«Летний патруль» проводит рейды в местах отдыха Ушаччины

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

З пачаткам сезона адпачынку супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з актывістамі БРСМ і работнікамі лясгаса  праводзяць  рэйды па папярэджанні пажараў і ўзгаранняў у рамках штогадовай акцыі “Летні патруль”. У адзін з такіх маніторынгаў, які прайшоў у месцах адпачынку на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва, адправіліся і мы.

– Прычынай пажару ў гарачае надвор’е могуць стаць шкляныя бутэлькі і посуд. Сонечныя прамяні праз выпуклае або ўвагнутае шкло ўтвараюць эфект лінзы. Калі гаручыя прадметы акажуцца ў фокусе пераламлення прамянёў, значна павысіцца іх нагрэў, што і прывядзе да ўзгарання. Таму не трэба пакідаць пасля сябе на месцы адпачынку шкляныя прадметы, а калі вы іх убачылі, то варта ўбраць або засыпаць зямлёй, – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС В.Карэйша.

Нагадаем, што пры наведванні лясоў забараняецца разводзіць вогнішчы ў ветранае надвор’е, на тарфяніках, на лесасеках з нарыхтаванай драўнінай, у месцах з падсохлай травой, пад кронамі дрэў, на ўчастках, не абрамленых паласой глебы шырынёй менш 0,25 метра, у неабсталяваных месцах, выкарыстоўваць бензін ці дызельнае паліва. Пастаянна кантралюйце працэс гарэння, а вогнішча патушыце да поўнага спынення тлення.

Дарэчы, удзельнікі “Летняга патруля” не толькі інструктавалі тых, каго давялося сустрэць, а і прыбралі смецце каля альтанак на аблюбаваных ушачанамі “пяньках”, нагадалі адпачываючым на Вечаллі аб бяспецы на вадзе і як аказаць першую дапамогу пацярпеламу.

У час гэтага рэйду парушальнікаў правіл пажарнай бяспекі не было выяўлена. Праводзіць жа такія выезды плануецца да канца лета ва ўсіх месцах адпачынку, а таксама ў лясных масівах на тэрыторыі раёна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *