И переобуют, и отремонтируют. Новое СТО пользуется популярностью у автолюбителей Ушаччины

Общество

Пераабуў свайго “Жыгуля” – першае снежня хутка, а я чалавек законапаслухмяны, штраф плаціць не хачу! – разважаў жыхар Арэхаўна Аляксандр Пятровіч Казакоў.

– Вось і я такі! – усміхнуўся Валерый Уладзіміравіч Корань, дастаючы з багажніка новенькія шыны. – Мог бы на сваёй усесезонцы ездзіць, але ж на зімовай спакайней, асабліва на дарогах да маіх Судзілавіч. На бяспеку грошай не шкада. Зараз памяняю хуценька – тут чаргі практычна не бывае, хлопцы малайцы, добра працуюць, умелыя, ветлівыя – апошнім часам заўсёды сюды звяртаюся…

Гэты дыялог ушацкіх аўтааматараў давялося пачуць ля новай станцыі тэхабслугоўвання, што адкрылася гэтым летам. Дакладней сказаць, аб’ект аўтасэрвісу на павароце да гаражоў ля ПМК-66 існуе ўжо два гады, але раней тут аказвалі толькі шынамантажныя паслугі. Сёлета ж яго гаспадар, індывідуальны прадпрымальнік з Наваполацка Дзмітрый Тарасевіч, пашырыў справу, адкрыўшы побач СТА.

“Зараз у нас шмат робіцца для стымулявання дробнага і сярэдняга прадпрымальніцтва. Каб распачаць бізнес, трэба жаданне, веданне абранай сферы ну і, канечне, укладанні. Можна скарыстацца крэдытам ці беспрацэнтнай пазыкай, я ж справу развіваў паступова, таму абышоўся ўласнымі сродкамі, – расказвае Дзмітрый. – Фактычна, каб адкрыць СТА, не існуе ніякай папяровай цяганіны, нескладана разабрацца і з аплатай адзінага падатку, а пасля прыняцця Указа Прэзідэнта №345 пры аказанні паслуг насельніцтву ў малых гарадскіх паселішчах пры аплаце няма прывязкі да сумы выручкі. Пашчасціла з тым, што ўдалося заключыць з адміністрацыяй ПМК-66 узаемавыгаднае пагадненне наконт арэнды ўчастка. Як прадпрымальнік, я маю права наняць па дагаворы да трох чалавек, за якіх павінен аплачваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Спрашчае ўмовы і тое, што ў апошні час адмянілі ліцэнзіі на многія паслугі СТА”.

Што да апошніх, то на станцыі апроч шынамантажных работ кліентам прапануюць рамонт падвескі, камп’ютарную дыягностыку, экспрэс-замену масла і іншыя паслугі. І хоць стаж яе дзейнасці невялікі, многія аўтааматары ўжо прыгледзелі зручную кропку: у гэтым упэўніліся, зазірнуўшы ў майстэрню, дзе кіпела справа. У двух абсталяваных боксах гаспадарылі ўшацкія слесары – Аляксей Таран прыводзіў у парадак інструменты, а Андрэй Катушонак з дапамогай зваркі рамантаваў глушыцель “Аudi-80”. “Добра знаёмая марка, у самога такая ж. Хоць і немаладая ўжо, але працуе, як гадзіннічак!” – на хвіліну спыніўшыся, заўважыў слесар. Абодва мужчыны з тэхнікай знаёмыя з дзяцінства. Аляксей асвойваў азы побач з бацькам Сяргеем Васільевічам, які працаваў у “Райсельгастэхніцы” на “пяцьдзясяттройцы”, а Андрэю любоў да тэхнікі прывіў дзядуля Мікалай Адольфавіч Шорац, які, па словах унука, у свае шаноўныя 95 год яшчэ можа ліха праехацца на “Жыгулях” па родных Зерчаніцах. Абодва слесары адзначаюць, што працаваць у новай майстэрні ім вельмі падабаецца: “Чысціня і парадак, сучаснае абсталяванне – рады, што такім чынам вырашылі актуальнае зараз для многіх пытанне з занятасцю”.

Ну а майстра-шынамантажніка Андрэя Салдатава гаспадар СТА “пераманіў” з Наваполацка. Пазітыўны хлопец, як правіла, першым сустракае кліентаў і робіць гэта з нязменнай ветлівасцю. “Зняў кватэру ва Ушачах, каб было зручней, ды і ўвогуле падабаецца мне тут у вас!” – паведаміў ён, не адрываючыся ад бартавання кола.

Вядома ж, аўтарамонтныя паслугі – гэта сфера дзейнасці, якая прываблівае многіх прадпрымальнікаў і, адпаведна, канкурэнцыя ў ёй даволі вялікая. “Чым акрамя зручнага месцазнаходжання мяркуеце прыцягваць кліентаў?” – не магла не пацікавіцца ва ўладальніка кропкі. “Вядома ж, узроўнем сэрвісу. А яшчэ аператыўнасцю. Ладзім справу так, каб выконваць заказы як мага хутчэй, а для гэтага можам выйсці на работу і ў выхадны, і нават застацца ў майстэрні ў начны час, калі заказчыку трэба раніцай выехаць у дарогу. Стараемся рэкламаваць СТА з дапамогай лістовак і візітак, рабілі акцыі па зніжэнні цэн на паслугі. І ўжо бачу, што наша кропка пачынае заваёўваць аўтарытэт: так, напрыклад, нядаўна былі выпадкі, калі да нас звярталіся вадзіцелі аўтамабіляў, у якіх здарыліся паломкі на трасе ля Сарочына – а параілі ім гэта мясцовыя жыхары. Так што будзем і надалей старацца развівацца і падтрымліваць годны імідж як нашага аўтасэрвісу, так і ўсяго Ушацкага раёна”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “И переобуют, и отремонтируют. Новое СТО пользуется популярностью у автолюбителей Ушаччины

  1. Если будут так и дальше хорошо относиться к своей работе то несомненно завоюют авторитет в городе, а соответственно и постоянных клиентов

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *