Ещё один строительный кран появился в центре Ушач — начались работы по капремонту дома №16 по улице Ленинской

Общество

Яшчэ адзін будаўнічы кран з’явіўся ў цэнтры гарпасёлка – распачаўся капітальны рамонт жылога дома №16 па вуліцы Ленінскай. Якія віды работ будуць весціся ў будынку і хто задзейнічаны ў іх выкананні – мы даведаліся, пабываўшы на аб’екце.

Заказчыкам і падрадчыкам будоўлі з’яўляецца прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна. Як патлумачыў майстар участка Аляксандр Сяргеевіч Бехаў, усе запланаваныя рамонтна-будаўнічыя работы падзелены на два пускавыя комплексы. У першы, які будзе ажыццяўляцца ў бягучым годзе, уваходзяць рамонт рулоннага даху, вентыляцыйных шахт, кладкі вонкавых цагляных сцен. Акрамя таго будзе зроблены рамонт адмосткі і цеплавога вузла, а ў падвальным памяшканні дома заменяць сеткі водазабеспячэння і каналізацыі. Каштарысны кошт правядзення сёлетніх работ складае каля 190 тысяч рублёў. У далейшых планах – частковае ўцяпленне з поўным атынкоўваннем фасаду будынка, добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.

Пачаўся ж рамонт з самых маштабных і тэрміновых дахавых работ: брыгаду УП ЖКГ давялося застаць за вырабам сцяжкі пад заснаванне ізаляцыйнага слою. З чатырохпавярховай вышыні Ушачы выглядаюць маляўніча, ды любавацца даляглядамі рабочым няма калі. “Пакуль стаіць даволі спрыяльнае надвор’е, стараемся максімальна выкарыстаць кожную гадзіну”, – кажуць будаўнікі.

Зрэшты, працуюць яны на аб’екце не адны: на другім крыле дома шчыруе брыгада страхароў Наваполацкага ТАА фірмы “Белсэрвіс”. Як патлумачыў прараб Максім Чырскі, апынуліся яны тут, выйграўшы тэндар на вытворчасць дахавых работ. Прыбылі ж падрадчыкі на ўшацкі аб’ект з грунтоўным тэхнічным суправаджэннем: са сваім кранам, міксерам, самазвалам. Навапалачане мяркуюць заняць тут 12 работнікаў: аб’ём даволі вялікі – трэба замяніць дах больш чым на 600 квадратных метрах, а тэрміны сціслыя – паўтара, максімум два месяцы. Пакуль будаўнікі вядуць дэмантаж старога пакрыцця, а побач ужо ўзвышаюцца стосы ўцяпляльніку – гэты матэрыял стане адным з пластоў новага надзейнага даху, які не будзе засмучаць жыхароў падцёкамі ад дажджоў на столі, як гэта здаралася раней. Сам жа жылы дом будзе пафарбаваны ў светлыя тоны і надасць цэнтру Ушач яшчэ больш прывабнасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: П.Вацьковіч, К.Красноў, Г.Тарасевіч, В.Шарко, К.Макрыдзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *