Освобождать людей из-под завалов пришлось спасателям во время тактико-специальных учений, которые прошли на Ушаччине

Cлужба-101

На мінулым тыдні на недабудаваным санаторыі “Вечалле” абрушыліся будаўнічыя канструкцыі, а пад заваламі аказаліся людзі. Бяда маштабная, але, на шчасце, умоўная – Ушаччына стала эпіцэнтрам тактыка-спецыяльных вучэнняў выратавальнікаў вобласці.

Акрамя ўшачан у іх прынялі ўдзел прадстаўнікі Лепельскага, Глыбоцкага, Полацкага, Расонскага райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях, а таксама пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь”. Аб’ект быў абраны невыпадкова: тутэйшыя збудаванні даўно не эксплуатуюцца і ўяўляюць пагрозу жыццю і здароўю людзей. Але не толькі “антураж”, а і ўсе дзеянні былі максімальна набліжаны да рэальных. Ушацкім выратавальнікам, як гаспадарам пляцоўкі, было крыху прасцей, бо кожны з іх выдатна ведае гэтае месца. А вось удзельнікі з іншых раёнаў не ведалі маршрута, для іх усё пачыналася з аператыўнага арыентавання на мясцовасці. Калі пад заваламі пацярпелыя, як і пры пажарах, дарагая кожная секунда. Да таго ж у працэсе выратавання важна не ўскладніць сітуацыю. Спраўляліся ж з выпрабаваннем выратавальнікі пры дапамозе пад’ёмніка і іншых спецыяльных прыстасаванняў. Новыя МАЗы, якія зараз ёсць на ўзбраенні практычна кожнага аддзела, аснашчаны шматлікім сучасным абсталяваннем, сярод якога і гідраўлічны інструмент “Holmatro” якраз для правядзення падобных работ.

– Падчас любых вучэнняў атрымліваем бясцэнны вопыт! Улічваем парады, заўвагі, аналізуем свае дзеянні. Тым больш што ў апошні час наша матэрыяльна-тэхнічная база істотна абнавілася і трэба напрацоўваць навыкі работы з інструментам. Гэтае ўмоўнае абрушэнне было карысным не толькі тым, што мы паспрабавалі свае сілы, а і мелі рэдкую магчымасць паназіраць, як гэта робяць нашы калегі, – зазначае начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шустроў.

І сапраўды, нашы работнікі сумесна з усімі службамі пастаянна адпрацоўваюць дзеянні падчас магчымых няштатных сітуацый, а вось вызваляць людзей з-пад завалаў, няхай і ўмоўна, даводзіцца нячаста.

Яшчэ адным выпрабаваннем для ўдзельнікаў стала аказанне дапамогі пацярпеламу, які праваліўся ў шахтавы калодзеж. Ускладнілася ж сітуацыя тым, што доступ да яго быў перакрыты бетоннай плітой. Аднак выратавальнікі ўсіх раёнаў паспяхова справіліся з задачай і ўмоўны пацярпелы быў перададзены ў рукі медыцынскай службы.

– Калі хтосьці думае, што такія мерапрыемствы непатрэбныя – той адназначна памыляецца: веды і ўменні за плячыма, як кажуць, не насіць, а алгарытм дакладных дзеянняў, апрабаваны ў ходзе вучэнняў, дапаможа хутка аказаць дапамогу ў выніку рэальнага здарэння, – гаворыць начальнік Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Яўгенавіч Аваднёў.

Прадстаўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, якія і арганізавалі вучэнні, скрупулёзна ацэньвалі дзеянні выратавальнікаў. Трэба адзначыць, што ўшачане на ўсіх этапах паказалі сябе на дастойным узроўні і атрымалі высокую адзнаку. Таму можна з упэўненасцю казаць: пры рэальнай надзвычайнай сітуацыі ліквідаваць яе прыбудуць сапраўдныя прафесіяналы. Але лепш, каб адточваць зладжанасць іх дзеянняў даводзілася толькі падчас такіх вось заняткаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *