В хозяйствах Ушаччины прошёл техосмотр сельхозмашин. Кому хоть завтра в поле?

Сельское хозяйство

З 11 па 19 сакавіка ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна праходзіў тэхнічны агляд трактароў, прычэпаў і паўпрычэпаў, самаходных машын. Тэрміны яго правядзення кіраўнікі гаспадарак ведалі даўно – адпаведнае рашэнне райвыканкама было прынята яшчэ ў канцы мінулага года, таму час падрыхтавацца як след быў. Але забягаючы наперад, адзначу, што толькі асобныя гаспадаркі прыклалі неабходныя намаганні.

Да гэтай групы можна аднесці ААТ “Агра-Селішча”. 10 трактароў і два прычэпы змаглі выставіць да агляду мясцовыя механізатары і інжынерна-тэхнічная служба. Не прайшоў яго толькі “Беларус-320.4”. Неблагі паказчык і ў КУСГП “Вялікадолецкае” – прыгоднымі да эксплуатацыі прызнаны 16 трактароў і 3 прычэпы. Са станоўчага боку можна адзначыць падрыхтоўку да тэхагляду філіяла“Сарочына” Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў.

Амаль такую ж колькасць тэхнікі, як суседзі-вялікадальчане, выставілі і ў ААТ “Ільюшынскі”. У выніку неабходным патрабаванням адпавядалі 13 трактароў і 2 прычэпы. З улікам таго, што ў гаспадарцы на балансе стаіць адпаведна 31 трактар і 11 прычэпаў, працэнт гатоўнасці зусім невысокі. Ды і нават не гэта, а стан тэхнікі, якую не прадставілі, выклікае занепакоенасць – многія трактары аказаліся разукамплектаванымі і, улічваючы кошт неабходных запчастак і аб’ёмы работ, наўрад ці прымуць удзел у сёлетняй пасяўной.

Неблагім працэнтам гатоўнасці адзначалася ў мінулыя гады і ААТ “Дземенец”. Сёлета ж на тэхагляд было прадстаўлена 9 з 15 трактароў і 1 прычэп, прайшло яго 8 адзінак. Трэба адзначыць, што ў паловы “жалезных коней”, якія не былі выстаўлены, няма патрэбы ў вялікім рамонце, напрыклад, тры “Беларусы-82.1” для адпаведнасці да эксплуатацыі дастаткова проста падфарбаваць і вымыць.

Больш паловы трактароў стаялі на лінейцы гатоўнасці ў КУСГП “Кублічы” – 9 з 16. Адзнаку “тэхагляд пройдзены” атрымалі 6. Вялікая праблема ў тым, што не на ходзе энерганасычаныя МТЗ-3022, якія не падрыхтаваць, нават прыкладаючы “гераічныя” намаганні, бо 3 разукамплектаваныя поўнасцю. А на кабіне ў поле не выедзеш…

КУСГП “Глыбачаны” з 14 трактароў і 4 прычэпаў, якія знаходзяцца на балансе гаспадаркі, прадставіла адпаведна 6 трактароў і 1 прычэп, з іх агляд не прайшлі “Беларус-3022” і “Беларус-1221”, у якіх рухавікі не адпавядалі ўліковым даным. З той тэхнікі, што аказалася “за бортам”, – два энерганасычаныя МТЗ-3022 і два МТЗ-1221 – незаменныя на вясенне-палявых работах. Прычыны іх няспраўнасці розныя: непрацуючы рухавік, электраабсталяванне, гідраўліка, некаторая тэхніка разабраная.

“Антырэкорд” зарэгістраваны ў КУСГП “Арэхаўна”, дзе на тэхагляд прадставілі адзін “Беларус-82.1”, які з-за няспраўнасці светлавых прыбораў і нездавальняючага знешняга выгляду да эксплуатацыі не дапушчаны.

Агульнай бядой для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца нізкая гатоўнасць прычэпаў: у асобных гаспадарках засталіся лічаныя адзінкі, ды і тыя не адпавядаюць патрабаванням. У “Глыбачанах”, “Кублічах” і “Арэхаўне” на сённяшні дзень фактычна няма ніводнага прычэпа, які можна выпускаць на дарогу. Шмат праблем і з належным афармленнем неабходных дакументаў – зышлі тэрміны дагавораў, а лізінг застаўся нявыплачаным. Такая тэхніка маецца практычна ва ўсіх гаспадарках, у “Ільюшынскім”, напрыклад, некалькі трактароў не прайшлі тэхагляд менавіта па гэтай прычыне. Таксама можна адзначыць і факты перадачы сельгасмашын без належнага афармлення актаў, дагавораў. Так, кубліцкі “Амкадор-352”, знаходзіцца ў мехмайстэрні “Глыбачан”, дзе паступова разбіраецца на запчасткі, а яго глыбачанскі “сабрат” без дакументаў перададзены на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Між тым, у саміх “Кублічах” пагрузчык тэхагляд не прайшоў. Як адзначалася, у апошняй гаспадарцы няма прыгодных да эксплуатацыі прычэпаў, затое 2 ПС-45 знаходзяцца на філіяле “Маяк-Ушацкі”, яшчэ 2 – у “Дземенцы”. А ў “Арэхаўне”, напрыклад, да цяперашняга часу не зарэгістраваны ў інспекцыі тэхнагляду два энерганасычаныя МТЗ-3022, перададзеныя з “Ушацкага райаграсэрвіса” яшчэ ў 2017 годзе. Хоць і адзначылася са станоўчага боку “Агра-Селішча”, але неабходна канстатаваць, што і тут няма належнага парадку ў руху тэхнікі паміж прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у склад інтэграцыйнай структуры, – два трактары знаходзяцца ў “Маяку-Ушацкім” без афармлення якіх-небудзь дакументаў. І ўзнікае лагічнае пытанне – у выпадку праверак кампетэнтных органаў, як даказаць, што тэхніка знаходзіцца менавіта там? І не раённым службам, а, скажам, правяраючым з абласных і рэспубліканскіх структур, якія, безумоўна, не раз наведаюць раён падчас маніторынгаў хода вясенняй кампаніі.

І гэта далёка не ўсе прыклады безгаспадарчых адносін да дарагой тэхнікі, калі не праводзіцца тэхабслугоўванне рухавікоў і трансмісіі энерганасычаных трактароў. Тэарэтычна яны могуць выехаць у поле, але паломка з-за несвоечасовага рамонту балюча адаб’ецца на кішэні.

Усім кіраўнікам гаспадарак накіравана інфармацыя аб выяўленых недахопах, а эксплуатацыя трактароў і іншай тэхнікі, якая не прайшла тэхагляд, забаронена. Час на выпраўленне сітуацыі яшчэ ёсць.

І.ПУХАЛЬСКІ, галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *