После реконструкции ферма «Ходаково» перепрофилируется в помещения для содержания свиней ЗАО «Витебскагропродукт»

Сельское хозяйство

Зыходзіць зіма, і ўсё бліжэй сезон вялікай будоўлі, які традыцыйна прыходзіцца на цёплыя месяцы. Але для Ушацкай ПМК-66 нават зіма была “гарачай”, бо брыгады прадпрыемства задзейнічаны на рамонтах і рэканструкцыі ясляў-сада №3, музея народнай славы і дзіцячай школы мастацтваў, будоўлі новага 40-кватэрнага жылога дома ў гарпасёлку і вытворчых памяшканняў на “Нафтане”. Да гэтых аб’ектаў з сярэдзіны лютага дадаўся і яшчэ адзін – цесляры прадпрыемства прымаюць удзел у рэканструкцыі былой малочнатаварнай фермы “Хадакова”.

Гэтая геаграфічная назва і захавалася толькі дзякуючы жывёлагадоўчаму аб’екту, бо аднайменнай вёскі ўжо даўно няма. Магло не стаць і самой фермы, пабудаванай у 1987 годзе – некалькі год таму вытворчасць тут спрабавалі аднавіць, але “Ушацкі райаграсэрвіс” так і не давёў справу да канца. Пасля яго банкруцтва МТФ “Хадакова” адышла ў раённую камунальную ўласнасць. А намаганні райвыканкама ўцягнуць пустуючы аб’ект у гаспадарчы абарот супалі з жаданнямі інвестара – ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якое вырашыла пашырыць вытворчасць, пераабсталяваўшы былыя кароўнікі пад памяшканні для ўтрымання свіней.

Калі на мінулым тыдні наведаў “Хадакова”, акрамя брыгады нашага ПМК-66 тут працаваў не адзін дзясятак людзей. Гэта толькі пацвярджае смелыя планы па ўводзе аб’екта ў эксплуатацыю ўжо ў жніўні бягучага года. Рамантуецца і ўцяпляецца дах, ідзе дэмантаж асобных сцен. Нашы ж будаўнікі збіраліся ставіць пару жалезабетонных паўрам, якія служаць каркасам і за сваю форму атрымалі назву “клюшкі”.

– Амаль тыдзень вялі падрыхтоўчыя работы, працавалі і ў суботу, – расказвае прараб ПМК-66 Аляксандр Скок. – Правялі планіроўку, забетанавалі стаканы – спецыяльныя гнёзды, у якія ўстаўляюцца паўрамы. Работы працаёмкія, але нябачныя, усё ў зямлі. Вось калі пачнём ставіць пары паўрам, тады вынікі нашай дзейнасці будуць “на паверхні”.

Рабочыя брыгады тым часам наладжвалі кандуктар – спецыяльнае прыстасаванне для злучэння дзвюх апор на вышыні. Іх будаўнікам трэба ўсталяваць не адзін дзясятак пар з тарцовых бакоў двух былых кароўнікаў, дзякуючы чаму гэтыя памяшканні значна павялічацца. Па словах дырэктара ПМК-66 Аляксандра Лукіча Фамёнка, рэканструкцыю заказчык па-максімуму стараецца выконваць уласнымі сіламі, але для мантажу “клюшачнікаў” неабходна спецыяльнае абсталяванне і вопыт. Наша арганізацыя мае і кран, і кандуктар, і кваліфікаваных работнікаў, якія не так даўно ўзвялі падобнае памяшканне для сухастойных кароў на МТФ “Завячэлле”. Немалаважным фактарам з’яўляецца і неблагая рэпутацыя ўшацкіх будаўнікоў, якія і выйгралі тэндар.

– Зараз працуем над павелічэннем двух памяшканняў, але ўжо ёсць дамоўленасць аб “нарошчванні” яшчэ двух, – агучвае планы А.Л.Фамёнак. – З матэрыяламі і авансамі праблем няма, заказчык сур’ёзны.

Гэта і сапраўды так, калі пазнаёміцца з дзейнасцю холдынга “Славянскі велес”, куды і ўваходзіць ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. У сваім складзе яно мае прадпрыемствы па вытворчасці свініны ў Талачынскім, Чашніцкім і Лепельскім раёнах, уласную станцыю племяннога асемянення і камбікормавы завод у Лепелі. Менавіта туды адпраўляе свае кармавыя дабаўкі філіял “Ушацкі”, размешчаны ў Старым Сяле, які за непрацяглы час стаў флагманам прамысловасці нашага раёна. Маецца ў складзе холдынга і кампанія “Вітконпрадукт” па вырошчванні і перапрацоўцы птушкі, якая ўваходзіць у топ-10 буйнейшых вытворцаў мяса бройлераў у Беларусі, і нават свінакомплекс у Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі, куды таксама пастаўляецца прадукцыя. А для яе рэалізацыі на Віцебшчыне, холдынг пастаянна пашырае сетку фірменных магазінаў, і зараз іх пад брэндам “Мясная лаўка” адкрыта звыш дзясятка, у тым ліку і ў нас ва Ушачах.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *