Юные питерские гандболисты проводят свой тренировочный сбор на ФОКе «Юность-Ушачи»

Cпорт

Юрый Аляксандравіч Бабенка ў свеце гандболу чалавек не апошні. Па крайняй меры на пост­савецкай прасторы былога іграка, а потым і трэнера ленінградскай ”Нявы” ведаюць. “І я выдатна знаёмы з многімі ігракамі “залатога” пакалення мінскага “СКА” – Аляксандрам Каршакевічам, Юрыем Шаўцовым, Канстанцінам Шараваравым, цяперашнім трэнерам мінскіх армейцаў Ігарам Папругам”, – расказвае Юрый Аляксандравіч. Ён на сваім веку паездзіў і пабачыў шмат, бо працаваў яшчэ ў Казахстане, трэніраваў прафесійны клуб расійскай жаночай суперлігі з Майкопа. Зараз, калі перакваліфікаваўся на работу ў СДЮСШ Кіраўскага раёна Санкт-Пецярбурга, таксама даволі шмат часу праводзіць у камандзіроўках – возіць дзяцей на турніры і вучэбна-трэніровачныя зборы. Гэтымі днямі юныя гандбалісты з берагоў Нявы гасцююць у нашым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. І абяцаюць абавязкова сюды вярнуцца.

Па словах Ю.А.Бабенкі, такіх умоў для заняткаў дзяцей няма ні ў Санкт-Пецярбургу, ні ў іншых гарадах Беларусі – Бялынічах, Гомелі і нават у Мінску. “Пляцоўкі, канечне, у буйных спорткомплексах і на арэнах не горш, але іх арэнда каштуе вельмі дорага, – адзначае спецыяліст. – Да таго ж у вялікіх гарадах многа пабочных фактараў, якія адцягваюць увагу ад заняткаў. А ва Ушачах ціха і спакойна, нічога не перашкаджае сканцэнтравацца на трэніровачным працэсе”.

Умовамі трэнер і яго выхаванцы, юнакі 2003 года нараджэння, вельмі задаволены. Паркет – лепшы з усіх, на якіх яны выступалі (сцвярджаюць, што “Нява” з расійскай суперлігі гуляе на пакрыцці ніжэй якасцю, “ды і табло ў нас горш”), трэнажорная зала – суперсучасная. А харчаванне, прапанаванае ў кафэ “Папараць-кветка”, прывяло іх у захапленне – “вельмі смачна і прыслухоўваюцца да нашых пажаданняў”. Меню ў іх рэжымнае, ніякіх чыпсаў і “колаў”. Між тым хлопцы прызнаюцца, што ўвечары любяць наведацца за прысмакамі ў магазіны – на пячэнне і напіткі беларускіх вытворцаў трэнер “закрывае вочы”, кажа, што яны экалагічна чыстыя і не пашкодзяць маладым арганізмам. Адзінае, што нязначна засмуціла расійскіх гасцей, гэта немагчымасць пражывання ў інтэрнаце комплексу, бо нумары былі занятыя дзюдаістамі са зборнай Віцебскай вобласці. Таму размясціцца прыйшлося ў гасцініцы УП ЖКГ, якую юнакі з гумарам называюць “назад у СССР”. Але недахопы ў камфорце кампенсуюцца агульнымі станоўчымі ўражаннямі.

– Пра сучасны спарткомплекс ва Ушачах пачуў ад сваіх знаёмых беларускіх калег, працягвае размову Ю.А.Бабенка. – Патэлефанаваў, дамовіліся, і 5 жніўня мы заехалі. Дабірацца, дарэчы, вельмі зручна: з Піцера напрамую ў Наваполацк, а адтуль па мерках расійскіх прастораў да Ушач зусім блізка. Прывёз я юнакоў, якія сталі сёмымі на першынстве Расійскай Федэрацыі ў сваім узросце.

У тым, што ўзровень расійскай каманды і сапраўды высокі, упэўніліся… дзяўчаты з СДЮШАР №2 г.Наваполацка. Іх трэнер, спецыяліст з 38-гадовым стажам Марыя Аляксандраўна Церашкова спецыяльна прывезла сваіх рознаўзроставых выхаванак на спарынг ва Ушачы – з Ю.А.Бабенка яны пазнаёміліся на турніры ў Гомелі, а ў нашым райцэнтры яе падапечныя 2002 года нараджэння раней праводзілі 10-дзённы вучэбна-трэніровачны збор.

– І ён нам вельмі дапамог, – дзеліцца ўражаннямі трэнер. – У многім дзякуючы базе, закладзенай у вашым спарткомплексе, мы выйгралі першынство рэспублікі, апярэдзіўшы каманды з Брэста і Гомеля. На жаль, з таго саставу ўжо мала хто застаўся – напрыклад, лепшыя нашы ігракі Паліна Сіняўская і Дар’я Аўдошка будуць працягваць спартыўную кар’еру ў ра­сійскім Іжэўску, а варатар, Саша Касінкова, працягне вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і спорту. Да слова, вы іх маглі бачыць і на гульнях дарослага чэмпіянату краіны – маіх дзяўчат бралі ў асноўны склад “Віцябчанкі”, якая некалькі хатніх гульняў праводзіла ва Ушачах.

Мацнейшымі, канечне, аказаліся госці з паўночнай сталіцы Расіі. Перш за ўсё фізічна, з перавагай у росце і атлетызме, бо тактычна і па індывідуальнай аснашчанасці наваполацкія дзяўчаты ім не саступалі. А вось учора піцерскім юнакам было цяжэй – некалькі іх мацнейшых ігракоў ужо пакінулі Ушачы і адправіліся ў дубль “Нявы”, а супрацьстаялі расійскай камандзе хлопцы са спартыўнай школы Лепеля. Зрэшты, госці былі гатовы да любога выніку таварыскай сустрэчы – сапсаваць станоўчае ўражанне ад нашага пасёлка і фізкультурна-аздараўленчага комплексу ім ужо нічога не зможа.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *