Масштабное мероприятие, приуроченное к прорыву вражеской блокады партизанами Полоцко-Лепельской зоны, прошло на Ушаччине

Общество

Напачатку мая ва ўсёй краіне адзначаецца шэраг знакавых святаў. На Ушаччыне ж ёсць сваё, адметнае – незадоўга да Дня Перамогі ў нас ладзіцца маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны. Прычым збірае такое дзейства ўжо другі год запар не толькі жыхароў нашага раёна, але і шматлікіх гасцей з усёй Віцебшчыны.

Вось і ў пятніцу, 4 мая, Ушачы сталі своеасаблівым святочным эпіцэнтрам. На цэнтральнай плошчы гарпасёлка з самай раніцы было ажыўлена: абмяжоўваўся рух транспарту, апошнімі прыгатаваннямі да паказальных выступленняў займаліся спартсмены, лепшыя глядацкія месцы займалі жыхары райцэнтра. Раздзяліць жа з ушачанамі важнасць падзеі на ўрачыстасць завіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, наш сенатар у Савеце Рэспублікі, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, кіраўніцтва горада Наваполацка, Лепельскага і Полацкага раёнаў, розных ведамстваў.

– У календары шмат дат і падзей, пра якія памятаем і адзначаем, але гэта – асаблівая. Мы аддаём даніну памяці тым, хто ваяваў і зрабіў усё для мірнага неба над нашай галавой. Прыемна, што ініцыятыва правядзення свята падтрымана кіраўніцтвам вобласці, – адзначыла старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Па традыцыі аднымі з галоўных арганізатараў урачыстасці сталі прадстаўнікі ДТСААФ. Таварыства заўсёды прымае актыўны ўдзел у справе ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны, не раз ладзіла аўтапрабегі дарогамі вызваліцеляў. Удзельнікаў мерапрыемства ад 150-тысячнага саставу рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання вітаў старшыня яго цэнтральнага савета Іван Васільевіч Дырман. Ва Ушачы на аўтапрабег прыехалі прадстаўнікі не толькі суседніх раёнаў, але і Браслава, Талачына, Шаркаўшчыны, Пастаў, Оршы – гэта стала магчымым дзякуючы арганізатарскім здольнасцям нашага земляка, старшыні Віцебскай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Васіля Васільевіча Корабава, які на свяце віншаваў прысутных, быў вядучым падчас паказальных выступленняў па тэхнічных відах спорту і нават праводзіў з гледачамі віктарыну на веданне гісторыі ўшацкага краю.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі таварыства не толькі дораць ушачанам відовішчныя мерапрыемствы, а і прымаюць удзел у грамадскім жыцці раёна, дапамагаюць вырашаць надзённыя праблемы. Так, напрыклад, старшыня Наваполацкай ДТСААФ Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў з’яўляецца дэпутатам Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў. У свой час ён узначальваў арганізацыю ДТСААФ ва Ушачах, праводзіў спаборніцтвы па мотакросе нават міжнароднага ўзроўню, зараз працуе ў Наваполацку, але ад доміка ў Лутава Сяльцы не адмовіўся і наведвае яго пастаянна.

Пакідаюць нас ветэраны вайны, і эстафету ў патрыятычным выхаванні моладзі пераймаюць у іх удзельнікі менш аддаленых па часе баталій. Сваю лепту ў правядзенне свята ўнеслі воіны-інтэрнацыяналісты: да ўшацкіх баявых калег далучыліся прадстаўнікі абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. “Два гады таму мне давялося пабываць ва Ушачах на ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнага комплексу пасля рэканструкцыі, і пра свае моцныя ўражанні ад велічнасці манумента я расказаў сябрам па арганізацыі, якія таксама вельмі захацелі ўбачыць “Прарыў” на свае вочы, датыкнуцца да гэтай гераічнай старонкі гісторыі Прыдзвіння”, – расказаў старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання Валерый Генадзьевіч Ананчанка.

Горача сустракалі прысутныя каларытную калону байкераў, транспартныя сродкі якіх былі ўпрыгожаны дзяржаўнай сімволікай і сцягамі сваіх рэгіёнаў.

Нікога з гледачоў не пакінулі раўнадушнымі паказальныя заезды картынгістаў і мотакрасменаў. Нават не верылася, што так па-майстэрску кіруюць на высокіх хуткасцях спартсмены, некаторым з якіх яшчэ не споўнілася і сямі гадоў. Ну а тыя, хто займаецца мотаспортам не першы год, наогул паказвалі вельмі складаныя прыёмы экстрэмальнага ваджэння. Прычым, былі сярод іх і дзяўчаты, якія ўпэўнена трымаліся на жалезным кані і ні ў чым не саступалі прадстаўнікам моцнай паловы. Юныя гледачы вачэй не маглі адарваць ад заездаў невялічкіх машын, кіраванне якіх ажыццяўляецца спецыяльнымі пультамі.

Пасля відовішчных выступленняў быў дадзены старт святочнаму аўтапрабегу. Яркая калона рушыла на мемарыяльны комплекс “Прарыў” і расцягнулася не на адзін кіламетр. Прадстаўнікі ж улады ў гэты час прынялі ўдзел у паніхідзе па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якую адслужыў у храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры г.п.Ушачы архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

“Калі набліжаецца 9 Мая, душу напаўняюць розныя пачуцці: гэта і радасць перамогі, і смутак аб загінуўшых. Мы не зможам забыць гэты дзень, бо за нас пралівалі сваю кроў нашы бацькі, дзяды, прадзеды”, – казаў ужо на мемарыяльным комплексе Уладыка. За значны ўклад у духоўнае адраджэнне народа ён уручыў узнагароду Беларускай Праваслаўнай царквы У.У.Цярэнцьеву.

Вялікай славутасцю нашага рэгіёну, своеасаблівым звонам памяці пра гераічны подзвіг пакалення пераможцаў, унікальнай школай для выхавання юных грамадзян Беларусі назваў падчас мітынгу “Прарыў” старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Удзячнасць ветэранам за магчымасць жыць, любіць, ствараць і працаваць ад імя моладзі выказаў камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Андрэй Правада.

На жаль, з кожным днём застаецца ўсё менш сведак Вялікай Айчыннай вайны – вось і сёлета на мітынг змог завітаць толькі Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Для ветэрана гэта свята, сапраўды, са слязамі на вачах. У чарговы раз сум агортваў яго на гэтай палітай крывёю зямлі з-за нахлынуўшых успамінаў. Памяць пра тых, хто аддаў жыцці падчас прарыву варожай блакады, усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Эмацыянальнасці мерапрыемству дадалі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні культработнікаў і дзіцячых калектываў. Кульмінацыйным жа момантам стала ўскладанне вянкоў і кветак да пліт з прозвішчамі загінуўшых.

– Ушацкі мемарыял для нас вельмі блізкі, – зазначае старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Сяргеевіч Яфрэмаў. – У прарыве той варожай блакады ў ноч з 4 на 5 мая 1944-га ў ліку 16 партызанскіх брыгад былі і выхадцы нашага раёна. Таму сённяшняе свята лічу агульным, па-сапраўднаму народным. Дэлегацыя Лепельшчыны тут ужо не ў першы раз і, упэўнены, не ў апошні.

Увогуле стасункі паміж нашымі раёнамі вельмі моцныя, і асабліва яны праяўляюцца падчас падобных мерапрыемстваў, бо заўсёды святочную калону ўшачан узначальваюць вайскоўцы ваеннай часці Заслонава. Яны суправаджаюць залпамі салюта і гукамі аркестра як урачыстасці, так і жалобныя моманты – так было днямі ў час пахавання ветэрана Вялікай Айчыннай Васіля Маркіянавіча Клопава, які зусім крыху не дажыў да чарговага свята Перамогі…

Вялікай дэлегацыяй прыйшлі на ўрачыстасць прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна. “Мы проста не маглі ў гэты дзень быць у іншым месцы і не раздзяліць з землякамі важную падзею”, – адзначыла майстар па добраўпарадкаванні Вольга Шчэрбік. Аддалі даніну памяці загінуўшым і работнікі іншых працоўных калектываў. Як заўсёды дружна выглядалі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “БРСМ”.

– Шчыра кажучы, на мерапрыемства трапілі выпадкова. Раней ужо заязджалі на “Прарыў”, а сёння, накіроўваючыся да сваякоў праз Ушацкі раён, былі ўражаны такім маштабам свята і з цікавасцю далучыліся да яго. У наступны раз абавязкова прыедзем сюды з дзецьмі і параім зрабіць гэта знаёмым, – падзялілася ўражаннямі сям’я Макаравых з Глыбокага.

Многія госці фатаграфаваліся на памяць ля мемарыялу, выставы ваеннай тэхнікі, а таксама спрабавалі салдацкую кашу, прыгатаваную на палявой кухні. “Цывільныя” стравы прапаноўвалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства. А актывісты раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа сумесна з работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раздавалі ўсім жадаючым у спякотнае надвор’е пітную ваду.

Да самага вечара ладзілася свята і ў райцэнтры. У гэты дзень наведаць музей народнай славы імя У.Е.Лабанка можна было бясплатна. Звінелі дзіцячыя галасы ў любімым месцы маленькіх ушачан – скверы гарпасёлка. Тут для хлопчыкаў і дзяўчынак было арганізавана мноства забаўляльных праграм. Атрымаць прызы за кемлівасць і спрыт можна было на спартыўнай і бібліятэчнай пляцоўках. На апошняй, дарэчы, акрамя традыцыйных літаратурных выстаў была створана адмысловая сцяна памяці – на ёй усе жадаючыя пакідалі ўспаміны пра сваіх родных, блізкіх – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Непадалёк можна было паглядзець і набыць вырабы ўмельцаў Дома рамёстваў ці, скажам, сфатаграфавацца ў спецыяльна падрыхтаванай фотазоне ваеннай тэматыкі.

Шчыра дзякавалі ўшачане ўдзельнікам арт-групы “Беларусы”, якія прадставілі на адкрытай танцавальнай пляцоўцы насычаную праграму. Заключным жа акордам свята стаў феерверк, які расквеціў неба над Ушачамі сотнямі рознакаляровых агнёў. І да світанку ззяў агнямі “Прарыў” – як і ў тую лёсавызначальную ноч 74 гады таму…

В.КАМАРКОВА, К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *