В оздоровительном лагере Ореховской школы

Общество

Ужо стала цікавай традыцыяй у аздараўленчым лагеры “Крынічка” Арэхаўскай школы праводзіць конкурс “Міс лета”. Адбыўся ён і на заканчэнне змены сёлета, але, каб было больш захапляльна, праходзіў крыху інакш. Назвалі яго “Казка кажацца…”
Жыў-быў Вялікі князь (старшыня журы Віталь Дзямідаў) і было ў яго тры сыны. Рашыў князь ажаніць сыноў. Склікаў ён сваю радню (член журы, работніца сталовай І.Макаркіна; настаўніца пачатковых класаў М.В.Дамжонак; вучні Арына Стрыжонак, Вадзім Первянёнак). Вырашылі яны паклі- каць сваццю (вядучая), каб яна прывяла на агледзіны самых прыгожых і таленавітых дзяўчатак-нявест. А гэта Наталля Спірыдовіч, Алена Контарава, Людміла Міцкевіч, Эвеліна Мядзведзева, Марыя Кляшторная, Аляксандра Карбоўская.
Удзельніцам трэба было паказаць спрыт і майстэрства ў многіх выпрабаваннях: расказаць пра сябе, якога роду-племені, чым любяць займацца, паказаць, як спяваюць, ці ведаюць палявыя кветкі, асабліва лекавыя. Трэба было пачаставаць князя і яго радню прыгатаванай дома стравай, каб ён убачыў, якія нявесты гаспадыні. На суд Вялікага князя, радні і гасцей дзяўчынкі прадставілі “Шчупака фаршыраванага”, салата “Сонейка”, пудынг “Клубнічка” і іншае.
І вось наступіў самы адказны момант – выбар нявесты. Параіўшыся з раднёй, князь вырашыў ажаніць свайго старэйшага сына з самай удалай (ёю аказалася Людміла Міцкевіч), астатніх нявест аддаць замуж за сваіх малодшых сыноў і пляменнікаў.
Усім дзяўчынкам былі падораны наборы касметыкі і шакаладкі.
Спонсарам конкурсу з’явілася індывідуальны прадпрымальнік Ірына Віктараўна Агапава. Хочацца падзякаваць гэтай цудоўнай жанчыне за дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў, якія наладжвае школьная бібліятэка. Яна неаднаразова аказвала нам матэрыяльную дапамогу. Пабольш бы такіх спонсараў! Было б цікавей і дзецям, і нам, арганізатарам, праводзіць масавыя мерапрыемствы.
Я.ВІТКО,
бібліятэкар Арэхаўскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *