі паглядзець свежую інфармацыю райсельгасхарча аб надоях малака, то можна сказаць, што ўсё ж гэта не сістэмны, а часовы збой: калі ў лютым сутачны продаж малака склаў 3550 кілаграмаў, то сёння амаль 5000, таварнасць малака паднялася з 76% да 83,2%.

У артыкуле адзначаецца, што нязвыкла бачыць “Ільюшынскі” ў канцы раённых зводак, жывёлаводаў якога заўсёды ставілі ў прыклад іншым. У той час як менавіта ільюшынскія аператары машыннага даення кароў І.Казачэнка, Л.Гладыш, Н.Маркевіч, Н.Калітуха па выніках 2017-га сталі лепшымі ў раёне, надаіўшы на карову 4379 кілаграмаў – паказчыкі жывёлаводаў штоквартальна публікуюцца на старонках газеты. Блізкімі да гэтай лічбы аказаліся толькі нашы суседзі-вялікадальчане.

Што да спецыялістаў, якія, як адзначана ў артыкуле, “чамусьці тут не затрымліваюцца”, хацелася б сказаць, што ў апошнія гады таварыства стала кузняй кадраў для многіх маладых спецыялістаў, якія не затрымаліся, бо пайшлі на павышэнне: напрыклад, былы галоўны інжынер працуе галоўным спецыялістам райсельгасхарча, намеснік дырэктара ўзначаліў адно з сельгаспрадпрыемстваў Лепельскага раёна, а галоўны заатэхнік стаў спецыялістам “Віцебскмясамалпрама”. Не аспрэчваю, недахоп кадраў ёсць – вакантным зараз пакуль застаецца месца галоўнага заатэхніка, а вось ветэрынарная служба хутка папоўніцца двума пастаяннымі працаўнікамі – будучыя маладыя спецыялісты ўжо зараз праходзяць у нас вытворчую практыку. Адсутнасць тых ці іншых кадраў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў ніяк не азначае, што няма кантролю: за кожнай жывёлагадоўчай фермай замацаваны галоўныя спецыялісты-мужчыны, а за кожнай групай дадаткова бухгалтары і эканамісты.

Падводзячы вынік, адзначу, што апошнія два гады не самыя рэкордныя па многіх накірунках, нам ёсць над чым працаваць і да чаго імкнуцца, але ўвогуле сітуацыю надзвычай крытычнай не назавеш – апісаны так званы “сістэмны збой” не прывёў да нявыплаты заработнай платы і зрыву падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной.

С.ХАЛІМОНЕНКА, дырэктар ААТ “Ільюшынскі”.



1 комментарий по теме “Не системный сбой, а временный. ОАО «Ильюшинский» ответило на критику в свой адрес

  1. Мiнулым годам быу у знаёмых у Польшчы. Па справах наведалi iх дзядзьку Збышэка- фермера. Збышэк мае ферму у 100 галоу. Сярэднегадавы надой на карову складае 9,5 тонн. Казау, што калi карова дае меней за 8 тонн на год, то мэтазгодна яе пушчаць на каубасу

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *