От норм моральных до правовых. Как люди хоронят своих родных, нарушая закон

Выясняем ситуацию

Закон “Аб пахаванні і пахавальнай справе” прыняты ў краіне яшчэ ў 2001 годзе. У ім дэталёва распісана ўсё: памер магіл і парадак іх рэзервавання, вышыня агароджы і віды насаджэнняў. Вось толькі не скажаш, што ён дзейнічае, ва ўсялякім выпадку ў нашым раёне. Людзі хаваюць сваіх блізкіх дзе хочуць і як ім выгадней, часта парушаючы і закон, і маральныя нормы.

А месца ўжо занята

На памяці змест рэдакцыйнага пісьма, па якім давялося разбірацца. Не ліст, а адчай пажылой жанчыны, што “засталася без месца пахавання”. На цэнтральных ушацкіх могілках стаіць помнік мужу, а побач з ім абсталявалі столік і лавачку. Не ў межах агароджы, а за ёй, паколькі па існуючых забабонах жывым не варта загадзя клапаціцца пра апошняе месца прытулку. І вось калі бабуля ў чарговы раз наведалася ва Ушачы ад гарадскіх дзяцей, не ўбачыла ні стала, ні лаўкі… Галасіла над свежым пагорачкам, які ўшчыльную вырас ля помніка мужа. Аплаквала, зразумела, не малазнаёмага ёй чалавека, а немагчымасць быць пахаванай побач з блізкім.

Можна ўявіць, што гэта быў за ўдар для жанчыны, якая жыла па маральных законах, маўляў, усе ведаюць, што такім чынам браніруецца месца. Аднак у суд іск не падасі, і слязамі гору не дапаможаш. Выснова па той справе напрошвалася толькі адна: пакуль спецыялізаваная арганізацыя, у канкрэтным выпадку – камунгас, не возьме пад кантроль пахаванні, чакаць парадку на могілках не давядзецца.

І козы сытыя, і сена цэлае

Што рабіць, каб пазбегнуць падобных нечаканасцяў? Усім дзейнічаць у межах закона. На яго аснове ў 2009 годзе прынята рашэнне Ушацкага райвыканкама №599, якім устаноў­лена, што для выдзялення ўчастка для пахавання родным памерлага або асобам, якія ўзялі на сябе гэты клопат, трэба звярнуцца: у камунгас, калі пахаванне будзе ажыццяўляцца на могілках па вуліцы Кастрычніцкай гарпасёлка або ў вёсцы Ваўчо (да Уладзіміра Пятровіча Лесіна – 2-96-17 або Дзмітрыя Сяргеевіча Шасцярня – 2-79-36) ці ў сельскія выканаўчыя камітэты – калі на іншых. Адказнымі асобамі будуць адведзены месцы для пахавання: бясплатна на новае або падпахаванне да існуючай магілы блізкага чалавека, і платна, у памеры 0,5 базавай велічыні за квадратны метр, калі плошча сямейнага пахавання перавышае 2,3 метра ў даўжыню і 2,2 у шырыню. Для гэтага трэба напісаць заяву і пры сабе мець даведку аб смерці ці мёртванараджэнні.

За самавольнае ж пахаванне прадугледжаны штраф ад пяці да дзесяці базавых велічынь. Акрамя гэтага спецыялізаваная арганізацыя мае права настаяць на перапахаванні.

Магчымы і фамільны склеп

Канечне, складана перайсці ад норм маральных, якія зараз пануюць на могілках, да прававых, тым больш, што за “апошні метр зямлі” ўшачане ніколі не плацілі. Найбольш прадбачлівыя і няверуючыя ў забабоны проста ставілі калкі, металічную ці нават мураваную агароджу, ствараючы такім чынам сямейныя могілкі на чатыры, шэсць, а то і дзесяць месцаў… Сапраўды, зручна для нашчадкаў наведваць адно, ды і на душы спакойна: усе родныя побач.

І законам гэта не забаронена, хоць фамільны склеп устанаўлівай. Толькі браніруй месца ні лаўкай ці калкамі, а дакументальна. Такая норма, дарэчы, даўным-даўно існуе ў Мінску, дзе ўсе могілкі ў межах горада закрытыя і людзі імкнуцца зарэзерваваць месцы бліжэй да кальцавой дарогі.

Дарэчы, закрытымі з’яўляюцца і могілкі па Кастрычніцкай, на якіх дазволена толькі пахаванне да блізкіх, а не разрыванне старажытных курганоў ці пацясненне іншых пахаванняў.

Прывыкаць да парадку на могілках трэба, ды і нескладана. Для рэзервавання месцаў дастаткова напісаць заяву ў камунгас або сельвыканкам і ўнесці плату ў памеры 0,5 базавай велічыні за квадратны метр. Максімальны памер платных участкаў для пахавання, за выключэннем выдзеленых на бязвыплатнай аснове, – 20 квадратных метраў. Агавораны законам і вышыня агароджы – не вышэй 40 сантыметраў.

Чатыры пахаванні па правілах

Першым месцам у раёне, дзе працуе закон аб пахаванні, з’яўляецца Сарочынскі сельсавет. У маі-чэрвені на могілках устанавілі шыльды, у якіх прапісаны механізм, указаны кантактныя тэлефоны. І за гэты час чатыры чалавекі зрабілі пахаванні па правілах. “Людзі спачатку тэлефануюць, пытаюцца пра месца, а ўжо потым ідуць з дакументамі. У нас жа ўсе могілкі пашпартызаваны, існуе нумар на кожную магілу, і такім чынам новыя пахаванні не з’яўляюцца безгаспадарчымі. У Бутаве людзі пахавалі аднаго з бацькоў, цікавіліся, як зарэзерваваць месца для другога. Патлумачыла, што патрэбна заява, месца ж будзе бясплатным, – расказвае старшыня сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка. – Я гэты вопыт пераняла ў Полацкім раёне, дзе, дарэчы, плата за месца складае 2 базавыя велічыні. На жаль, ёсць і самавольнае пахаванне, па якім будзем разбірацца. Хаця не хочацца ў такім пытанні прыбягаць да пратаколаў”.

І сапраўды, навошта, калі абавязкова знойдуцца два бясплатныя месцы, яны будуць зарэгістраваны і ў далейшым у вашу агароджу не пахаваюць чужога чалавека. А такое здараецца нават з зоркамі. Напрыклад, Алег Даль на вядомых Ваганькаўскіх могілках у Маскве падпахаваны да балерыны Рослаўлевай, хоць сваякамі, нават дальнімі, яны не з’яўляліся. Адзінае, што вы губляеце, калі вырашыце адмовіцца ад забраніраванага месца – гэта аплату, яна не вяртаецца. А ўсе “могілкавыя” сродкі ідуць на асобны рахунак і паслужыць іх добраўпарадкаванню.

Вольга КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “От норм моральных до правовых. Как люди хоронят своих родных, нарушая закон

  1. «Закон аб пахаванні і пахавальнай справе», рашэнне райвыканкаму № 599… Усё гэта вельмі слушна, але тут міжволі ўзгадваюцца словы Міхаіла Еўграфавіча Салтыкова-Шчадрына: «Строгость российских законов смягчается необязательностью их исполнения». А што тычыцца маральных норм, то тут таксама не ўсё так гладка. Ну вось, напрыклад, дзіўны звычай існуе ў нашым раёне (і не толькі ў нашым): ладзіць на магілах фейерверкі і касцюмаваныя шэсці кшталту бразільскіх карнавалаў. Я адношуся да гэтага спакойна, а каму, можа, і непрыемна, каб над магілай яго сваяка скакалі і тройчы на год бабахалі з гармат — для гэтага ёсць іншыя месцы. Вы не разумееце, пра што я? А мемарыяльны комплекс «Прарыў» — ці ж гэта не магіла? І, дарэчы, чаму на гэтым мемарыяле ўсталяваная баявая тэхніка, якая не мае ніякага дачынення ні да партызанскага руху, ні наогул да Вялікай Айчыннай вайны? Напрыклад, баявая машына дэсанту БМД-1, прынятая ў СССР на ўзбраенне ў 1969 годзе? Ці яшчэ больш сучасны танк Т72 (я сам не бачыў, але знаёмыя казалі, што і ён там, на мемарыяле, ўжо стаіць). А між іншым, выданне «We Are The Mighty» (можа, для каго і не вельмі аўтарытэтнае, але ўсё ж такі ў свеце вядомае) лічыць гэты савецкі (расейскі) танк найгоршым у свеце. У чым тут мараль? Ці гэта жарт такі, але я яго не разумею… На мой погляд, найгоршы ў свеце танк — гэта савецкі Т64 (які, праўда, ні разу не ўдзельнічаў ў баявых дзеяннях).

  2. Я полностью согласна с Константином и мне еще не понятно почему люди, которые занимались реконструкцией Прорыва, не знают его истинную историю. Это касается землянок, лесной школы и прочей инфраструктуры на мемориале — никогда там этого не было! Люди просто прорывались, они хотели жить и спастись в этом месиве… Зачем это всё придумывать? Или хотят срубить побольше бабла на горе людей? А празднование всяких юбилеев, дней рождений на святой земле — это вам как? Давайте уж и свадьбы там проводить, благо в лесной школе столы большие и крыша над головой есть… Совести только нет…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *