Работники Ушачского РОЧС и электросетей удалили аварийные липы возле центральной районной библиотеки

Cлужба-101

Часовыя нязручнасці прыйшлося пацярпець ушачанам у сераду: у некаторых дамах і аб’ектах сацыяльнага прызначэння не было электрычнасці, а на скрыжаванні Садовай і Ленінскай абмяжоўваўся рух аўтамабіляў. Прычынай жа гэтаму сталі… тры ліпы, што не адзін дзясятак гадоў стаялі каля цэнтральнай раённай бібліятэкі. Дрэвы раслі вельмі шчыльна адно да аднаго і нядаўна былі прызнаны аварыйнымі. Каб пазбегнуць надзвычайнай сітуацыі, вырашана было іх выдаліць. “Шкада дрэў, летам тут можна было схавацца ў цяньку, а які ліпавы водар стаяў! Але што ж зробіш,” – з жалем зазначалі ўшачане, якія сталі сведкамі мерапрыемстваў.

Іх выкананне ўзяў на сябе раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. У супрацоўнікаў гэтай службы ўжо багаты вопыт такіх работ, бо паслуга запатрабаваная: з пачатку года заключана ўжо больш 60-ці дагавораў. Актыўны ўдзел прынялі і ўшацкія электрасеткі: былі зняты электрычныя правады, а для зручнага абразання галін задзейнічана вышка прадпрыемства. Каб спілаванае дрэва не нанесла ніякага ўрону бліжэйшым будынкам, а ўпала ў патрэбнае месца, у работу ўключылася і пажарная тэхніка – супрацоўнікі службаў хутка парэзалі і ўбралі сучча і ствалы. “Не надта складаная сітуацыя, прыходзілася спраўляцца і куды з большымі галіністымі дрэвамі”, – адзначалі выратавальнікі Аляксандр Бугай і Андрэй Раманоўскі.

Сапраўды, з работамі справіліся аператыўна, святло і аўтамабільны рух былі адноўлены нават раней запланаванага часу. Вызваленая тэрыторыя пуставаць не будзе, яе добраўпарадкуюць, пасадзіўшы туі. Драўніна ж адправілася ў Дом рамёстваў і набудзе новае жыццё ў разнастайных вырабах. Як сцвярджаюць майстры, ліпа – самы лепшы матэрыял для разьбы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *