Районный слёт-конкурс юных инспекторов дорожного движения прошёл на базе Ушачской школы

Профилактика и безопасность

Хто на зубок ведае Правілы дарожнага руху, упэўнена круціць педалі веласіпеда і хутка аказвае першую медыцынскую дапамогу? Канечне, юныя інспектары дарожнага руху. Даказаць гэта прадстаўнікі трох каманд устаноў адукацыі Ушаччыны змаглі на традыцыйным раённым злёце-конкурсе, які прайшоў у мінулую суботу на базе Ушацкай школы.
Выпрабаванні, падрыхтаваныя цэнтрам дзяцей і моладзі пры падтрымцы супрацоўнікаў аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі, традыцыйна няпростыя. Аднак яны аказаліся па плячы ўдзельнікам злёту.
Гледзячы на паласу перашкод для веласіпедыстаў, здаецца, што пераадолець яе без парушэнняў немагчыма. Умельцы ж знаходзяцца. Так, вучні Ушацкай школы Дар’я Дрозд і Акім Дзямешка (узроставая група 10-12 гадоў), Паліна Шакута і Міхаіл Васілеўскі (13-15) прайшлі шлях амаль без штрафных балаў.
У экзаменах на веданне Правілаў дарожнага руху лепшыя вынікі прадэманстравалі Марыя Харак з Ушацкай школы і Аляксандр Раманоўскі з Вялікадолецкай (малодшая ўзроставая група), Вікторыя Гулюта і Міхаіл Васілеўскі з Ушацкай (старэйшая). У медыцынскіх жа ведах апярэдзілі сапернікаў усё тая ж Марыя Харак (Ушачы) і Станіслаў Гатаўка (Арэхаўна), а таксама Вікторыя Гулюта (Ушачы) і Мікіта Кавалевіч (Арэхаўна).
Яркім этапам спаборніцтваў стала “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” – праз харэаграфію, вершы, песні каманды прапагандавалі захаванне ПДР, бяспеку паводзін на дарозе, дзейнасць сваіх атрадаў. Расказаць дарожную азбуку творча патрабаваў і конкурс насценгазет.
Прадстаўнікі ўсіх каманд выступілі дастойна. Але ж званне лепшай заваявала каманда юных інспектараў дарожнага руху з Ушацкай школы. Другое месца – у прадстаўнікоў з Арэхаўна, трэцяе – у вялікадальчан.

Падчас уручэння дыпломаў інспектар ДПС аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Д.Бабянок шчыра падзякаваў канкурсантам за відовішчнае і захапляльнае мерапрыемства, пажадаў і надалей прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху, быць станоўчым прыкладам для сваіх аднагодкаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *