Правила «выживания» в грозу

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Сёлета ў Беларусі ад удару маланкі загінулі тры чалавекі, адбылося каля двух дзясяткаў пажараў. Што рабіць, калі навальніца застала вас на прыродзе? Разам з ушацкімі выратавальнікамі нагадваем правілы бяспекі.

Калі схавацца недзе, а паблізу толькі аўтобусны прыпынак ці высокае дрэва – не спяшайцеся туды, бо маланку прыцягвае самая высокая кропка! Варта адысці ад яе і перачакаць навальніцу ў позе “эмбрыёна”: прысядзьце, сагніцеся і зацісніце рукі паміж ног – у такім становішчы пагроза мінімальная.

Падчас навальніцы нельга бегаць і хадзіць басанож, трэба ісці маленькімі крокамі. Пажадана, каб на нагах быў абутак з гумавай падэшвай, такі ад разраду абараняе лепш за ўсё. Нельга размаўляць па мабільным тэлефоне – былі выпадкі, калі ён станавіўся прычынай трагедыі. У руках наогул не павінна быць металічных прадметаў: тэлефона, ключоў, гадзінніка.

А вось парасон лепш закрыць, бо ёсць рызыка прыцягнуць разрад. Гэта, праўда, не датычыцца навальніцы ў горадзе. Яшчэ ні разу маланка не забіла чалавека ў мегаполісе – высокія дамы прыцягваюць яе да сябе.

Падчас навальніцы нельга плаваць і вудзіць рыбу, бо электрычны разрад распаўсюджваецца ў вадзе ў радыусе 100 метраў. Ад берага таксама лепш адысці далей і перачакаць навальніцу ў аўтамабілі, спыніўшыся на абочыне і зачыніўшы вокны. Аўто цалкам ізаляванае і малаверагодна, што ў яго ўдарыць маланка.

У лесе яна трапляе перш за ўсё ў дуб, таполю, вярбу, ясень, у якіх больш крухмалу. Хваёвыя дрэвы ўтрымліваюць шмат смалы, таму аказваюць большае электрычнае супраціўленне – у іх маланка трапляе радзей.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *