Свежие булочки к ужину! Кондитерский цех Ушачского райпо теперь поставляет выпечку в магазины райцентра и к часу пик

Торговля

Каб ушачане маглі з раніцы купіць свежую выпечку – булачкі, пірожныя, пячэнне – кожную ноч шчыравалі работнікі кандытарскага цэха райспажыўтаварыства. Цяпер жа яго рэжым работы змяніўся і стаў дзённым, але ад гэтага, трэба сказаць, спажыўцы будуць толькі ў выйгрышы.

У кандытарскім цэху стаіць прыемны салодкі водар. Брыгадзір-кандытар Алена Мацвеева (на здымку) дастае з печы бляху з румянымі булачкамі і правярае іх гатоўнасць. Побач астываюць заварныя пірожныя і грыбочкі.

– Цяпер цэх пачынае сваю работу раніцай, а першыя партыі прадукцыі як і раней паступаюць у нашы кропкі грамадскага харчавання і магазіны. А асартымент “Кулінарыі” папаўняецца свежай выпечкай на працягу дня. Новаўвядзеннем з’яўляецца і тое, што якраз да канца рабочага дня, калі ідзе асноўны паток пакупнікоў, у “Родны кут”, “Цэнтральны”, “На Віцебскай” паступае выпечка, як кажуць, толькі з пылу з жару, – расказвае начальнік аддзела грамадскага харчавання Т.А.Глінская.

Нельга не адзначыць, што аб’ёмы прадукцыі кандытарскага цэха ў параўнанні з мінулым годам значна павялічыліся. Толькі ў снежні выпушчана больш тоны розных прысмакаў, не ўлічваючы яшчэ амаль столькі ж тартоў, выпечаных за тры пераднавагоднія дні. Зрэшты, ласункі паступаюць не толькі ва ўшацкія магазіны, даўно ацанілі нашу прадукцыю жыхары Полацкага і Глыбоцкага раёнаў, а з нядаўняга часу райспажыўтаварыства абслугоўвае яшчэ і частку Міёршчыны. “Асабліва спадабаліся пакупнікам гэтага рэгіёну нашы “Сладости воздушные”, якія там разыходзяцца “на ўра”. А вось палачане хутка раскупліваюць пясочнае пячэнне розных відаў”, – расказваюць кандытары. Працаваць ва ўзмоцненым рэжыме ім прыходзіцца не толькі з-за аб’ёмаў, а і па прычыне недахопу спецыялістаў. Тым не менш, паспяваюць і штосьці новае прыдумваць, і ўдзельнічаць у конкурсах. Так, у канцы снежня Алена Мацвеева абараняла гонар Ушаччыны на “Кулінарным Савеце” ў Лепелі, дзе сабраліся лепшыя кандытары райспажыўтаварыстваў вобласці. Мусавы торт “Навагодняя ноч” з люстэркавай глазурай нікога не пакінуў раўнадушным і Ушачам было прысуджана першае месца. “Шчыра кажучы, над рэцэптам чаравала доўга, у аснове торта журавінна-парэчкавы мус, прыйшлося паваражыць і над нетрадыцыйнай глазурай. Цяпер уся вобласць просіць у нас тэхналагічныя карты, але мы сакрэтаў не выдаём, – смяецца Алена. – Крыху пазней, мяркую, гэты выраб з’явіцца ў нас у продажы”.
Ну а зараз кандытары думаюць, чым здзівіць пакупнікоў да хуткага свята ўсіх закаханых.

Вольга  КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *