Работники организаций Ушаччины поборолись за звание лучших теннисистов

Cпорт

У мінулую суботу на раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе сярод працоўных калектываў маленькі Ілья Сляцкі і яго бабуля хварэлі адпаведна за бацьку і сына Сяргея па-рознаму – Валянціна Мікалаеўна стрымана, а вось хлопчык эмоцый не ўтойваў. Тым больш што для гэтага былі падставы – дружная каманда “Лясных азёр” выступала ўдала. Магчыма ў гэтым ёсць і заслуга групы падтрымкі, якая ў санаторыя, напэўна, была самай вялікай, а ўзначаліў яе дырэктар Віктар Мікалаевіч Грынкевіч. Але трэба ўсё ж прызнаць, што галоўным фактарам з’явілася падрыхтоўка каманды.

Уладзімір Сільванёнак з’яўляецца яе нязменным удзельнікам на працягу дзесяцігоддзяў, выступае ў многіх відах спорту. “У настольны тэніс гуляю даўно, – кажа мужчына. – У нас у санаторыі ўстаноўлены сталы і, калі даведаліся пра правядзенне спаборніцтваў, што ўдзельнічаць у іх будуць ад каманды два мужчыны і жанчына, мы пачалі падрыхтоўку. І Сяргей Сляцкі дабіўся значнага прагрэсу! Адзначу, што ён для нашага калектыву – сапраўдная знаходка. Сяргей Іванавіч з’яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця і на раённых спаборніцтвах закрывае многія віды, паспяхова ўдзельнічае як у гіравым спорце, так вось і ў тэнісе. Ну а за жаночы складнік мы не турбаваліся”.

Яно так, бо Ільхама Гасанава пачынала турнір у рангу адной з фаварытак, які і пацвердзіла. Вось толькі і ёй аднойчы давялося зведаць горыч паражэння – у паядынку з прадстаўніцай Ушацкай школы Людмілай Бабаедавай.

– Са спортам сябрую са школьнай парты, – расказвае жанчына. – Вялікую ролю ў гэтым адыграў мой настаўнік фізкультуры Уладзімір Бабянок. Удзельнічала ў розных спаборніцтвах, турзлётах, калі працавала ў Плінскай школе, працягваю і зараз. Рада, што не падвяла каманду!

Акрамя Л.Бабаедавай за Ушацкую школу выступалі дырэктар Віталь Клімашэўскі і настаўнік фізкультуры Валерый Гугін. Яны не ўтойвалі, што рыхтаваліся, наведвалі вечарамі фізкуль­турна-аздараўленчы комплекс. І ў суботу “Юнацтва-Ушачы” быў сведкам іх трыумфу, бо менавіта каманда Ушацкай школы апярэдзіла “Лясныя азёры” і стала пераможцам спаборніцтваў.

Для аднадзённага турніру праводзіліся яны па аптымальнай схеме: дзесяць каманд пасля жараб’ёўкі былі падзелены на дзве падгрупы па пяць, згулялі кожная з кожнай, і ў фінальны этап выйшлі па дзве лепшыя. Імі, акрамя прыгаданых “Лясных азёр” і Ушацкай школы, сталі аддзел па адукацыі, а таксама аб’яднаная каманда рэдакцыі “Патрыёта” і Ушацкага аддзела Следчага камітэта, які прадстаўляў Аляксандр Мамон. І ўнёс вялікі ўклад у агульны поспех – заваяванне трэцяга месца.

“Крыўдна апынуцца чацвёртым, не прайграўшы ніводнага паядынку!” – канстатаваў лідар каманды аддзела па адукацыі Сяргей Давыдаў. Ён разам з Л.Бабаедавай і У.Сільванёнкам стаў адным з трох удзельнікаў турніру, якія не пацярпелі паражэнняў. Сяргей Леанідавіч не так даўно выйграваў раённыя спаборніцтвы майстроў малой ракеткі ў індывідуальным заліку, але ў гэтым і спецыфіка камандных спаборніцтваў – мала быць на галаву мацней астатніх, трэба, каб роўна выступілі і іншыя члены калектыву.

– Многа добрых ігракоў! – дзяліўся ўражаннямі прадстаўнік каманды УП ЖКГ Вадзім Ляоненка. – Мне ёсць з чым параўноўваць, за прадпрыемства гуляю і на галіновых абласных спаборніцтвах. Дык вось адзначу, што ўзровень нашых раённых вышэй. Звычайна ў напарніках у мяне Іван Петухоў, але на цэнтральнай кацельні сёння ўзніклі няспраўнасці, ёй задзейнічаны на іх ліквідацыі, таму прыйсці не змог – гуляць будуць Уладзімір Лесін і Наталля Маслюк.

Так, не ўсім камандам удалося выставіць аптымальны склад. “У апошні момант не змаглі знайсці іграка на жаночую пазіцыю! – расказвае намеснік дырэктара ПМК-66 Дзяніс Іваненка. – Прадстаўляем нашу арганізацыю з Аляксеем Беглікам удваіх. Зразумела, разлічваць на поспех нам складана, таму проста будзем атрымліваць асалоду ад гульні з моцнымі сапернікамі”.

І гэта, напэўна, галоўны прынцып. Нягледзячы на тое, што ў прызёры трапіць не ўдалося, не выглядалі надта засмучанымі і ўдзельнікі іншых каманд – РАУС, Арэхаўскай школы, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ТЦСАН, раёна газазабеспячэння. Апошняя выдзялялася вельмі маладым саставам. “У настольны тэніс мяне навучыў гуляць дзядуля, Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, – расказвае работніца арганізацыі Валерыя Карэйша. – Мы з сястрой маленькімі забягалі вечарамі да яго на работу ўрайгаз, дзе былі сталы”.

Дзядуля, дарэчы, прыйшоў падтрымаць унучку – ён з’яўляецца вядомым прыхільнікам настольнага тэнісу і нягледзячы на паважаны ўзрост зусім нядаўна яшчэ браў у рукі ракетку. І на поўным сур’ёзе ўспрыняў прапанову старшыні райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, які назіраў за спаборніцтвамі, аб тым, каб на наступныя выставіць каманду ветэранаў: “А што! Гэта ідэя – у мяне і людзі на прыкмеце ёсць…” Актыўнасці ветэранаў можна толькі пазайздросціць, а яшчэ паставіць у прыклад тым арганізацыям, што не змаглі сабраць каманды, хаця дапускалася аб’яднанне калектываў.

Пераможца і прызёры атрымалі прызы і дыпломы ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Яго старшыня Андрэй Уладзіміравіч Жыткоў зазначыў, што ў наступным годзе маецца намер правесці чэмпіянат раёна па настольным тэнісе не ў адзін дзень, а накшталт міні-футбольнага – па вечарах, каб кожная каманда згуляла з кожнай. Гэта павялічыць колькасць напружаных сустрэч, павысіць цікавасць да спаборніцтваў і паспрыяе папулярызацыі настольнага тэнісу. А для заняткаў ім ёсць усе умовы – было б жаданне.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *